Зніклая Статуя свабоды і 27 грузавікоў пылу ў паветры — жахі «Пылавага катла»

Гэты дзень — адзін з самых страшных у гісторыі амерыканскай сельскай гаспадаркі. 89 гадоў таму па краіне прайшоўся «Пылавы кацёл», які спляжыў усе намаганні фермераў цеплавой хваляй з тэмпературай у 43 °C. Праз тое, што пацярпелыя рэгіёны не паспявалі аднаўляцца ад серыі засух, пылавыя буры прымусілі перасяліцца ажно 3.5 мільёны мясцовых жыхароў.

vokladka_114.jpg

У 1930-х гадах, цягам усяго дзесяцігоддзя, засуха ахапіла практычна ўсе раўніны ЗША. Аб яе прамым уздзеянні часцей успамінаюць як аб сельскагаспадарчай бядзе — пасевы былі знішчаны праз недастатковую колькасць ападкаў, высокія тэмпературы і моцныя ветры, нашэсці насякомых і пылавыя буры.

Насамрэч катастрофа паўплывала на розныя сферы жыцця, у тым ліку на дзяржаўнае ўладкаванне. Яна стала падставай да закрыцця банкаў, страт бізнесу, росту беспрацоўя ды іншым фізічных і эмацыйных цяжкасцяў Вялікай дэпрэсіі. «Пылавы кацёл» аказаў моцны ўплыў на дзікую прыроду, жывёл і расліны, а таксама стварыў сур'ёзны недахоп вады для бытавых патрэб.

Надыходзячае пылавае воблака

Надыходзячае пылавае воблака


Чаму па-над Амерыкай навісла пылавае воблака

За дзесяцігоддзе да бяды, на фоне высечаных і выпаленых снарадамі Першай сусветнай вайны сельскагаспадарчых палей у Еўропе, амерыканскія фермеры ўбачылі перспектыўную залатую жыліну ў сваёй справе. Новыя гатункі культур і перадавыя тэхналогіі іх вырошчвання скарачалі час і выдаткі, а гаспадары запаўнялі свае свіраны новенькай, зусім нядаўна распрацаванай тэхнікай накшталт плугоў ды культыватараў. Багата з іх абыходзіліся ў «зорныя» сумы і набываліся ў крэдыт, што стварала вялікі стымул для пашырэння плантацый ды аб’ёмаў працы.

Фермерская гаспадарка ў штаце Аклахома, пачатак 1930-х

Фермерская гаспадарка ў штаце Аклахома, пачатак 1930-х

Маляўнічыя амерыканскія раўніны былі ахутаны зараснікамі ўкаранелых траў — сапраўднай абарончай капсулай ад пад’ёму зямлі і, адпаведна, утварэння пылавых ураганаў. Не маючы дастатковага ўяўлення аб яго важнасці, фермеры пачалі здзяйсняць глыбокае ўзворванне верхняга пласта глебы. Зноў жа, механізаванне сельскагаспадарчай тэхнікі, асабліва выкарыстанне бензінавых трактароў і камбайнаў прадастаўляла магчымасць пашыраць плошчу палей у дзясяткі разоў. Гаспадары ператваралі засушлівыя пашы ў апрацаваныя ворныя землі, ненаўмысна здзяйсняючы злачынства супраць экалогіі. 

Жорсткі адказ прыроды нагнаў іх у 1931 годзе. Адкрытая незамацаваная глеба ператварылася ў пыл, а моцныя вятры садзьмулі яго ў велізарнае воблака, якое цалкам закрыла небасхіл над Амерыкай. Гэтыя задушлівыя клубы бруду, званыя «чорнымі завеямі», дасягнулі Усходняга ўзбярэжжа і абрынуліся на такія гарады, як Нью-Ёрк і Вашынгтон. Але ж самыя жорсткія наступствы былі на раўнінах — там завеі зніжалі бачнасць да аднаго метра і менш. Кіраваць аўтамабілямі і, увогуле, існаваць у такіх умовах было наўпрост немагчыма.

