Рэдактара сайта «Виртуальный Брест» пакаралі «за распаўсюд экстрэмісцкага матэрыялу»

Два месяцы таму — 16 чэрвеня — у судзе Маскоўскага раёна Брэста ўжо разглядалася адміністрацыйная справа паводле заявы шостага ўпраўлення (па Брэсцкай вобласці) ГУБАЗіК МУС аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі сайта «Виртуальный Брест» экстрэмісцкім матэрыялам.

Андрэй Кухарчык

Андрэй Кухарчык

Падставай для судовага працэсу ў чэрвені была публікацыя пра гісторыю затрымання жыхара Баранавічаў Уладзіміра Гундара. У якасці ілюстрацыі да тэксту на сайце змясцілі фотаздымак Гундара ў вопратцы з элементамі арнаменту. Прадастаўнікі ГУБАЗіК палічылі, што гэты арнамент утрымлівае свастыку і прапанавалі суду прызнаць згаданую публікацыю “экстрэмісцкім матэрыялам”.

Тады суд задаволіў пазоў і прызнаў публікацыю экстрэмісцкай, але на гэтым прыгоды для рэдактара “Виртуального Бреста” Андрэя Кухарчыка не скончыліся. Праз некалькі тыдняў на яго склалі новы адміністрацыйны пратакол: гэтым разам паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ — за “распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, змешчанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Справа зноў тычылася публікацыі, у якой быў змешчаны фотаздымак Уладзіміра Гундара.

Пратакол некалькі разоў вярталі ў міліцыю на дапрацоўку, пакуль 19 жніўня суд Маскоўскага раёна Брэста не прызнаў Андрэя Кухарчыка вінаватым.

Суд пакараў рэдактара “Виртуального Бреста” штрафам памерам 10 базавых велічынь (290 рублёў) і пастанавіў канфіскаваць у яго камп’ютарнае абсталяванне, на якім ён, паводле абвінавачання, здейсніў правапарушэнне, распаўсюдзіўшы фотаздымак. Але, як адзначыў Андрэй Кухарчык, гэтую тэхніку ў яго забралі яшчэ ў ліпені падчас ператрусу і пакуль нічога не вярнулі.  

 Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"