Намеснік галоўрэда «БелаПАН» на волі, журналіста павезлі на допыт

У намесніка галоўнага рэдактара інфармацыйнай кампаніі «БелаПАН» і рэдактара інтэрнэт-газеты «БелаПАН» Naviny.by Аляксандра Зайцава падчас ператрусу ў яго кватэры раніцай 18 жніўня канфіскаваная тэхніка, сам ён на волі.

Фота са старонкі Аляксандра Зайцава ў сацсетцы

Фота са старонкі Аляксандра Зайцава ў сацсетцы


Паводле слоў журналіста, ператрус праводзіўся прыкладна на працягу гадзіны ў рамках справы аб арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). Усяго было сямёра чалавек: двое супрацоўнікаў АБЭЗ, іх куратар (магчыма, з іншага ведамства), двое спецназаўцаў у поўнай экіпіроўцы і двое панятых, пішуць Naviny.by.

Забралі мабільны тэлефон, жорсткі дыск кампутара, стары планшэт, а таксама рэдакцыйнае пасведчанне і некалькі візітовак. Справу вядзе Следчы камітэт.

Аляксандр Зайцаў не затрыманы, але падпісаў абавязальніцтва аб яўцы. Яго працэсуальны статус яму не растлумачылі.

Пасля ператрусу ў кватэры журналіста агенцтва Захара Шчарбакова яго павезлі на допыт. Пра гэта паведаміла яго жонка Алена. «У нас скончыўся ператрус. Майго мужа, журналіста "БелаПАН" Захара Шчарбакова, павезлі на допыт» — паведаміла Алена.

У супрацоўнікаў інфармацыйнай кампаніі «БелаПАН» з раніцы 18 жніўня ідуць ператрусы. Пра правядзенне ператрусу паспелі паведаміць журналістка Ірына Турчына, рэдактар інтэрнэт-газеты «БелаПАН» Naviny.by Аляксандр Зайцаў і бухгалтарка кампаніі Кацярына Боева. Паводле звестак «БелаПАН», ператрус праводзіцца і ў дырэктаркі — галоўнай рэдактаркі «БелаПАН» Ірыны Леўшынай.