Хронікі рэпрэсій за 26 жніўня: «хапун» у Заслонаве, суд над падлеткам
З дапамогай праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі дайджэст апошніх навін з канвеера рэпрэсій.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1383 дні, Дзяніс — 1263.
***
Сталі вядомыя імёны яшчэ трох палітвязняў, якія вызваліліся па памілаванні, піша праваабарончы цэнтр «Вясна». Гэта Аляксандр Галуза, Алег Зыкін і Руслан Красоўскі.
Аляксандра Галузу ў 2023 годзе судзілі ў Гомелі па артыкулах аб «грубым парушэнні парадку» (арт.342 Крымінальнага кодэкса) і «распальванні варожасці» (арт.130 КК). Прысуд праваабаронцам невядомы.
***
Сёння ў Гродзенскім абласным судзе пачаўся працэс над былым дырэктарам шклозавода «Нёман». Ігар Бацян больш за 12 гадоў узначальваў прадпрыемства. Пасля вызвалення ад пасады ён сышоў у хакейнае кіраўніцтва, а затым знік з грамадскага поля зроку.
Ігара Бацяна абвінавачваюць у «дзяржаўнай здрадзе» (ч.1 арт.356 КК). Яму пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Справу разглядае Руслан Гурын, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
***
Адбыліся масавыя затрыманні вайскоўцаў у Заслонаве пад Лепелем, паведамляюць «вясноўцы».
Цягам апошняга тыдня ў раскладзе суда Лепельскага раёна адзначылася шэсць імёнаў. Усе выкліканыя ў суд — мужчыны, а абвінавачваюць іх у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў».
22 жніўня мусілі адбыцца суды над Іванам Мадэлюсам, 23 жніўня — над Віктарам Дубовікам і Уладзіславам Стаховічам, у панядзелак (26 жніўня) — над Ягорам Шмярковым, Аляксеем Чэрнікавым і Алегам Ляхам.
Профіль Мадэлюса ў «ВКонтакте» быў нядаўна выдалены, мужчына служыць у в/ч 71327 ў Заслонаве. На паблік в/ч 71327 аказаўся падпісаны і брэстаўчанін Шмяркоў, якога яшчэ будуць судзіць. У сеціве нагугліваўся таксама поўны цёзка пятнічнага падсуднага — нядаўні курсант Вайсковай акадэміі Уладзіслаў Стаховіч.
***
Сілавікі затрымалі дальнабойшчыка за каментары пра супрацоўнікаў міліцыі, Відэа з ім апублікаваў праўладны канал, піша «Медыязона».
Аўтары канала пішуць, што беларус з'ехаў працаваць у Польшчу і змяніў нумар тэлефона, аднак яго ўсё роўна знайшлі.
На відэа затрыманы мужчына кажа, што працуе кіроўцам-дальнабойнікам у Польшчы, што ў 2020 годзе быў падпісаны на «забароненыя» тэлеграм-каналы і пісаў там каментары пра сілавікоў.
У відэа дэманструюцца скрыншоты каментароў «Добры мент — мёртвы мент», «Вы чэрці, забыліся што ў статуце напісана!?? Забыліся каму прысягу давалі!?? Гарыце ў пекле кончаныя ўблюдкі». Хто іх пісаў — невядома.
Таксама затрыманы кіроўца кажа, што звяртаўся ў чат-бот праекта «ЧКБ» «з нагоды штрэхбрэйкераў у Беларусі».
Па якіх менавіта артыкулах затрыманы мужчына і што з ім цяпер — невядома. Аўтары праўладнага канала пішуць, што «яго змясцілі ў ІЧУ, дзе ён будзе чакаць рашэння суду».
***
Знакамітыя сусветныя акцёры і рэжысёры ў адкрытым лісце заклікалі не дапусціць экстрадыцыі ў Беларусь рэжысёра Андрэя Гнёта.
Беларуская незалежная кінаакадэмія апублікавала адкрыты ліст у падтрымку рэжысёра Андрэя Гнёта, які падпісалі каля 500 дзеячаў сусветнай мастацкай супольнасці. Ліст заклікае Сербію не дапусціць экстрадыцыі Гнёта ў Беларусь.
Усяго больш за 100 вядомых міжнародных рэжысёраў, акцёраў і прадстаўнікоў мастацтва далучыліся да беларускіх кінематаграфістаў і падтрымалі тэрміновы адкрыты ліст, у якім утрымліваецца заклік да апеляцыйнага суда ў Бялградзе і міністаркі юстыцыі Сербіі Маі Паповіч не дапусціць экстрадыцыі кінарэжысёра і актывіста Андрэя Гнёта ў Беларусь.
Сярод падпісантаў ліста — беларуская пісьменніца і нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, украінскі рэжысёр Алег Сянцоў, французская актрыса і прэзідэнтка Еўрапейскай кінаакадэміі Жульет Бінош, польская рэжысёрка Агнешка Холанд, расійскі рэжысёр Кірыл Сярэбранікаў, звярнула ўвагу «Зеркало».
