Усе апытаныя за Харыс. Беларусы распавялі, што думаюць пра выбары ў ЗША

Сёлета ў лістападзе ў ЗША адбудуцца прэзідэнцкія выбары. Пакуль да канца незразумела, ні хто пераможа ў іх, ні нават хто будзе ў іх удзельнічаць: у пачатку гэтага тыдня дзейны прэзідэнт ЗША Джо Байдэн зняў сваю кандыдатуру з перадвыбарнай гонкі. CityDog.io даведаўся ў беларусаў, ці сочаць яны за гэтымі падзеямі і што думаюць пра іх.

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак

Воля (37): «Ты сапраўды не ведаеш, хто пераможа, да апошняга»

– Я цяпер знаходжуся ў працэсе атрымання грамадзянства ЗША. Вельмі спадзяюся, што паспею атрымаць яго да лістапада і паўдзельнічаць у выбарах.

Па-першае, мне вельмі цікава назіраць за перадвыбарчай кампаніяй кандыдатаў і глядзець, як праходзяць выбары у дэмакратычнай краіне без фальсіфікацый. Ты сапраўды не ведаеш, хто пераможа, да апошняга. Адчуваеш, што твой голас мае значэнне.

Да моманту, калі Байдэн зняў сваю кандыдатуру з выбараў, я бачыла ў амерыканскім грамадстве, у тым ліку сярод амерыканскіх беларусаў, роспач. Пра гэтыя выбары казалі «выбары без выбару». З аднаго боку Трамп з крымінальнымі артыкуламі і са спрэчнымі каштоўнасцямі, якія больш пасуюць аўтакратам. З іншага – Байдэн: чалавек у сталым узросце, здольнасць якога кіраваць краінай пад вялікім пытаннем.

Але таксама я бачу вялікую палярызацыю грамадства ў ЗША. Шмат людзей галасуюць не столькі за кандыдатаў, колькі менавіта за партыі і іх каштоўнасці. Напрыклад, шмат хто з рэспубліканцаў насамрэч не паважае Трампа і лічыць яго, мякка кажучы, неразумным чалавекам. Яго шмат крытыкавалі. Той жа Вэнс, якога Трамп абраў сваім віцэ-прэзідэнтам, называў Трампа Гітлерам. Трамп таксама абражаў шмат каго з рэспубліканцаў. Але тым не менш усе яны цяпер падтрымліваюць Трампа і будуць галасаваць за яго.

Падобнае адбывалася і ў дэмакратычнай партыі. Можна было нярэдка пачуць: «Я лепш прагаласую за труп Байдэна, чым за Трампа». Але тым не менш шмат хто з дэмакратаў усё ж такі ўключыў розум і пачаў патрабаваць ад Байдэна зняць сваю кандыдатуру. Апошнія тыдні можна было пабачыць выказванні знакамітасцей, якія прасілі Байдэна сысці. Што Байдэн і зрабіў. І застанецца ў гісторыі як сумленны чалавек, а не аўтакрат, які трымаецца за ўладу сінімі пальцамі.

Я асабіста падтрымліваю кандыдатуру Камалы Харыс (віцэ-прэзідэнтка ЗША). Лічу, што даўно пара, каб прэзідэнткай нарэшце стала жанчына. Апошнія некалькі гадоў кансерватыўныя палітыкі адбіралі правы ў жанчын. Узяць хаця б адмену права на аборты. Камала Харыс, на мой погляд, – прыклад разумнай і моцнай жанчыны, дасведчанай у палітыцы. Яна здолее кіраваць такой краінай, як ЗША.

Мой муж-амерыканец часта кажа: «Расія ператварылася ў фашысцкую краіну, і гэта, канешне, небяспечна. Але ж уся ваенная моц Расіі – міф. А вось у ЗША ваенны патэнцыял не міф. І ЗША – апошняя краіна, якую б свет хацеў пабачыць аўтакратычнай і фашысцкай».

Цяпер амерыканская дэмакратыя ў небяспецы. Але я асабіста веру, што крызіс пройдзе і стагоддзямі выбудаваная сістэма права зможа пераадолець жаданне некаторых палітыкаў пабудаваць аўтакратыю.

І, канешне, тое, што адбываецца ў ЗША, уплывае на астатні свет, у тым ліку на Беларусь. Палярызацыя сярод амерыканскіх партый прыводзіць да такіх сітуацый, калі дакумент, у якім стаіць шмат подпісаў дэмакратаў, ніколі не падпішуць рэспубліканцы. І наадварот.