 «Пылавы кацёл», Канзас

 «Пылавы кацёл», Канзас

Жудасныя падзеі атрымалі тэрмін «Пылавы кацёл». Ён быў прыдуманы ў 1935 годзе, калі рэпарцёр Associated Press Роберт Гейгер выкарыстаў яго для апісання пылавых бур у медыя, але пасля стаў сімвалічным адлюстраваннем цяжкасцей усёй краіны ў 1930-х гадах. 

Хаця засуху звычайна асацыююць з адным эпізодам, даследнікі вылучаюць чатыры асобныя этапы, кожны з якіх цягнуўся да двух гадоў. Пачынаючы з 9 траўня 1934 года, моцная двухдзённая пылавая бура садрала вялікую колькасць верхняга пласта глебы Вялікіх раўнін і данесла яго да Чыкага, адклаўшы на гарады 12 мільёнаў фунтаў пылу — па беларускіх мерках гэта каля 270 МАЗаў пяска.

З-за адсутнасці бачнасці і пластоў бруду такія вядомыя славутасці, як Статуя Свабоды, Empire State Building і Капітолій Злучаных Штатаў быццам перасталі існаваць. Пыл пракраўся нават у самыя герметычныя дамы, пакідаючы налёт на прадуктах харчавання, скуры і мэблі. Той зімой на Новую Англію выпаў чырвоны снег.

Утвораныя «Пылавым катлом» дзюны

Утвораныя «Пылавым катлом» дзюны

Адзін з найцяжэйшых перыядаў прыйшоўся на 1935 год. Хмары пылу ўплывалі на анамальнае павелічэнне тэмпературы, якое ў калабарацыі з брудным паветрам стварала абсалютна невыносныя ўмовы для жыцця, не кажучы пра працу і бізнес. Роўна 89 гадоў таму, 24 ліпеня 1935 года, цеплавая хваля Пылавага катла дасягнула свайго піка, падняўшы тэмпературу да 43 °C у Чыкага і 40 °C у Мілуокі.

Наступствы засухі на раўнінах выклікалі эканамічныя і сацыяльныя хваляванні па ўсёй краіне. Многія сем'і былі вымушаны пакінуць свае фермы і адправіцца ў іншыя раёны ў пошуках працы. Катастрафічныя страты верхняга пласта глебы прывялі да паўсюднага голаду, галечы і жорсткіх пылавых ураганаў, якія пазбавілі прытулку ажно 500 тысяч амерыканцаў. Мільёны людзей мігравалі з засушлівых раёнаў, часта накіроўваючыся на захад у пошуках працы.

Кінутая тэхніка на былых апрацаваных палях у Даласе, травень 1936 года

Кінутая тэхніка на былых апрацаваных палях у Даласе, травень 1936 года

Многія акалічнасці пагоршылі наступствы засухі, у тым ліку Вялікая дэпрэсія, дрэнныя метады кіравання зямельнымі рэсурсамі і празмернае эканамічнае развіццё перад засухай. Каб справіцца з бядой і аднавіць годны ўзровень жыцця пасля яе, людзі спадзяваліся толькі на сваю стойкасць і праграмы дапамогі ад ураду. Па адной з адзнак ад 1980 года сцвярджаецца, што фінансавая дапамога магла дасягаць 1 мільярда даляраў.

Для стабілізацыі коштаў урад аплаціў мяса і паслугі фермерам, загадаўшы забіць больш за шэсць мільёнаў свіней у рамках Закона аб рэгуляванні сельскай гаспадаркі. Ежа пакавалася і раздавалася бедным і галодным уцекачам. Каб стварыць ахоўныя палосы для памяншэння эрозіі глебы, Лясная служба ЗША высаджвала вялікую колькасць дрэў на прыватных землях.

Прэзідэнт Рузвельт наведвае пацярпелых фермераў у Паўночнай Дакоце, 1936 год

Прэзідэнт Рузвельт наведвае пацярпелых фермераў у Паўночнай Дакоце, 1936 год

На шчасце, урокі, зробленыя з гэтай засухі, былі выкарыстаны для зніжэння ўразлівасці рэгіёнаў да будучых засух. Праблемы заставаліся, але новыя праграмы і мерапрыемствы адыгралі фундаментальную ролю ў зніжэнні ўразлівасці краіны да засухі 1950-х гадоў.