Пацешная матэматыка ў выкананні беларускіх уладаў. Вучымся лічыць
Пакуль увесь свет сачыў за прыгодамі Паўла Дурава ў французскай турме, беларускія ўлады надалі шмат увагі адукацыі. У прыватнасці, яны захапіліся рознымі матэматычнымі галаваломкамі. Праўда, чамусьці адказы аказаліся не на іх карысць. Хто б мог падумаць, чаму?
Традыцыйна перад пачаткам навучальнага года Лукашэнка сабраў настаўнікаў, каб перад імі зачытаць прамову, прысвечаную чаму заўгодна, толькі не адукацыі. НАТА пад Смаленскам, арышт Дурава, маючыя адбыцца выбары... Але ў гэтай прамове было месца і матэматыцы. Лукашэнка ўспомніў пра беларусаў, якія з'ехалі, зноўку заявіўшы, што за мяжой яны «нікому не патрэбныя», а настаўнікі і лекары ўладкоўваюцца мыць посуд, таму што «хто ім дасць добрую працу?»
Канешне, гэтыя развагі можна перабіць вельмі проста адным пытаннем: а чаму ж тыя, хто з’ехалі, не вяртаюцца назад, у такую шчаслівую Беларусь? Ёсць адказ на гэтае пытанне?
З лічбамі адказала Лукашэнку Іна Зайцава, — тая самая «БЧБ-нявеста» з 2020-га, — якая, маючы дзве вышэйшыя адукацыі, працуе цяпер прадаўшчыцай у Швейцарыі.
І вось пацешная матэматыка: прадавец у краме ў Швейцарыі зарабляе каля чатырох тысяч швейцарскіх франкаў — па курсе Нацбанка на 28 жніўня гэта каля 15148 беларускіх рублёў. Згодна з дэкларацыяй аб даходах Лукашэнкі, якую ён падаў у 2020 годзе, балатуючыся на пасаду прэзідэнта, яго заробак складаў 9755 беларускіх рублёў у месяц.
Гэта значыць, па заробку больш выгадна быць прадаўшчыцай або прыбіральшчыцай у Швейцарыі, чым прэзідэнтам у Беларусі.
Таму пытанне, зададзенае Лукашэнкам — «хто ім дасць добрую працу» — вельмі неадназначнае. Можна было б нават запытацца: хто дасць швейцарскі заробак Лукашэнку?
І другое выказванне, якое зачапіла: кажучы пра тое, што яму прапаноўвалі «здаць Расію» і паставіць войскі NATO пад Смаленскам, Лукашэнка адзначыў, што яму «сёння ўносяць прапановы з усіх бакоў, якія мы прыняць не можам на 99%».
І вось гэтыя 99% вельмі бянтэжаць. Гэта значыць, што на 1% ён усё ж гатовы здрадзіць «саюзніку»? Ён дапускае такую верагоднасць? Ці ён вырашыў такім чынам паказаць Пуціну «магчымасць для гандлю»? Маўляў, дай грошай, інакш тут ёсць працэнцік... Бо асабліва гэта актуальна ў святле маючых адбыцца выплат па вонкавых пазыках.
Цікава, як адрэагуе Пуцін. Безумоўна ж, гэты працэнт будзе заўважаны.
Пацешнай матэматыкай заняўся і прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка. Ён знайшоў спосаб, як зрабіць рост тавараабароту з Расіяй больш уражлівым. Трэба проста лічыць правільна.
Наш прэм'ер адзначыў, што за першае паўгоддзе тавараабарот з РФ перавысіў 25 млрд долараў. «Гэта проста мы, напэўна, па традыцыі лічым яго ў доларах, таму што так вядзецца міжнародная гандлёвая статыстыка. Але ў нас кантракты з Расіяй заключаюцца ў расійскіх рублях, а выручку мы атрымліваем у беларускіх рублях. Дык вось, і ў расійскіх, і ў беларускіх рублях, паказчыкі экспарту ў Расійскую Федэрацыю двухзначныя. Таму рост значна больш, чым у доларавым вылічэнні», — заявіў Галоўчанка.
У мяне ёсць рашэнне, як павысіць паказчыкі экспарту яшчэ больш. Трэба лічыць іх у валюце нашага сябра і саюзніка — Зімбабвэ. Адзін зімбабвійскі долар цяпер каштуе 30% ад амерыканскага цэнта — нават не долара, а цэнта. Уяўляеце, у колькі разоў «вырасце» наш тавараабарот з Расіяй у зімбабвійскіх грошах?