Беларускія актывісты ў ЗША сутыкнуліся з гэтай сітуацыяй, калі спрабавалі сабраць подпісы сярод кангрэсменаў і сенатараў у падтрымку Часова ахоўнага статуса для беларусаў у ЗША. Рэспубліканскія палітыкі не спяшаліся яго падтрымліваць.

Тым не менш папярэдні Беларускі дэмакратычны акт, які асуджаў фальсіфікацыю выбараў і дзеянні сённяшняга беларускага рэжыму, быў падтрыманы як дэмакратамі, так і рэспубліканцамі і самім Трампам падчас яго прэзідэнцтва ў 2020-м.

Нядаўна з’явіўся новы праект, які падтрымлівае беларусаў у іх барацьбе з рэжымам, ініцыятарам якога з’яўляецца Крыс Сміт (рэспубліканец) і ў працоўнай групе па якім ёсць як дэмакраты так і рэспубліканцы. Але ж існуюць асцярогі, ці пройдзе гэты біл праз галасаванне ў Кангрэсе і Сенаце і ці падтрымае яго новы прэзідэнт.

Таксама чула меркаванні, што Трамп такі непрадказальны, што невядома, што ён можа зрабіць падчас свайго прэзідэнцтва. Але я асабіста не столькі перасцерагаюся рухаў самога Трампа, колькі тых чыноўнікаў і суддзяў, якіх ён прывядзе ва ўрад і паставіць на значныя пазіцыі. Такі прэцэдэнт ужо быў, калі Трамп назначыў некалькі кансерватыўных суддзяў у Вярхоўны суд ЗША і яны прымалі законы, выгадныя для рэспубліканцаў, такія як адмена права на аборты, забарона судзіць Трампа падчас выбарчай кампаніі і іншыя.

У любым выпадку які вынік гэтых выбараў ні будзе, гэта будзе выбар амерыканскіх грамадзян. І беларусы ЗША павінны працягваць працу на адвакацыю беларускага пытання перад урадам ЗША. Тут нават можна свабодна прыйсці ў кабінеты да амерыканскіх палітыкаў, дзе вас выслухаюць. Гэта неверагоднае пачуццё, калі ты маеш права голасу, свабоду слова і магчымасць звяртацца да палітыкаў.

Глядзіце таксама

Ганна (40): "Калі выйграюць дэмакраты, то і ў Беларусі будуць больш распаўсюджаныя ліберальныя каштоўнасці"

— Я ўважліва сачу за маючымі адбыцца выбарамі ў ЗША. Яны заўсёды непрадказальныя, але я спадзяюся на перамогу кандыдата ад Дэмакратычнай партыі, асабліва Камалы Харыс. Мне нашмат бліжэй за каштоўнасць дэмакратаў, і я лічу, што іх палітыка лепш адпавядае маім перакананням.

На маю думку, вынікі выбараў у ЗША могуць значна паўплываць і на сітуацыю ў Беларусі. Пры дэмакратах больш шанцаў на паляпшэнне, бо яны прасоўваюць ліберальныя каштоўнасці. Думаю, чым больш краінаў свету прытрымліваюцца ліберальных каштоўнасцяў, тым большая верагоднасць, што гэтыя каштоўнасці пранікнуць і ў Беларусь.

Што да зняцця Байдэна з перадвыбарнай гонкі, мне здаецца, гэта да лепшага. Мяркуючы па рэзанансе ў прэсе пасля дэбатаў, у яго было занадта мала шанцаў на перамогу. Для мяне галоўнае, каб перамог дэмакратычны кандыдат незалежна ад таго, хто менавіта гэта будзе.

Палітыка рэспубліканцаў, паводле маіх назіранняў, накіравана выключна на ўзбагачэнне амерыканскіх карпарацый, і Беларусь не ўяўляе для іх цікавасці. Кансерватыўныя каштоўнасці, якія яны транслююць на ўвесь свет, толькі ўмацоўваюць кансерватыўную частку беларускага грамадства ў сваёй слушнасці. Я ж падтрымліваю ліберальныя каштоўнасці і спадзяюся на іх распаўсюджванне.

Глеб (22): "Думаю, вынікі выбараў у ЗША абсалютна ніяк не паўплываюць на сітуацыю ў Беларусі"

— Я лічу, што Камала Харыс будзе намінаваная ад Дэмакратычнай партыі і выйграе. Гэта будзе вельмі крута, бо яна стане першай жанчынай, якая ўзначаліць ЗША. Пасля падзеяў у Беларусі я яшчэ раз пераканаўся, што ў гэтым свеце ўсіх выратуюць менавіта жанчыны. Таму я быў бы шчаслівы, калі б Камала перамагла.

