«Сядзім дома». Што адбываецца з «Востравам чысціні», распавялі прадаўцы
Крамы сеткі «Востраў чысціні і смаку» то прыпыняюць працу, то аднаўляюць. У сацсетках вірусяцца відэа са скаргамі супрацоўнікаў на ўмовы працы і затрымкі заробкаў. Аб сітуацыі ў крамах сеткі BAR24 на ўмовах ананімнасці распавялі баранавіцкія прадаўцы.
Сітуацыя з «Востравам чысціні» апошнія некалькі месяцаў не сыходзіць з навін. То гэтая сетка без тлумачэння прычын масава прыпыняе працу і закрывае крамы па ўсёй краіне. То заяўляе аб вяртанні на рынак і дзеліцца аптымістычнымі планамі на будучыню. А яшчэ праз некаторы час становіцца вядома, што кампанія ліквідуе свае юрыдычныя асобы.
«Пачалі заўважаць, што пастаўкі тавараў паменшыліся»
Першыя званочкі вялікіх праблем з «Востравам чысціні», паводле слоў работнікаў, пачаліся, калі акрамя магазінаў бытавой хіміі ў сеткі зʼявіліся аптэкі.
— Калі пачалі адкрываць аптэкі, у супрацоўнікаў сталі зразаць заробкі. Спасылаліся на тое, што патрэбны грошы на адкрыццё аптэк. Але чаму нас гэта мусіла хваляваць? Аптэкі збіраецеся адчыняць вы, а грошы ўтрымліваеце з нас. Па-мойму, неяк нелагічна, — успамінае адзін з былых супрацоўнікаў.
Далей — больш.
— Спачатку мы пачалі заўважаць, што пастаўкі тавараў зменшыліся. Прычым значна, калі на паліцах сталі расцягваць тавар. Потым пакупнікі гэта заўважылі. І пайшло-паехала, — распавядае былы супрацоўнік. — Калі ў Баранавічах пачалі зачыняць нерэнтабельныя крамы, я сышоў, паколькі меркаваў, што далей нічога добрага не будзе. І аб сваім сыходзе ні кроплі не шкадую. Але мая жонка там працуе да гэтага часу. У гэтым месяцы ёй упершыню на маёй памяці затрымалі заробак. На дзесяць дзён. Не ўяўляю, як людзі, у каго ёсць дзеці, ці тыя ж маці, якія выхоўваюць дзяцей адны, там працуюць.
«Сітуацыя сумная»
Цяпер, кажуць работнікі, у крамах «сітуацыя сумная». Многія гандлёвыя абʼекты ў Баранавічах зачыненыя. Паставак тавараў няма, з крамаў іх таксама іх ніхто не вывозіць. Хтосьці прыходзіць на працу і проста адседжвае там нейкія гадзіны, хтосьці і зусім сядзіць па дамах.
— Цяпер мы сядзім дома. Спачатку ў нашым гандлёвым абʼекце адключылі святло з-за нявыплаты. А нядаўна паведамілі, што нашу краму зачыняюць. Зарплату за красавік нам выплацілі, але з затрымкай. Што будзе далей, ніхто рэальна не ведае, — распавядае супрацоўніца адной з крам.
Людзі не ведаюць, што ім рабіць. Нехта ўжо пачаў шукаць працу. Хтосьці вырашыў проста чакаць, бо са звальненнем, гавораць прадаўцы, таксама могуць узнікнуць праблемы.
— Мы ўсе матэрыяльна абавязаныя. Пакуль не пройдзе пераўлік, нікога не звольняць. Але тавар не забіраюць, бо, гавораць, нават машыны заправіць няма чым. Таму мы з калегамі вырашылі чакаць да апошняга, — адзначыла супрацоўніца.
Больш за ўсё ў сітуацыі, якая склалася людзей абурае, што ім «ніхто нічога не кажа». І што пра ўсе важныя навіны яны даведаюцца з інтэрнэту.
— Крыўдна, што нічога не тлумачаць. Яшчэ ў красавіку
да нас прыязджаў Віктар Іосіфавіч (Рамук, уладальнік сеткі), сказаў, што будзе
ўсё добра. А ўжо праз тыдзень аказалася, што нас закрываюць, — адзначае
супрацоўніца адной з баранавіцкіх крамаў сеткі. — Вельмі шкада, вядома, што так
адбылося. У нас быў дружны калектыў, і праца мне падабалася. Не магла нават
уявіць, што такая сетка згалее. Ударам для мяне гэта не стала, бо муж добра
зарабляе. Але шкадаванні ёсць.