«БелаПАН» працягне працу з-за мяжы

Інфармацыйная кампанія «БелаПАН» пасля ператрусаў у супрацоўнікаў і затрымання часткі з іх выступіла з заявай.

Ірына Леўшына

Ірына Леўшына

18 жніўня ў офісе і ў пяцярых супрацоўнікаў інфармацыйнай кампаніі «БелаПАН» — карэспандэнтаў Ірыны Турчыной і Захара Шчарбакова, намесніка галоўнага рэдактара Аляксандра Зайцава, галоўнай рэдактаркі — дырэктаркі кампаніі Ірыны Леўшынай і бухгалтаркі Кацярыны Боевай — прайшлі вобшукі. Ірына Леўшына і Кацярына Боева, а таксама былы дырэктар «БелаПАН» Дзмітрый Наважылаў затрыманыя і знаходзяцца ў ІЧУ ГУУС Мінгарвыканкама.
Сайты «БелаПАН» — belapan.by і belapan.com — недаступныя. Верагодна, гэта звязана з выманнем сервера «БелаПАН» у офісе «Белтэлекама».
Наколькі вядома на цяперашні момант, вобшукі праходзілі ў межах расследавання крымінальных спраў аб масавых беспарадках (арт. 293 Крымінальнага кодэкса) і аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). 
«БелаПАН» расцэньвае гэтыя падзеі як працяг палітыкі задушэння свабоды слова ў Беларусі і патрабуе неадкладнага вызвалення затрыманых калег, а таксама ўсіх зняволеных журналістаў.
Праца кампаніі ў Мінску паралізаваная, аднак частка рэдакцыі знаходзіцца ў бяспецы па-за межамі Беларусі і працягне забяспечваць падпісчыкаў і чытачоў аператыўнай і дакладнай інфармацыяй, як гэта было на працягу амаль 30 гадоў з дня стварэння «БелаПАН».