У Трампа, вядома, таксама застаецца шанец, але ўсё вырашыцца ў найбліжэйшыя два тыдні ў залежнасці ад таго, якая ў Камалы будзе праграма. Ад гэтага будзе залежаць, колькі людзей пяройдзе на яе бок.

Уяўляю, наколькі Байдэну было няпроста прымаць рашэнне аб сыходзе, але гэта было самае лепшае, што ён мог зрабіць для сваёй партыі і для краіны ў цэлым. Пасля дэбатаў стала зразумела, што Байдэн не здольны кіраваць такой вялікай краінай. Было відавочна, што ён прайграе Трампу на маючых адбыцца выбарах у лістападзе. Камала ж, наадварот, значна мацней і маладзей, у яе больш ліберальныя погляды.

Насамрэч Байдэн сваім рашэннем выратаваў краіну, таму што для мяне Трамп — гэта дыктатар, такі ж, як у Беларусі. Калі б Трамп прыйшоў да ўлады зноў, ён мог бы паспрабаваць учыніць ваенны пераварот, як гэта было падчас штурму Капітолія. Ён мог бы паспрабаваць перапісаць канстытуцыю і пазбавіць жанчын іх правоў, у тым ліку права на аборт. Сыход Байдэна з гонкі — гэта, на маю думку, найважнейшы момант у перадвыбарнай кампаніі гэтага года.

Праўда, на маю думку, вынікі выбараў у ЗША абсалютна ніяк не паўплываюць на сітуацыю ў Беларусі. Беларуская тэма зараз поўнасцю сышла з парадку дня ў Штатах, таму што ў іх хапае іншых праблем: унутры краіны, ва Украіне, на Блізкім Усходзе.

У дачыненні да Беларусі хацелася б бачыць больш санкцый і рэальнай дапамогі простым беларусам, а не проста слоў аб шкадаванні. Напрыклад, беларусам не сталі выдаваць візы больш, чым на год, у той час як расейцам іх выдаюць на 3-5 гадоў. У нас жудасныя дыпламатычныя адносіны са Штатамі.

Адзіны фактар, які можа адыграць некаторую ролю ў дачыненні да Беларусі, — гэта перамога Камалы Харыс. Магчыма, тады будзе больш жаночай салідарнасці. Хоць гэта ўсё роўна будзе хутчэй выраз спагады, чым рэальныя дзеянні.

Нікіта (27): «Я не лічу выбары ў ЗША змяняльнымі для свету»

– Я не лічу выбары ў ЗША змяняльнымі для свету, але яны вельмі важныя, бо гэта адзін з самых яскравых паказальнікаў дэмакратыі ў свеце. Я разумею, што, нават калі пераможа Трамп, палітыка ЗША адносна падтрымкі НАТА і дэмакратыі моцна не зменіцца.

Гледзячы на тое, як Трамп любіў сустракацца з дыктатарамі, спрабуючы перацягнуць іх на свой бок, пасля яго перамогі можна было б чакаць, што ён сустрэнецца з Лукашэнкам, каб адцягнуць яго ад Пуціна. А вось Камала, думаю, будзе падтрымліваць шлях санкцый, як і цяперашні прэзідэнт.

Калі казаць пра адмову Байдэна ад выбараў, то адразу ўспамінаецца прымаўка: «Коней на пераправе не мяняюць». Але калі ўсё ж мяняюць, то, значыць, ёсць сапраўдная патрэба. Амерыканская дэмакратыя заснавана на вялікай колькасці палітыкаў, а не на адным толькі прэзідэнце, таму ёсць упэўненасць у яе прынцыпах і пазіцыі.

Калі б у мяне была магчымасць прагаласаваць, я б аддаў свой голас толькі Харыс. Я не лічу добрым, што розныя мільярдэры, такія як Трамп, выкарыстоўваючы правы папулізм, лезуць ва ўладу. Шчыра кажучы, канешне, я б хацеў прагаласаваць, каб адчуць хоць першы раз, што твой голас уплывае на выбары.

Што тычыцца змяненняў адносін ЗША да Беларусі, то я б хацеў больш якасных санкцый: не агульных, якія ўплываюць толькі на бедных беларусаў, а не на чынуш у рэзідэнцыях. Я чакаю менавіта кропкавых, якія можна выкарыстоўваць як моцна ўплывальныя аргументы пры размовах з рэжымам.