Класкоўскі: Я не хачу гаварыць пра «БелаПАН» у мінулым часе
Чаму «БелаПАН» стаў чарговай мішэнню ў кампаніі знішчэння грамадзянскай супольнасці? Ці магчыма стварыць беларускае інфармацыйнае агенцтва за мяжой? Як можа змяніцца палітычная сітуацыя ў Беларусі? На гэтыя пытанні Юрыя Дракахруста на канале «Свабода Premium» адказвае палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі.
Лукашэнка адкрытым тэкстам сказаў падчас «Вялікай размовы» 9 жніўня, што «"дэструктыўныя медыя" зачышчалі і зачышчаць будзем». Гэтак сілавікі і дзейнічаюць.
Улады знішчаюць незалежныя медыя.
Я не хачу гаварыць пра «БелаПАН» у мінулым часе.
Досвед Tut.by і «Нашай Нівы» паказвае, што там частцы калектываў удалося на іншай платформе, збольшага з-за мяжы, аднавіць працу. І голас «БелаПАНа» заглушыць не атрымаецца.
«БелаПАН» быў створаны Алесем Ліпаем у 1991 годзе, калі развальваўся СССР. У іншыя часы мо і не ўдалося б зарэгістраваць.
Тады быў час палымянай публіцыстыкі, але Ліпай стварыў інфармагенцтва паводле строгіх канонаў: ніякіх эмоцый, сухая, аб’ектыўная, правераная інфармацыя.
На наш кантэнт падпісваліся, у «БелаПАНе» з першых крокаў была манетызацыя. Дзяржава нам грошай не давала, наадварот, «БелаПАН» плаціў падаткі.
Наш прадукт куплялі і іншыя медыя, і амбасады. Ва ўладзе былі людзі, зацікаўленыя ў нашай інфармацыі.
Але пасля жніўня 2020 года там, відаць, вырашылі, што дэструктыўная роля незалежных медыя больш істотная, чым зваротная сувязь. «БелаПАН» сілавікі чапалі неаднойчы ў мінулым, яшчэ калі быў жывы Ліпай.
Была крымінальная справа супраць яго, была «справа БелТА», у якой фігуравалі і цяперашняя кіраўніца кампаніі Ірына Леўшына, і іншыя супрацоўнікі.
Сёлета ў студзені ў «БелаПАНе» быў ператрус у справе вядомага медыяменеджара Андрэя Аляксандрава.
Калі пачаўся татальны пагром — Tut.by, «Нашай нівы», «Радыё Свабода», можна было зразумець, што справа часу, калі прыйдуць граміць «БелаПАН», каб не даць працаваць нармальна ў Беларусі.
Лукашэнка ж не сказаў, што мы папалохаем медыя, ён сказаў: «Зачысцім».
Інфармацыйныя агенцтвы, кампаніі маюць сваю спецыфіку.
Перашкаджалі працы «БелаПАН» і раней. З агенцтвам спынялі сувязі дзяржаўныя структуры.
Мы бачылі, што на апошняй «Вялікай размовы» былі толькі карэспандэнты дзяржаўных медыя і некалькі журналістаў замежных СМІ, якія прыехалі з-за мяжы. З кастрычніка 2020 года ў Беларусі не засталося акрэдытаваных замежных журналістаў.
Што было раней
Раніцай 18 жніўня сілавікі прыйшлі з пастановамі на ператрус да шэрагу журналістаў інфармацыйнага агенцтва.Пра правядзенне ператрусу паспелі паведаміць журналістка Ірына Турчына, рэдактар інтэрнэт-газэты «БелаПАН» Naviny.by Аляксандар Зайцаў і бухгалтарка кампаніі Кацярына Боева.
Прайшоў ператрус і ў дырэктаркі і галоўнай рэдактаркі «БелаПАН» Ірыны Леўшынай.
Пасля ператрусу ў кватэры Ірыну Леўшыну павезлі на ператрус у рэдакцыю «БелаПАН», паведаміла БАЖ.
Журналіста «БелаПАН» Захара Шчарбакова пасля ператрусу дома павезлі на допыт.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі БАЖ, ператрус прайшоў і ў былога дырэктара «БелаПАН» Дзмітрыя Наважылава, потым яго адвезлі на допыт. Пасля допыту яго адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання.Наважылаў быў выканаўцам абавязкаў дырэктара «БелаПАН» пасля смерці заснавальніка агенцтва Алеся Ліпая ў жніўні 2018 году. У студзені 2021-га Наважылаў звольніўся на ўласнае жаданне.
Намеснік галоўнага рэдактара «БелаПАН» Аляксандр Зайцаў расказаў, што ператрус праводзіўся прыкладна на працягу гадзіны ў межах справы аб «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК).
Ірыну Турчыну адпусцілі пасля допыту, у яе забралі тэлефон, паведаміла БАЖ.
Пасля ператрусу Турчыну павезлі ў мінскае ўпраўленне Следчага камітэта, дзе яна адмовілася ад дачы паказанняў. З яе ўзялі падпіску пра неразгалошванне і адпусцілі. Турчына знаходзіцца ў статусе сведкі ў крымінальнай справе, паведамілі «Naviny Online».
Сайт «БелаПАН» перастаў адкрывацца па абодвух сваіх адрасах belapan.by і belapan.com як у Беларусі, так і за мяжой. Паводле тэхнічнай інфармацыі, доступ да яго адключылі, а не абмежавалі на тэрыторыі Беларусі — браўзеры выдаюць паведамленне, што не знойдзены IP-адрас. Падобнае было ў свой час з парталам Tut.by.