Беларускі народ не павінен заставацца сам-насам перад абліччам самавольства і рэпрэсій — Ціханоўская пра справу Андрэя Гнёта
Офіс Святланы Ціханоўскай выступіў з заявай наконт справы беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта пра яго экстрадыцыю ў Беларусь з Сербіі. А сто дзеячаў культуры з розных краін падпісалі зварот у яго падтрымку. Сёння, 27 жніўня, апеляцыйны суд у Бялградзе выслухаў бакі. Рашэнне будзе прынятае цягам 30 дзён.
Сёння, 27 жніўня, у Бялградзе адылося чарговае судовае слуханне па справе аб экстрадыцыі Андрэя Гнёта ў Беларусь. Апеляцыйны суд у Бялградзе выслухаў бакі. Рашэнне будзе прынятае цягам 30 дзён.
Апеляцыйны суд — гэта апошняя інстанцыя, якая можа заблакаваць рашэнне сербскіх уладаў пра экстрадыцыю Гнёта ў Беларусь альбо наадварот — пагадзіцца з рашэннем Вярхоўнага суда Сербіі.
«Паводле закона рашэнне будзе прынятае і абвешчанае цягам 30 дзён», — паведаміла службе маніторынгу БАЖ Марыя Колесава-Гудзіліна, адвакатка журналіста.
Беларуская дэмакратычная лідарка заклікае ўлады Сербіі неадкладна вызваліць грамадзяніна Рэспублікі Беларусь Андрэя Гнёта і дазволіць яму свабодна і бесперашкодна пакінуць краіну.
Офіс Святланы Ціханоўскай выступіў з заявай, у якой выказвае поўную падтрымку Андрэю Гнёту ў яго барацьбе за сваю свабоду і годнасць.
Беларуская дэмакратычная лідарка заклікае ўлады Сербіі неадкладна вызваліць грамадзяніна Рэспублікі Беларусь Андрэя Гнёта і дазволіць яму свабодна і бесперашкодна пакінуць краіну.
“Справа Андрэя з'яўляецца яскравым прыкладам палітычна матываванага пераследу грамадзянскага актывіста з Беларусі. Андрэй, вядомы сваёй актыўнай пазіцыяй і ўдзелам у мірных пратэстах, быў падвергнуты арышту і незаконнаму ўтрыманню ўладамі Рэспублікі Сербія”, — гаворыцца ў заяве.
Офіс Святланы Ціханоўскай таксама асуджае “любыя дзеянні, накіраваныя на падаўленне грамадзянскіх свабод і права на выказванне меркаванняў і ўдзел у мірных сходах”. І нагадвае, што Андрэй Гнёт стаў чарговай ахвярай рэпрэсіўнай сістэмы Беларусі, якая імкнецца здушыць любую праяву іншадумства і грамадзянскай актыўнасці як у Беларусі, так і за яе межамі.
Беларуская лідарка Святлана Ціханоўская ў чарговы раз заклікае міжнародную супольнасць звярнуць увагу на справу Анррэя і спрыяць яго неадкладнаму вызваленню.
У заяве адзначаецца, што Юрыдычная каманда офіса знаходзіцца ў пастаяннай камунікацыі з дыпламатамі краін Еўрапейскага Саюза і ЗША практычна з моманту затрымання Андрэя Гнёта, а таксама з міжнароднай праваабарончай супольнасцю.
Дзякуючы сумесным намаганням грамадзянскай супольнасці Беларусі і дэмакратычных сіл Андрэй Гнёт быў выключаны са спісу асоб, якія расшукваюцца праз базы Інтэрпол.
“Мы таксама выказваем падтрымку сям'і і сябрам Андрэя, якія ў гэты цяжкі час перажываюць за яго лёс. Беларускі народ не павінен заставацца сам-насам перад абліччам самавольства і рэпрэсій. Толькі салідарнасць і міжнародны ціск могуць дапамагчы спыніць гэтую хвалю гвалту і несправядлівасці.
Святлана Ціханоўская і яе каманда абяцаюць, што працягнуць змагацца за правы і свабоды кожнага беларуса, за справядлівасць і дэмакратычныя каштоўнасці, якія павінны стаць асновай новай Беларусі.
Нагадаем, Андрэй Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст і сузаснавальнік аб’яднання SOS.by, якое ў Беларусі прызнана “экстрэмісцкім фарміраваннем”. Яго затрымала 30 кастрычніка 2023 года памежная служба Сербіі пасля прылёту ў Бялград.
У якасці прычыны затрымання названа знаходжанне актывіста ў міжнародным вышуку па запыце Беларускага бюро Інтэрпола. Беларусь прасіла экстрадаваць Гнёта для крымінальнага пераследу.
100 дзеячаў культуры патрабуюць вызваліць Гнёта
Сто дзеячаў культуры з розных краін і чатыры арганізацыі падпісалі зварот у адрас Апеляцыйнага суда Сербіі і міністра юстыцыі гэтай краіны Марыі Паповіч з патрабаваннем вызваліць беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта, паведаміў "Позірк".
Кампанія “Дзеячы культуры за Андрэя”, у рамках якой праводзіцца збор подпісаў, была арганізавана беларускімі акцёрам Дзмітрыем Савелавым, прадзюсарам і рэжысёрам Вольгай Чайкоўскай ад імя Беларускай незалежнай кінаакадэміі (BIFA) пры падтрымцы Еўрапейскай кінаакадэміі (EFA).
У ліпені BIFA і EFA сумесна заклікалі да неадкладнага вызвалення Гнёта.
Аўтары петыцыі заклікаюць улады Сербіі не дапусціць экстрадыцыі рэжысёра ў Беларусь, дзе, як сцвярджаецца, “яму пагражае турэмнае зняволенне, катаванні і нават смяротнае пакаранне”.
У петыцыі адзначаецца, што Андрэй Гнёт вядомы тым, што праводзіў дакументальныя здымкі падчас пратэстаў і запісваў заклікі спартсменаў да свабодных і сумленных выбараў: “За гэтую дзейнасць ён зведаў пераслед з боку беларускага аўтарытарнага рэжыму”.
У ліку іншых, зварот падпісалі беларускі лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч, сузаснавальнікі “Беларускага Свабоднага тэатра” Мікалай Халезін і Наталля Каляда, пісьменнік Саша Філіпенка, украінскі рэжысёр Алег Сянцоў, французская актрыса і ўладальніца прэміі “Оскар”. Чарльз Лоўч, венгерскі рэжысёр Бела Тар, польскі кінарэжысёр і сцэнарыст Агнешка Холанд і іншыя.
Сёння, 27 жніўня, Апеляцыйны суд Сербіі разгледзіць скаргу на рашэнне Вышэйшага суда ў Бялградзе, які 31 мая пастанавіў выдаць рэжысёра беларускім уладам. Слуханне апеляцыі будзе адкрытым.
Беларускія ўлады дамагаюцца экстрадыцыі рэжысёра з Сербіі па лініі Інтэрпола, абвінавачваючы яго паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў). Увесну актывіста было вырашана выдаць Беларусі, але рашэнне ўдалося паспяхова абскардзіць, справу адправілі на перагляд. Беларусь сцвярджае, што справа носіць эканамічны характар, абарона Гнета настойвае, што яе пераследуюць па палітычных матывах.
За Гнёта заступіліся дэмакратычныя сілы, прадстаўнікі дыяспар, беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, Еўрасаюз, сітуацыя абмяркоўвалася з уладамі ЗША.