Заходнія СМІ: Карыснасць Лукашэнкі для РФ заканчваецца — а ў дзяржаве, дзе кіруе пуцінская мафія, гэта дрэнна
Украіна заклікала беларускія ўлады «не дапускаць трагічных памылак для ўласнай краіны пад ціскам Масквы».
Украінскія памежнікі не назіраюць перамяшчэння ваеннай тэхнікі і асабістага складу з боку Беларусі ў непасрэднай блізкасці ад памежнай паласы. Пра гэта ў эфіры ўкраінскага тэлемарафону паведаміў прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка, піша «Голас Амерыкі».
«Ніякіх надзвычайных сітуацый непасрэдна на нашай дзяржаўнай мяжы не было». Аднак, паводле яго слоў, «нягледзячы на стабільную абстаноўку на мяжы, беларускі кірунак застаецца пагрозлівым для Украіны».
«Беларусь працягвае знаходзіцца пад уплывам Расіі, якая аказвае ціск на Мінск, спрабуе ўцягнуць беларускія сілы ў расійскую агрэсію супраць Украіны», — дадаў Дземчанка.
Напярэдадні ў МЗС Украіны паведамілі, што, «паводле інфармацыі спецслужбаў Украіны, Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь пад выглядам вучэнняў канцэнтруюць значную колькасць асабовага складу, у прыватнасці сіл спецыяльных аперацый, узбраення і ваеннай тэхнікі, у тым ліку танкаў, артылерыі, РСЗА, сродкаў супрацьпаветранай абароны і інжынернай тэхнікі. У Гомельскай вобласці ля паўночных межаў Украіны таксама зафіксавана прысутнасць наймітаў былой ПВК «Вагнер».
У МЗС нагадалі, што «Украіна ніколі не здзяйсняла і не збіраецца здзяйсняць ніякіх недружалюбных дзеянняў у дачыненні да беларускага народа», і заклікалі беларускія ўлады «не дапускаць трагічных памылак для ўласнай краіны пад ціскам Масквы».
The Daily Mail нагадвае, што беларускі кіраўнік Аляксандр Лукашэнка, ключавы саюзнік Пуціна, заявіў у інтэрв'ю расійскаму дзяржаўнаму тэлебачанню 16 жніўня, што баіцца, нібы сілы Кіева плануюць уварвацца ў яго краіну пасля таго, як яны пачалі свой трансгранічны наступ на Расію. У інтэрв'ю ён заявіў, не прадставіўшы доказаў, што ў Кіева маглі быць планы нападу на Беларусь.
«Калі Беларусь будзе наўпрост уцягнутая ў вайну, гэта можа справакаваць меры ў адказ з боку Украіны, патэнцыйна прывядзе да сітуацыі, калі беларускія сілы будуць ваяваць на сваёй тэрыторыі. Гэта, у сваю чаргу, можа яшчэ больш аслабіць і без таго слабы ўрад Лукашэнкі», — піша EU Today.
«Існуе таксама пытанне, ці прыйдзе Пуцін на дапамогу Лукашэнку, калі яго рэжым будзе пад пагрозай. Хоць Расія і ўмешвалася ў справы Беларусі ў мінулым, армія Пуціна ўжо знясіленая сваімі дзеяннямі ва Украіне», — дадае выданне.
Пры гэтым аўтары калонкі ў The Hill падкрэсліваюць, што «калі падзе рэжым Пуціна, то падзе і Лукашэнка».
«Лукашэнка разыгрывае ўсе свае карты, верагодна, таксама выконваючы ўказанні Пуціна. Мабілізацыя і размяшчэнне беларускіх вайскоўцаў на мяжы, верагодна, з'яўляецца дэманстрацыяй, каб прымусіць Украіну перадыслакаваць сілы з Курскай і Белгарадскай абласцей, тым самым зняўшы ціск з расійскіх салдат, якія ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях, і лініі іх забеспячэння», — адзначаюць назіральнікі.
У дзеяннях Лукашэнкі можа быць «альтэрнатыўны матыў: самазахаванне», мяркуюць аўтары матэрыялу, бо вывад рэгулярных войскаў з Мінска «таксама зніжае магчымасць ваеннага перавароту». Аглядальнікі The Hill таксама мяркуюць, што беларускі кіраўнік, якога на Захадзе не прызнавалі законна абраным прэзідэнтам Беларусі, таксама можа думаць пра ўцёкі, «каб пазбегнуць лёсу Беніта Мусаліні або Нікалае Чаўшэску» — расстраляных дыктатараў Італіі і Румыніі.
«Карысны беларускі ідыёт Пуціна можа адчуваць «пакупніцкае раскаянне» (сумневы пасля пэўных дзеянняў. — Рэд.), згрызоты сумлення. Яго карыснасць заканчваецца — а ў дзяржаве, дзе кіруе пуцінская мафія, гэта дрэнна», — робіцца выснова ў артыкуле.