Трагедыя «сукінага сына»
Роўна 45 гадоў таму ў ліпені 1979, у Нікарагуа перарвалася дынастыя дыктатараў з клану Самосы, прадстаўнікі якога кіравалі краінай 44 гады.
«Гэта сукін сын, але наш сукін сын». Гэтая знакамітая фраза амерыканскага прэзідэнта Франкліна тычылася Анастасіё Самоса Гарсія, дыктатара Нікарагуа. Нягледзячы на аўтарытарызм Самосы, ён, вядомы сваімі сімпатыямі да антыкамунізму, карыстаўся палітычнай падтрымкай ЗША.
Практычная рэалізацыя падобнай формулы дазволіла не толькі Анастасіё, але і яго дзецям заставацца пры ўладзе вельмі доўга. Аднак у 1979 м чарговы «сукін сын» (на гэты момант пост Нікарагуа займаў Анастасіё Самоса Дэбайле) перастаў быць для амерыканцаў «нашым».
Зрэшты, ён сам для гэтага нямала пастараўся. Як прэзідэнт Анастасіё Самоса Дэбайле (нар. 5 снежня 1925) кіраваў вельмі жорстка, працягваючы адначасова пашыраць матэрыяльны стан клана.
У нейкі момант гэта перайшло ўсе межы. Так, пасля разбуральнага землятрусу ў снежні 1972 года ён прызначыў сябе старшынёй нацыянальнага надзвычайнага камітэта, што дазваляла кантраляваць знешнюю дапамогу ахвярам трагедыі. Вынікам быў скандал. Прэса ўсяго свету пісала пра поўнае раскраданне Анастасіё і яго набліжанымі 190-мільённай міжнароднай дапамогі ахвярам землятрусу, а таксама пра шматлікія факты марадзёрства.
Стыль праўлення Самосы таксама паступова пачаў раздражняць куратараў рэжыму. Вашынгтон быў вымушаны асудзіць забойства гвардзейцамі галоўнага рэдактара апазіцыйнай ліберальнай газеты «La Prensa» Педра Хаакіна Чамора (яго жонка, Віялета Барыяс дэ Чамора, у далейшым стала прэзідэнтам) у ліпені 1978-га.
Сам дыктатар лічыў такую крытыку ўсяго толькі бзікам амерыканскага прэзідэнта Джымі Картэра, які ў той час упершыню абвясціў падтрымку правоў чалавека частка глабальнай стратэгіі Штатаў. А вось хутка стала ўсё сур'ёзна. Як рэакцыя на забойства журналіста ў краіне пачалося ўзброенае паўстанне.
Як звычайна ў такіх выпадках, Самоса звярнуўся да ЗША за дапамогай. Для лабіравання дапамогі ў Штаты быў накіраваны віцэ-прэзідэнт Нікарагуа Луіс Паласіяс. Выступаючы ў кангрэсе ЗША апошні вельмі эмацыйна звяртаўся да парламентарыяў: «Вы яшчэ праклянеце той дзень, калі вам не хапіла рашучасці спыніць экспансію савецкага імперыялізму на кантыненце», — казаў палітык. Але ў выніку нікога не пераканаў.
Наадварот. Пасля паказаных па асноўных тэлеканалах ЗША кадраў з забойствам салдатамі амерыканскага журналіста Біла Сцюарта замежная ваенная падтрымка ўрада Самосы скарацілася, а ў амерыканскім грамадстве выраслі сімпатыі да нікарагуанскай апазіцыі.
Дарэчы, з апазіцыяй Самоса не цырымоніўся. Калі з верасня 1978 года вайна з сандыністамі перайшла ў больш актыўную фазу, дыктатар патрабаваў абстрэльваць артылерыяй і бамбаваць авіяцыяй гарады і населеныя пункты, захопленыя сандыністамі. Лічыцца, што ад рук Нацыянальнай гвардыі і паліцыі загінула каля 30 тысяч мірных грамадзян (паводле іншых звестак — 50 тыс).
Расправы не дапамаглі. Ачаг паўстання пашыраўся. Яшчэ 29 чэрвеня 1979 года Самоса напісаў на ўсякі выпадак ліст аб адстаўцы з пасады прэзідэнта ў адрас Нацыянальнага Кангрэса. 16 ліпеня Самоса напісаў другі аналагічны ліст і прадставіў яго Кангрэсу. Увечары таго ж дня ён загадаў выкапаць з зямлі труны з целамі свайго бацькі і старэйшага брата, а таксама ўсіх памерлых членаў сям'і, якая кіравала Нікарагуа. Труны, а таксама мяшкі з наяўнымі грашыма і каштоўнасцямі (багацце дыктатара ацэньвалася ў 400 млн долараў) запоўнілі грузавы адсек асабістага «Боінга», які вылецеў з краіны ў дзве гадзіны ночы 17 ліпеня.
Перад гэтым дыктатар даручыў нейкаму палкоўніку выконваць свае абавязкі камандуючага Нацыянальнай гвардыяй, а кіраўніку парламента — абавязкі прэзідэнта краіны. Але тыя аказаліся не дурнямі. Праз два дні палкоўнік і часовы прэзідэнт збеглі ў Гватэмалу. Тут жа вайсковае камандаванне разбеглася, кінуўшы салдат. 19 ліпеня ў Манагуа ўступілі атрады партызан «Сандынісцкага фронту нацыянальнага вызвалення».
На гэтым «прыгоды» апошняга дыктатара з дынастыі Самоса не скончыліся. У эміграцыі ён прыняў запрашэнне шматгадовага дыктатара Парагвая Альфрэда Стрэснера. Тым часам на радзіме Самоса быў завочна прысуджаны да смяротнага пакарання. Для яго ліквідацыі сандыністы выдзелілі 60 тысяч долараў якія пайшлі на падрыхтоўку замаху.
17 верасня 1980 года браніраваны «Mercedes-Benz W116», у якім знаходзіўся былы дыктатар, пры праездзе ў цэнтры парагвайскай сталіцы спыніўся на чырвонае святло. Раптам яму заступіў дарогу грузавік, з якога баевікі далі па аўтамабілі дзве аўтаматныя чэргі. Затым з суседняга дома раздаліся два стрэлы з гранатамёта РПГ-7. Пасля гэтага цела экс-дыктатара зрашэцілі з аўтаматаў.
Так завяршылася гісторыя дынастыі нікарагуанскіх дыктатараў, што яшчэ раз пацвярджае ісціну: усе падобныя дынастыі рана ці позна канчаюцца.