Telegram пад пагрозай? Дасье ў карыкатурах
24 жніўня ў Парыжы арыштаваны Павел Дураў, заснавальнік месэнджара Telegram — ці не галоўнага інструмента камунікацыі ўсіх дысідэнтаў на планеце. За пакручастай гісторыяй месэнджара сачылі і карыкатурысты.
Жартуюць, што сваім з'яўленнем Telegram абавязаны... Пуціну. Справа ў тым, што ідэя месэнджара паўстала на хвалі пратэстаў супраць фальсіфікацыі Пуціным выбараў у Дзяржаўную думу зімой 2011 года, якія, дарэчы, графічна каментавалі таксама мастакі.
Тады для каардынацыі дзеянняў апазіцыянеры выкарыстоўвалі сацыяльную сетку «УКантакце». Нядзіўна, што ўлады «ветліва» папрасілі Паўла Дурава, які кіраваў сэрвісам, прыкрыць некалькі груп з пратэстамі. Менавіта тады ён зразумеў, што не можа бяспечна звязацца нават са сваім братам. І гэта стала пачаткам працы над Telegram.
Праект стартаваў 14 жніўня 2013 года. Ужо да лістапада ў праграмы налічвалася каля 1 мільёна ўсталёвак. А ў 2015 колькасць карыстальнікаў новага месэнджара перакрочыла мяжу 100 мільёнаў. Велізарную ролю ў поспеху Telegram таксама адыграў скандал з Эдвардам Сноўдэнам — былым супрацоўнікам ЦРУ, які ў 2013 годзе ўцёк з ЗША. Ён распавёў шмат далікатнай інфармацыі пра тое, як урадавыя службы сочаць за грамадзянамі. На малюнку ніжэй — як гэта пабачыў мастак часопісу The Week. Узнік запыт — закрыцца ад кантролю, і новы месэнджар такую магчымасць быццам прапанаваў.
У сваю чаргу спецслужбы відавочна былі не ў захапленні ад з'яўлення падобнага месэнджара. Увесну 2018 Telegram паставілі ўльтыматум: альбо падаць ключы для дэшыфроўкі паведамленняў, альбо трапіць пад забарону ад Раскамнагляду. Дураў адмовіўся і запэўніў грамадскасць, што заблакаваць месэнджар не атрымаецца. У выніку ўлады пачалі блакаваць праграму ўсімі магчымымі метадамі, але паўнавартасна зрабіць гэта так і не ўдалося. Тады ж самай арыгінальнай формай пратэсту супраць забароны стаў запуск газетных самалёцікаў, падобных на сімвал Telegram.
Сам Дураў да таго часу збег з Расіі. Мастак выдання Deutsche Welle убачыў гэтыя ўцёкі наступным чынам.
Telegram сапраўды хутка стаў важным інструментаром апазіцыйных рухаў. Не выпадкова ў 2018-м у разгар пратэстаў у Іране месэнджар Дурава быў забаронены. Тэматычная карыкатура прысвечаная таму, як дыктатура баіцца Telegram.
Безумоўна ўсе памятаюць, якую важную ролю адыгрываў Telegram у падзеях 2020 года ў Беларусі. Ва ўсіх на слыху быў канал Нехта, праз які каардынаваліся пратэсныя акцыі. Праца канала стала нават сюжэтам для малюнкаў.
Былі праблемы ў Дурава і на дэмакратычным Захадзе. У 2022 годзе ўлады Германіі абавязалі кіраўніцтва Telegram прызначыць афіцыйнага прадстаўніка ў ФРГ для разгляду юрыдычных запытаў у сувязі з публікацыяй у месэнджары пагроз забойства ў адрас палітыкаў, урачоў і вучоных на фоне антыкавідных пратэстаў. 22 сакавіка 2024 года Вярхоўны суд Іспаніі пастанавіў часова заблакаваць Telegram з-за скаргаў кампаній, якія абвінавацілі месэнджар у незаконным распаўсюджванні іх кантэнту. Цалкам верагодна, што з прычыны нечага падобнага Дурава і арыштавалі ў Парыжы. Таксама трэба сказаць, што арышт Дурава стаў падарункам Крамлю, дзе тут жа абвінавацілі Захад у спробе ціску на інтэрнэт.
Так ці інакш, зараз лепш за ўсё дачакацца падрабязнасцяў прычыны арышту Дурава. Пасля гэтага можна будзе разумець, што будзе з Telegram. Зрэшты, фанаты Telegram ужо малююць Дурава як пакутніка за свабоду слова ў сеціве.