Андрэй Гнёт распавёў, што яго можа чакаць пасля апеляцыйнага суда. «Зноў вяртаюся пад хатні арышт і пачынаецца цяжкае чаканне»
Сёння, 27 жніўня, у апеляцыйным судзе Сербіі завяршылася паседжанне па справе беларускага актывіста, сузаснавальніка аб'яднання незалежных спартоўцаў SOS by Андрэя Гнёта. Андрэй распавёў «Новаму Часу», як будуць разгортвацца падзеі пасля суда.

Андрэй Гнёт і Ганна Сафія Эразмі ў Сербскім апеляцыйным судзе. Фота: Instagram
Андрэй Гнёт у інтэрв'ю : «Пасля апеляцыйнага суда пачнецца вельмі цяжкі і страшны этап, які я называю «руская рулетка». 27 жніўня апеляцыйны суд не вынесе рашэння.
Працэсуальна сербскія суды працуюць наступным чынам: спачатку суд выслухоўвае бок абвінавачвання. На баку абвінавачвання – прызначаны сербскі пракурор, які будзе казаць голасам дыктатуры. То бок ён агучыць тыя патрабаванні, якія высоўвае рэжым Лукашэнкі. Мінулым разам пракурор прамовіў наступнае: «Мы згодныя з патрабаваннямі, якія высоўвае Беларусь. Мы не бачым ніякіх перашкодаў для таго, каб яго экстрадыраваць. Мы падтрымліваем запыт Беларусі аб экстрадыцыі». Суд у сваю чаргу кажа: «Добра, а што гэтаму можа супрацьпаставіць лінія абароны?» Лінія абароны кажа: «Мы не згодныя, таму што ... ». А далей суд кажа: «Дзякуй, мы выслухалі вашыя аргументы. Цягам 30 дзён вы атрымаеце па пошце наш адказ».
Пасля гэтага я зноў вяртаюся пад хатні арышт і пачынаецца цяжкае чаканне – калі прыйдзе адказ? Якім ён будзе? Адказ прыйдзе ў два бакі – у мой бок, і ў бок міністаркі юстыцыі.
Да мяне і адвакатаў адказ будзе ісці звычайнай поштай, гэта займае два тыдні ад моманту, калі суд вынесе рашэнне. А міністарцы юстыцыі гэтае рашэнне прыйдзе ўрадавай поштай, па ўнутраным каналам, дзень у дзень. Далей ёй застанецца толькі паставіць подпіс на гэтай паперцы, альбо не паставіць. Такім чынам ніхто не можа паўплываць на рашэнне міністаркі Маі Паповіч.
Экстрадыцыйны працэс, я нагадаю, ужо запушчаны – сам факт таго, што мяне арыштавалі і змясцілі ў турму, і быў пачаткам гэтага працэса, унутры якога я знаходжуся ўжо10 месяцаў. Скаргамі і судовымі працэсамі мы проста яго зацягваем.
Дык вось, калі міністарка сваім подпісам ухваліць маю экстрадыцыю, уласна экстрадыраваць мяне могуць цягам 3-4 гадзін. Прыходзіць паліцыя, цягам 5 хвілін я збіраю свае рэчы, мяне вязуць у аэрапорт. Спыніць у гэты момант паліцэйскую машыну ніхто не зможа. Самалёт таксама ніхто не пасадзіць. А экстрадыраваць мяне могуць нават хутчэй, чым я атрымаю рашэнне суда.
Вось так працуе гэты працэс».
Глядзіце таксама

Таксама Андрэй Гнёт нагадаў пра кейс 2017 года, калі грамадзянін Турцыі быў экстрадыраваны менавіта такім чынам (гаворка пра курдскага палітычнага актывіста Джэўдзета Аяза, якога Сербія ў 2017 годзе выдала Турцыі, нягледзячы на перасцярогу Камітэта ААН супраць катаванняў).
«Ён 9 месяцаў змагаўся за тое, каб яго не выдавалі. Ён нават звярнуўся па палітычны прытулак і, вядома ж, Сербія яму адмовіла, — кажа Андрэй. — Агулам гэта даволі наіўна спадзявацца на тое, што краіна, якая змясціла цябе за краты і запусціла экстрадыцыйны працэс, раптам дасць палітычны прытулак. Яго экстрадыравалі ў Турцыю, а рашэнне апеляцыйнага суда ён так і не атрымаў».
Глядзіце таксама

Актывіст адзначае, што ў выпадку, калі суд вынесе рашэнне аб экстрадыцыі, міністарка юстыцыі наўрад ці зможа яго аспрэчваць (хаця насамрэч мае такія паўнамоцтвы).
«Аспрэчваць рашэнне свайго нацыянальнага суда – даволі дзіўная практыка. Атрымліваецца, што міністр юстыцыі як бы падрывае сваё міністэрства. Як гэта будзе выглядаць для сербскага грамадства?» — разважае Андрэй Гнёт.
«Вядома ж я веру ў тое, што мы пераможам. Я раблю для гэтага ўсё магчымае. Але сто адсоткавай упэўненасці няма ні ў каго», — прызнаецца беларус.
Нагадаем, у кастрычніку 2023 года Андрэй Гнёт быў затрыманы ў аэрапорце Бялграда, куды прыляцеў на працу. Затрымалі мужчыну па «чырвоным апавяшчэнні» Інтэрпол, на запыт беларускіх уладаў. 7 месяцаў беларускі актывіст правёў у цэнтральнай турме Бялграда. 6 чэрвеня 2024 года ён быў пераведзены пад хатні арышт. Сербскі суд намагаецца выдаць беларуса рэжыму, нягледзячы на тое, што на радзіме яму пагражае палітычны пераслед і катаванні. 27 жніўня 2024 года адбыўся апеляцыйны суд па справе Гнёта. Канчатковае рашэнне будзе прынятае цягам 30 дзён.