Казус Дурава. Чаму заснавальнік «Тэлеграма» сапраўды можа сесці

Заснавальнік месэнджара «Тэлеграм» трапіў у няпростую сітуацыю, да стварэння якой спрычыніўся сам.

Павел Дураў. Фота GlobalLookPress

Павел Дураў. Фота GlobalLookPress

Адной з галоўных сусветных навін застаецца затрыманне Паўла Дурава ў Парыжы. Заснавальніка і кіраўніка папулярнага месэнджара «Тэлеграм» узялі пад варту 24 жніўня ў элітным аэрапорце Ле Буржэ адразу пасля прылёту ў французскую сталіцу на прыватным бізнес-джэце. Ад той пары ён за кратамі.

У панядзелак 26 жніўня стала вядома, што ІТ-прадпрымальніка абвінавачваюць у датычнасці да 12 злачынстваў. Дураву інкрымінаваны «саўдзел» у адміністраванні анлайн-платформы для правядзення незаконных здзелак арганізаваных груп; у захоўванні парнаграфічнага кантэнту з непаўналетнімі; у распаўсюдзе наркотыкаў; у кіберзлачынствах; у махлярстве ў складзе арганізаваных злачынных груповак. Таксама кіраўніку месэнджара закідваюць адмову перадаваць па запытах праваахоўнікаў інфармацыю або дакументы, неабходныя для правядзення расследавання.

З канца мінулага тыдня сеціва літаральна віруе меркаваннямі наконт інцыдэнту са славутым мільярдэрам. Каментуюць эксперты, журналісты, палітыкі, звычайныя карыстальнікі сацсетак. Каментуюць на ўсіх магчымых рэсурсах, уключаючы сам «Тэлеграм».

Шмат хто апраўдвае затрыманага, кажучы, што пляцоўка тут ні прычым — гэта проста сродак. Не можа сэрвіс несці адказнасць за дзейнасць кожнага юзера, якіх у яго амаль мільярд. Маўляў, якія пытанні да плота, на якім любы жадаючы можа напісаць слова з трох літар?

Глядзіце таксама

Досыць зладжана гучаць і галасы, што афіцыйны Парыж нібыта распачаў атаку на свабоду слова. Вельмі характэрна, што ў гэты бок найбольш актыўна дуе крамлёўская прапаганда, робячы выгляд, што ў РФ шэсць гадоў таму не спрабавалі заблакаваць «цялегу» (нічога з гэтага не атрымалася). Пры гэтым з Расіі Дураў эміграваў яшчэ ў 2014-м, калі на яго пачала ціснуць ФСБ. Не кажучы пра тое, што пуцінскі рэжым даўно пазакрываў усе буйныя недзяржаўныя медыя, пазначыў «няправільных журналістаў» таўром «замежных агентаў», а некаторых, як Івана Сафронава, пасадзіў у калонію на 20+ гадоў.

Карацей, сітуацыя склалася цікавая і сенсацыйная. То чаму б не выказаць з гэтай нагоды некалькі думак? Спойлер: думкі гэтыя наўрад ці спадабаюцца прыхільнікам Дурава.

Свабода слова не пацерпіць

Першае, што варта сказаць: гэтая гісторыя абсалютна не пра накат на свабоду слова. Францыя — дэмакратычная краіна, з глыбокімі традыцыямі вольнага выказвання меркаванняў. Адно толькі існаванне знакамітага сатырычнага выдання «Шарлі Эбдо», якое з’едліва пляжыць палітыкаў усяго свету, мусіць пераканаць любога разумнага чалавека, што ў французаў са свабодай слова ўсё цудоўна.

Гэта пацвярджаецца і пазіцыямі краіны ў адпаведных міжнародных рэйтынгах, і праца на тамтэйшым медыярынку самых розных СМІ, і гэтак далей.

Уласна, тое, што на гэты млын льюць ваду расійскія прапагандысты і афіцыйныя асобы (лукашэнкаўскія стараюцца не адставаць) паказвае, што Дураў сядзіць у Парыжы не за дэмакратыю. Бо галоўнае, што ўмее агітпрап Крамля і яго васалаў — гэта называць чорнае белым.

Таму тут сістэма каардынат не пацярпела. Няма свабоды слова там, дзе ў турме сядзяць журналісты і адсутнічаюць незалежныя СМІ. Расія, Беларусь, Іран, Кітай, КНДР, Туркменістан — і далей па ўздоўж лініі змрочных дыктатур.

Ёсць свабода слова там, дзе працуюць і іншыя дэмакратычныя інстытуты: празрыстыя выбары, змяняльнасць улады, незалежныя суды.

Іншая справа, ці з’яўляецца затрыманне Дурава спробай французскіх спецслужбаў абмежаваць права карыстальнікаў «Тэлеграма» на прыватнасць і абарону персанальных звестак. Тут усё нашмат цікавей.

Мяжа паміж асабістай інфармацыяй і бяспекай

Вядома, што шыфроўка асабістых даных — «фішка» сацсеткі Дурава. На гэтым грунтуецца бізнес-стратэгія «Тэлеграма» і гэтым забяспечваецца яго папулярнасць. Праўда, у Еўропе гэтая папулярнасць даволі своеасаблівая.