Акрамя таго, да закліку далучыліся чатыры арганізацыі: Украінская кінаакадэмія, Нацыянальная асацыяцыя кінематаграфістаў Украіны, Грузінскі інстытут кіно і Асацыяцыя дакументальнага кіно Грузіі.
***
Жыхара Магілёва затрымалі на «хіміі» з-за рэгістрацыі ў плане «Перамога».
На «пакаяльным відэа» затрыманы кажа, што адбывае тэрмін на «хіміі» за «ўжыванне наркатычных сродкаў». Паводле мужчыны, ён прайшоў рэгістрацыю ў плане «Перамога», за што і быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.
Паводле інфармацыі «Медыязоны», затрыманы — Сяргей Палякоў.
***
2 верасня ў судзе Першамайскага раёна Віцебска пачнецца працэс над падлеткам. Віцебскага школьніка абвінавачваюць паводле ч.2 арт.295 — «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў», піша тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю».
На пачатку чэрвеня на тэлеканале АНТ паказалі сюжэт пра падлеткаў, якія нібыта выраблялі выбухоўку. Паведамлялася, што тыя былі затрыманыя па наводцы «замежных спецслужбаў».
Героямі сюжэту з'яўляліся падлеткі — двое з Магілёва і адзін з Віцебска. КДБ назваў іх «вучнямі тэрарыстаў».
Паводле даных «Медыязоны», хлопца, якога будуць судзіць у першы навучальны дзень, клічуць Вячаслаў Дрызік, ён скончыў 10 «В» клас СШ №45. Яго імя з'явілася ў раскладзе суда Першамайскага раёна Віцебска.
Раней паведамлялася, што супраць віцебскага школьніка была распачатая справа па двух артыкулах (аб «незаконных дзеяннях у дачыненні да выбуховых рэчываў» і «падрыхтоўцы да акта тэрарызму»). Юнак быў змешчаны пад варту.
Мяркуючы з судовага раскладу, следчым не ўдалося даказаць, што 16-гадовы хлопец рыхтаваўся да тэрактаў.
***
Затрыманую падчас студзеньскага рэйду па блізкіх асуджаных Марыну Гацура абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмізму», піша «Вясна».
Судзіць жанчыну будуць 2 верасня ў Мінскім абласным судзе.
Праваабаронцам вядома, што падчас рэйду сілавікі прыйшлі як мінімум да 229 людзей. Пры гэтым 24 чалавекі праходзяць абвінавачанымі па крымінальных артыкулах аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт.361-4 КК), «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт.361-2 КК) і «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання» (арт.361-1 КК).
43 чалавекі былі асуджаныя па адміністрацыйным артыкуле. Некаторых затрыманых судзілі па артыкуле за парушэнне заканадаўства аб замежнай бязвыплатнай дапамозе (24.15 КаАП).
***
Сілавікі затрымалі мінчука за адміністраванне дваровага чата і ўдзел у пратэстах 2020 года. Відэа з затрыманым апублікаваў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал, паведамляе «Медыязона».
На камеру мужчына кажа, што ўдзельнічаў у пратэстах і адміністраваў чат таварыства жыхароў свайго раёна.
«Медыязона» знайшла затрыманага ў «ВКонтакте». Там мужчына падпісаны як Аляксей Яўменкаў. На старонцы мінчука ў linkedin пазначана, што мужчына працуе дырэктарам інфармацыйнай бяспекі ў кампаніі «Coherent Solutions».
Па якім артыкуле затрыманы мужчына і дзе цяпер знаходзіцца, невядома.
***
Улады абмежавалі доступ да інтэрнэт-рэсурсу povestka.pro. Адпаведнае рашэнне было прынята пракурорам Брэсцкай вобласці.
Паведамляецца, што партал публікаваў інфармацыю, якая «прапагандуе спосабы ўхілення ад вайсковай службы», а таксама аказваў юрыдычную дапамогу прызыўнікам па пытаннях ухілення ад абавязковай вайсковай службы.
Раней, 11 чэрвеня, суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў сайт, сацыяльныя сеткі і лагатып праекта povestka.org «экстрэмісцкімі матэрыяламі», паведамляе «Вясна».
***
Полк Каліноўскага хочуць прызнаць «тэрарыстычнай арганізацыяй».
Генпракурор Андрэй Швед на прапанову Камітэта дзяржбяспекі накіраваў у Вярхоўны суд заяву аб прызнанні палка імя Кастуся Каліноўскага з яго структурнымі падраздзяленнямі «тэрарыстычнай арганізацыяй».
***
На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 571 дзень, Максіма Знака — 565 дзён, Мікалая Статкевіча — 562 дні, Ігара Лосіка — 553 дні, Віктара Бабарыкі — 491 дзень, Сяргея Ціханоўскага — 421 дзень, Уладзіміра Гундара — 388 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1372 чалавекі.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1460 чалавекі. Сярод іх — 186 жанчын і 4 непаўнагадовых. 21 палітвязень адпраўлены на прымусовае лячэнне.