Дасье ў карыкатурах. Самыя вядомыя сямейныя дыктатуры

Рауль Кастра абвясціў аб сыходзе з пасады кіраўніка Кампартыі Кубы. У тым ліку гэтая адстаўка зафіксавала канчатак 62-гадовага праўлення сям'і Кастра ў краіне. З дапамогай графікі можна ўспомніць іншыя дыктатуры, дзе ўлада перадавалася сваякам.

zastavka_42.jpg

Спачатку трохі паліталогіі. Сямейная дыктатура, або спадчынная дыктатура, у тэрмінах паліталогіі — персанальны рэжым пры намінальным рэспубліканскім дзяржаўным ладзе. Але на практыцы той рэжым дзейнічае як абсалютная манархія, калі палітычная ўлада праходзіць унутры сямʼі дыктатара. Такім чынам, хоць ключавога лідара часта называюць прэзідэнтам ці прэмʼер-міністрам, а не каралём ці імператарам, улада перадаецца паміж членамі адной сямʼі. Часам лідар абʼяўляецца пажыццёвым прэзідэнтам і выкарыстоўвае гэтае права, каб прызначыць пераемнікам аднаго з сямейнікаў.
Гэтую формулу можна праілюстраваць на прыкладзе дыктатуры Рафаэль Трухільё, які кіраваў Дамініканскай Рэспублікай з 1930-га па 1961-ы. Пры гэтым на нейкім этапе фармальна ўлада належала яго брату Гектару. Пасля забойства Трухільё ў 1961-м штурвал улады, як і планавалася, перайшоў да яго сына Рамфіса, які ў выніку хутка збег з краіны. Ад сямейнай дыктатуры засталіся хіба што малюнкі дыктатара.

1_416.jpg

А вось Анастасія Самосе — нікарагуанскаму дыктатару, які знаходзіўся пры ўладзе з 1930 па 1956-ы, з нашчадкамі, падавалася, пашанцавала больш. Яго два сыны па чарзе кіравалі Нікарагуа аж да 1979-га. Праўда, скончылася ўсё бясслаўна. Пад ударамі партызан-сандыністаў 50-гадовая дыктатура дынастыі Самоса рухнула літаральна за лічаныя дні. Сучасныя графікі параўноўвалі гэта з падзеннем дыктатара з крэсла.

2_380.jpg


Ну, а самай шматгадовай персанальнай дыктатурай безумоўна зʼяўляецца рэжым Кімаў у Паўночнай Карэі. Гэтая сямʼя кіруе краінай з 1948 года. Праўда, апошнім часам Кімы пайшлі ўжо не тыя. Калі заснавальнік дынастыі Кім Ір Сен руліў 46 гадоў, то яго пераемнікі куды менш. Цяжка сказаць, колькі будзе пры ўладзе цяперашні лідар КНДР Кім Чэн Ын. Хоць мастакі любяць маляваць яго маладым і нават дзіцём, вядома, што дыктатар моцна хварэе з-за палення. Зрэшты, у любым выпадку перадача ўлады па лініі Кімаў захаваецца. У тым ліку таму, што гэты механізм прапісаны ў мясцовай канстытуцыі.

3_252.jpg


Трэба сказаць, што трансфер улады па сямейнай лініі не простая справа. Могуць узнікнуць самыя незвычайныя форс-мажоры. Так было, напрыклад, у Румыніі ў часы дыктатуры Чаўшэску, які займаў пасаду лідара краіны з 1967-га. У канцы 80-х ён вырашыў, што ў выпадку скону будаўніцтва сацыялістычнай Румыніі працягне яго жонка Алена. Рыхтаваць да такога сцэнару румын пачалі ў тым ліку з дапамогай адпаведнай агітацыі. Аднак снежаньская рэвалюцыя 1989 года разбурыла планы. Больш за тое, Алена і Мікалае Чаўшэску падчас тых падзей былі пакараныя смерцю.

4_327.jpg

Што тычыцца постсавецкіх абшараў, то пакуль самая доўгая сямейная дыктатура зафіксавана ў Азербайджане. Тут з 2003-га года кіруе Ільхам Аліеў. Прэзідэнцкі пост ён атрымаў ад бацькі Гейдара Аліева, які прыйшоў да ўлады ў 1993 годзе. Пішуць, што Ільхам рыхтуе сабе пераемніка ў выглядзе сына. Але ў гэтыя планы можа ўмяшацца Турцыя, якая ўзмацніла ўплыў на Баку падчас апошняй вайны за Карабах. Малюнак на тэму азербайджана-турэцкай дружбы.

5_306.png


17 красавіка 2020 года старшынёй Нацыянальнага савета (верхняя палата Вышэйшага сходу Рэспублікі Таджыкістан) стаў 33-гадовы Рустам Эмамалі, сын прэзідэнта Эмамалі Рахмона. Гэта прызначэнне было ўспрынятае як пачатак трансферу ўлады ад бацькі да сына, што арыгінальна ілюструюць мясцовыя мастакі. Такім чынам, не выключана, што неўзабаве яшчэ адной сямейнай дыктатурай на зямлі будзе больш.

6_204.png


Зрэшты, усе падобныя рэжымы позна ці рана сканчаюцца.