А чаго? Зімбабвэ ж нам не чужая краіна, так?
Зрэшты, не ўсё так гладка ў гэтым тавараабароце. Напрыклад, старшыня канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугіна засумнявалася ў перспектывах расійскага рынку і нават паплакала аб рынку Украіны. Паводле яе слоў, «Беллегпрам» не бачыць вялікага патэнцыялу росту паставак у Расію, таму што «мы ж не самотныя на расійскім рынку».
А вось рынак Украіны «заўсёды быў самым маржынальным, у нас былі добрыя сувязі наладжаныя, і ён складаў 22% у нас у структуры экспарту», — паплакалася кіраўніца «Беллегпрама».
І ведаеце, дзіўна, як спадарыня Лугіна ўжо столькі гадоў узначальвае канцэрн. Таму што яна ўвесь час скардзіцца на канкурэнцыю. У Беларусі ёй перашкаджаюць «сэканд-хэнды» і мас-маркет, у Расіі — вытворцы з Кітая, Бангладэшу, Інданезіі, Узбекістана, Турцыі, Індыі. Напэўна, калі б у свеце застаўся адзін «Беллегпрам», то ёй бы ўсё роўна перашкаджалі людзі, якія самастойна прышываюць гузікі да кашуляў.
Як можна так баяцца канкурэнцыі — незразумела.
Ну і, вядома, у нас вельмі ўражлівыя планы на будучыню. Планы на ўзроўні фантастыкі. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Цылько прапанаваў стварыць беларускія сацыяльныя сеткі. На яго думку, яны маглі б называцца ТГBY або InstaBY.
Цылько заявіў, што арышт Дурава ў Францыі зрабілі спецслужбы ЗША, каб усталяваць кантроль і цэнзуру ў «тэлежцы». «Выкажам здагадку, што аперацыя атрымаецца і ТГ пяройдзе пад кантроль спецслужбаў. Якія меры павінны будзем распачаць усе мы — уладальнікі ТГ-каналаў? Працягваць выкарыстоўваць іх і пастаянна падвяргацца “варожай” цэнзуры або зусім адмовіцца ад іх паслуг? Тады чым замяніць аператыўнае давядзенне інфармацыі?» — напісаў ён.
Цылько лічыць, што ў такіх умовах трэба задумацца аб стварэнні «ўласных незалежных інтэрнэт-платформаў», і прывёў у якасці прыкладу Кітай, які «мае свой інтэрнэт, аналагі Instagram, Цік-Ток і іншыя сеткі для імгненнага абмену паведамленнямі і відэа».
Пры гэтым «замясціць» Instagram, Фэйсбук, Ютуб і іншыя сацсеткі не ўдалося нікому, акрамя Кітая, хоць спробы рабіліся неаднаразова ў той жа Расіі. Нават Украіна, якая ў свой час забараніла «Вконтакте», Яндэкс і «Аднакласнікі», не змагла знайсці ім замену.
Прычына ўсё ў той жа матэматыцы. Для таго каб нацыянальная сацсетка развівалася, трэба насельніцтва, як у Кітая. І гэта галоўная прычына таго, чаму ў Расіі не змаглі стварыць свой аналаг Ютуба, а ва Украіне — аналаг «Вконтакте».
Можна колькі заўгодна фантанаваць глабальнымі ідэямі, але калі насельніцтва тваёй краіны менш за 9 мільёнаў, а той жа Google з-за «малога рынку» не падтрымлівае беларускую мову ў рэкламных інструментах... Гэта пра нешта кажа, правільна?
Не, грошы на стварэнне ўласных сацсетак можна выдаць. І мы нават ведаем, куды яны пойдуць. На гэтым тыдні Камітэт дзяржкантролю распачаў крымінальную справу ў дачыненні да кіраўніцтва кампаніі-рэзідэнта ПВТ за ўхіленне ад выплаты падаткаў. Пры рэгістрацыі ў ПВТ у 2018 годзе кампанія падала бізнес-праект для распрацоўкі новага праграмнага забеспячэння. Але па факце яно ўжо было распрацавана і нават выкарыстоўвалася кліентамі. А кампанія пяць гадоў карысталася падатковымі льготамі.
З распрацоўкай уласных сацсетак будзе тое ж самае. Пытанне ў тым, колькі потым штрафаў налічаць матэматыкі з КДК.