Паміж правамі чалавека і палітыкай. Як Швецыя і Сербія дэпартавалі курдскіх актывістаў
Сёння стала вядома пра выпадак дэпартацыі беларусаў, якія звярталіся па палітычны прытулак у Швецыі. Проста зараз у Сербіі чакае рашэння апеляцыйнага суда актывіст Андрэй Гнёт, якога Бялград намагаўся выдаць Мінску. На жаль, гэтыя дзве краіны і раней паддаваліся знешнепалітычнаму ціску і выдавалі актывістаў, нягледзячы на засцярогі праваабаронцаў.
Махмут Тат, Швецыя. Людзі ў абмен на сяброўства ў NATO
Махмут Тат — актывіст Курдскай рабочай партыі (КРП), якую Турцыя, а таксама ЗША і ЕС лічаць тэрарыстычнай арганізацыяй. Адзначым, што Суд Еўрапейскага Саюза пастанавіў, што РПК была класіфікавана як тэрарыстычная арганізацыя без захавання належнай прававой працэдуры. Пытанне аб яе выключэнні з «тэрарыстычнага спісу» замаруджваецца намаганнямі Турцыі, якая любым коштам імкнецца захаваць на РПК цэтлік «тэрарызму».
У Турцыі Махмута Тата асудзілі да 6 гадоў і 10 месяцаў пазбаўлення волі за «сувязі з тэрарыстычнай арганізацыяй». Шматлікія праваабарончыя арганізацыі, а таксама Рада Еўропы, падкрэсліваюць празмернае і незаконнае выкарыстанне турэцкімі інстытутамі абвінавачванняў у тэрарызме (тактыка, добра знаёмая беларусам).
Махмут Тат сцвярджае, што падвяргаўся пераследу за свае палітычныя перакананні і актыўнасць у курдскай супольнасці:
«Як радавы грамадзянін, я стаў на бок прыгнечаных і падтрымаў дэмакратычную барацьбу. Калі гэта тэрарызм, то так, я тэрарыст», — казаў Тат.
Махмут Тат уцёк у Швецыю ў 2015 годзе. Ён падаў запыт на атрыманне палітычнага прытулку, сцвярджаючы, што на радзіме яму пагражае несправядлівы пераслед і рэпрэсіі. Аднак шведскія ўлады адхілілі запыт мужчыны, аргументуючы гэта тым, што ягоная справа не адпавядае крытэрам прадастаўлення прытулку.
У снежні 2022 года шведскія ўлады прынялі рашэнне дэпартаваць Махмута Тата ў Турцыю. Дэпартацыя адбылася на фоне перамоваў паміж Швецыяй і Турцыяй аб сяброўстве Швецыі ў NATO, што выдае відавочна палітычны характар рашэння.
Швецыя і Фінляндыя падпісалі пагадненне з Турцыяй, прыняўшы большасць патрабаванняў краіны ў абмен на сяброўства ў Паўночнаатлантычным альянсе. Адно з такіх патрабаванняў – выдача людзей, якія адшукваюцца Турцыяй па абвінавачваннях, звязаных з «тэрарызмам» (уключаючы шматлікіх курдаў).
Турэцкае дзяржаўнае агенцтва Anadolu Agency заявіла, што экстрадыцыя Тата была часткай «абавязацельстваў Швецыі супрацоўнічаць з Анкарой для поўнага вырашэння яе праблем бяспекі».
Агулам, як піша The Guardian, Турцыя дабіваецца ад Швецыі экстрадыцыі 73 чалавек у абмен на падтрымку Турцыяй імкнення гэтай скандынаўскай краіны стаць сябрам NATO.
Пасля вяртання ў Турцыю Махмут Тат быў адразу ж затрыманы. Турэцкія СМІ паведамілі, што ён быў дастаўлены ў турму, каб адбыць тэрмін зняволення.
Джэўдзет Аяз. Сербія. Арыштаваны на запыт Інтэрпола, ініцыяванага Турцыяй
Джэўдзет Аяз — курдскі палітычны актывіст з Турцыі. У 2017 годзе Джэўдэт уцёк з Турцыі, дзе быў асуджаны да 15 гадоў пазбаўлення волі нібыта за антыканстытуцыйную дзейнасць. Мужчына накіраваўся ў Сербію, дзе падаў прашэнне аб прадастаўленні палітычнага прытулку. Ён сцвярджаў, што не можа вярнуцца ў Турцыю, баючыся за сваё жыццё і свабоду, бо ўжо быў ахвярай палітычна матываваных рэпрэсій і катаванняў.
Аднак неўзабаве пасля прыбыцця ў Сербію ён быў арыштаваны на падставе запыту Інтэрпола, ініцыяванага Турцыяй.
Турэцкія ўлады настойвалі на яго экстрадыцыі, спасылаючыся на абвінавачанні ў «тэрарыстычнай дзейнасці».
Сербскія суды прынялі рашэнне аб экстрадыцыі Джэўдзета Аяза ў Турцыю ў снежні 2017 года. Гэтае рашэнне было прынятае нягледзячы на шматлікія звароты праваабарончых арганізацый, у тым ліку Камітэта ААН супраць катаванняў.
«Калі ласка, прыміце да ўвагі вашыя абавязацельствы па UNCAT (Канвенцыі ААН супраць катаванняў)», — напісаў старшыня Камітэта Енс Модвіг у Твітары 25 снежня 2017.
Amnesty International выпусціла заяву, якая асуджае экстрадыцыю і заклікае сербскія ўлады перагледзець сваё рашэнне. Аднак, нягледзячы на крытыку і пратэсты, сербскія ўлады працягнулі экстрадыцыю, заявіўшы, што ў іх няма падставаў для адмовы ў экстрадыцыі на запыт Інтэрпола.
Гэтае рашэнне было падтрыманае сербскімі судамі, якія адхілілі апеляцыю Аяза, спасылаючыся на фармальныя працэдуры і адсутнасць доказаў, якія пацвярджаюць непасрэдную пагрозу яго жыццю.
Адзначым, што ў выпадку з беларусам Андрэем Гнётам Вярхоўны суд Сербіі таксама называе пагрозу жыццю і свабодзе мужчыны «гіпатэтычнай».
Напрыканцы снежня 2017 года Джэўдзет Аяз быў экстрадаваны ў Турцыю. Па прыбыцці ён быў неадкладна арыштаваны турэцкімі ўладамі і змешчаны ў турму для адбывання прызначанага раней 15-гадовага тэрміна.
Яго экстрадыцыя стала чарговым прыкладам таго, як краіны могуць абыходзіцца з палітычнымі ўцекачамі пад ціскам знешнепалітычных фактараў.