Як ліквідавалі нікарагуанскі «Новы Час»

Па дзіўным збегу абставінаў, на мінулым тыдні ў Нікарагуа і ў Беларусі адначасова зніклі апошнія незалежныя друкаваныя выданні. У нас магчымасці друкавацца пазбавілі «Новы Час», а ў Нікарагуа — газету La Prensa.

imagen.jpeg

Такое супадзенне шмат у чым незвычайнае, паколькі наша і лацінаамерыканская журналістыка на першы погляд зусім не ідэнтычныя. Напрыклад, адной з хранічных пагроз для прэсы ў Лацінскай Амерыцы з'яўляюцца… землятрусы.
Тая ж (дарэчы, заснаваная ў 1926 годзе) La Prensa неаднаразова была ахвярай сейсмалагічных катастроф. У 1931 годзе з-за ваганняў зямной кары былі выведзеныя са строю ўсе паліграфічныя машыны, на якіх друкавалася газета. У выніку La Prensa не выходзіла больш за год. У 1972 годзе землятрус разбурыў будынак, дзе працавала рэдакцыя. Журналісты не пацярпелі, але з-за паломак абсталявання выхад нумароў змаглі наладзіць толькі праз два месяцы.
З іншага боку, у журналістаў Лацінскай Амерыкі і Беларусі ёсць і нешта агульнае. Напрыклад, перманентныя канфлікты ўлады і СМІ. Так, рэдактар La Prensa быў забіты ў часы дыктатуры Самосы. Пазней напрацягу амаль 40 гадоў газета была раздражняльнікам для адміністрацыі партыі Сандынісцкі Фронт Нацыянальнага Вызвалення (FSNO).
Неўзабаве пасля прыходу да ўлады ў 1979-м сандыністаў быў прыняты закон аб надзвычайным становішчы, які дазволіў паставіць усе сродкі масавай інфармацыі пад кантроль урада. Наступнымі ўказамі была ўсталяваная папярэдняя цэнзура артыкулаў, якія тычацца пытанняў нацыянальнай бяспекі.
Больш за ўсё прэтэнзій было да журналістаў La Prensa, якія пясочылі ўладу з ліберальных пазіцый. Хоць рэдактар выдання ў эпоху дыктатуры Самосы сімпатызаваў сандынісцкаму падполлю, крытыкі яму не даравалі. Рэдакцыю абвінавачвалі, што яна спачувае антыўрадаваму руху «контрас», і, такім чынам, з’яўляецца здраднікамі радзімы. Асноўным доказам для абвінавачвання быў грант ад амерыканскага Нацыянальнага фонду дэмакратыі, які фінансуецца Кангрэсам ЗША. У La Prensa, у сваю чаргу, сцвярджалі, што гэтае фінансаванне было адкрытым і не супярэчыць дзеючаму заканадаўству.
Але самыя вясёлыя часы для газеты наступілі 15 сакавіка 1982 года, калі ўрад абвясціў надзвычайнае становішча. Згодна з дакументам, супраць нелаяльнай прэсы можна было задзейнічаць ваенныя сілы. Неўзабаве салдаты сапраўды прыйшлі ў офіс La Prensa.
Паколькі гэта выглядала трошкі дзіка нават для Лацінскай Амерыкі, быў прыдуманы іншы спосаб ціску на незалежны друк. Каля будынку рэдакцыі ўвесь дзень блукалі людзі маргінальнага выгляду, якія спрабавалі справакаваць журналістаў на канфлікт. Пераслед прэсы спыніўся толькі пасля дагавора паміж сандыністамі і іх палітычнымі апанентамі напярэдадні выбараў 1990 года, якія, як вядома, прынеслі поспех ліберальнай апазіцыі.
Зрэшты, сандыністы не капітулявалі, і праз 16 гадоў вярнуліся да стырна ўлады пад кіраўніцтвам Даніэля Артэга. Адпаведна, La Prensa зноў стала выразнікам думкі праціўнікаў сандыністаў. Апошнія, пачынаючы з 2009-га, спрабуюць узяць пад кантроль палітычную сістэму і эканамічныя актывы. Вярхоўны суд Нікарагуа адмяніў канстытуцыйнае абмежаванне прэзідэнцтва адным пяцігадовым тэрмінам. За перыяд з 2007 года пры невысветленых абставінах былі забітыя каля дваццаці непрымірымых праціўнікаў СФНО з ліку былых «контрас».
Лагічна, што апазіцыйныя СМІ, уключаючы La Prensa, трапілі пад каток рэпрэсій. Прычым, душылі гэты сектар вельмі незвычайна. У 2018-м урад узяў пад кантроль пастаўкі ў друкарні, дзе друкуюцца газеты, паперы, фарбы і іншых расходных матэрыялаў. У выніку апазіцыйныя СМІ выдання Confidencial, 100% Noticias і El Nuevo Diario былі вымушаныя зачыніцца з-за немагчымасці друкавацца. La Prensa, якая мела запасы паперы, з 2019-га заставалася апошнім незалежным друкаваным органам у Нікарагуа.
Нефармальнае супрацьстаянне сандыністаў і La Prensa абвастрылася ўвесну гэтага года, калі ў краіне стартавала прэзідэнцкая кампанія. Такое ўражанне, што Даніэль Артэга, які прэтэндуе на чарговы тэрмін ва ўладзе, праводзіць выбары па беларускай метадычцы. На сёння арыштаваныя ўжо сямёра патэнцыйных кандыдатаў ад апазіцыі.
Апошні з іх аказаўся за кратамі пару тыдняў таму. Затым улады заняліся La Prensa. 12 жніўня быў прыпынены выпуск папяровага друкаванага выдання. Гэтае рашэнне ўрад матываваў «напружаннем» у краіне з газетнай паперай. Не паспелі журналісты аспрэчыць забарону, як 13 жніўня спецназ здзейсніў налёт на штаб-кватэру выдання. Паліцыя заявіла, што рэдакцыя датычная да мытнага махлярства і адмывання грошай. У рамках расследавання дырэктар выдання Хуан Хольман арыштаваны на 90 дзён.
Што далей? Як і «Новы Час», газета La Prensa не знікла, актывізаваўшы працу ў сацсетках і інтэрнэце. Аднак, магчыма, гэты этап у гісторыі газеты працягнецца нядоўга. Развязку выбараў у Нікарагуа, якія пройдуць 7 лістапада, практычна немагчыма прадказаць.