З 2020 года мы ведаем, што «ТГ» — самы бяспечны сродак сувязі ў дыктатурах. Нездарма лукашэнкаўскія сілавыя структуры ўжо пяты год вядуць барацьбу з тэлеграм-каналамі, дзякуючы якім паўсталі пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў. Увогуле гэты месэнджар папулярны на пастсавецкай прасторы, дзе з дэмакратыяй неяк не склалася.

Пры гэтым у ЕС «Тэлеграм» запатрабаваны менш, і рэпутацыя ў яго не такая рамантычная. Праз магчымасць зашыфроўваць персанальныя звесткі і заставацца ананімным пляцоўка стала вельмі зручнай для стварэння менавіта злачынных каналаў і суполак. Тэрарызм, педафілія, продаж зброі і наркотыкаў — усе гэтыя «радасці жыцця» месцяцца якраз на дураўскай платформе, што не выклікае захаплення ў еўрапейскіх палітыкаў і спецслужбістаў.

Глядзіце таксама

Недзе ў гэтым месцы і ўзнікае пытанне адказнасці. Пытанне, дзе праходзіць мяжа паміж правам на прыватнасць і бяспекай. Паміж абаронай персанальнай інфармацыі і магчымасцю ў тры клікі замовіць гранатамёт альбо трохі гераіну з дастаўкай.

Тэзіс пра тое, што платформа не вінаватая ў выкарыстанні яе зламыснікамі, тут выглядае маніпуляцыяй. Так, уладальнік плота не нясе адказнасці за напісанае на ім слова з трох літар, але ўласнік мусіць гэтае слова зафарбаваць. Гандляр кухоннымі нажамі не павінен адказваць за тое, што адзін з пакупнікоў такім нажом заб’е суседа. Але калі да яго звернецца паліцыя, каб устанавіць асобу такога пакупніка, ці зможа гандляр адмовіць, спаслаўшыся на прыватнасць звестак?

А вось «Тэлеграм», як выглядае, менавіта так і рабіў. У вас там тэракт у Парыжы, дзясяткі ахвяр, а падазраваныя ладзілі яго з дапамогай тэлеграм-канала? Ваш званок вельмі важны для нас, але мы не выдаём інфармацыю пра сваіх карыстальнікаў.

Тое ж самае, што праслухоўванне?

Моцна перабольшанымі выглядаюць і перасцярогі, што спецслужбы, імкнучыся схіліць «Тэлеграм» «супрацоўніцтва», хочуць татальна падпарадкаваць месэнджар і «чытаць усё і пра ўсіх». У дэмакратычных краінах так не працуе, дый адсачыць мільёны юзераў проста немагчыма.

Наколькі можна меркаваць, сілавыя структуры той жа Францыі жадаюць мець магчымасць атрымліваць ад платформы лакальную інфармацыю па канкрэтных запытах. Аформленых, зразумела, па ўсіх правілах, санкцыянаваных асобнымі судовымі рашэннямі.

Найбліжэйшы прыклад тут — праслухоўванне тэлефонных размоваў. Усе ведаюць, што такое практыкуецца ў цывілізаваным свеце, але гэта даўно стала нормай. Мабільныя аператары не пярэчаць, пра парушэнне прыватнасці ніхто не кажа. Так, бываюць злоўжыванні, але кожны раз, калі пра гэта становіцца вядома, успыхвае вялікі скандал.

Дык у чым праблема для «Тэлеграма» распавесці спадару камісару пра акаўнт, ад імя якога прасоўваецца дзіцячае порна і нарката? Усё ж гэта не «таварыш маёр» з расійскага ФСБ альбо беларускага КДБ, які змагаецца з іншадумствам.

Мільярдэра будуць абараняць лепшыя адвакаты

Павел Дураў пазіцыянуе свой месэнджар як бастыён свабоды, на варце якой ён стаяў і стаяць будзе, але нельга адмаўляць наяўнасць у такім падыходзе і камерцыйнага складніка. Ананімнасць з’яўляецца канкурэнтнай перавагай «Тэлеграма» перад іншымі сеткамі, што прываблівае карыстальнікаў і падвышае капіталізацыю.

Іншымі словамі, на ананімнасці каманда «Тэлеграма» зарабляе. То бок мае даход на гандлі зброяй і наркотыкамі — выглядае, што менавіта так гэта бачаць парыжскія пракуроры, якія абвінавачваюць мільярдэра ў «саўдзеле».

Ці сядзе Дураў у выніку прысуду? Паводле некаторых ацэнак, можа сесці, прычым надоўга. І ўжо абвешчана, што выйсці пад заклад ён не зможа, бо вялікая рызыка, што паспрабуе ўцячы.

Па справе заснавальнік «Тэлеграма» праходзіць як грамадзянін Францыі (агулам у яго чатыры пашпарты). І ўжо цяпер можна сцвярджаць, што, калі дойдзе да суда, гэта будзе вельмі гучны, цікавы і вызначальны працэс. Дурава будуць абараняць лепшыя адвакаты, на яго баку будзе значная частка грамадства (і не толькі французскага). Але бачна, што і бок абвінавачвання падрыхтаваны да супрацьстаяння грунтоўна, інакш бы на сусветны скандал не вырашыўся.

Паралельным курсам будзе бурліць магутная, калектыўная і, мусіць, вельмі патрэбная рэфлексія аб тым, дзе заканчваецца прэрагатыва прыватнасці і пачынаецца прэрагатыва бяспекі.