Павел Дураў затрыманы ў Францыі. Што вядома на сёння?
Заснавальніку мэсанджара могуць прад'явіць абвінавачанні па цяжкіх артыкулах з-за адмовы мадэраваць кантэнт у Тэлеграме. Ілан Маск запусціў хэштэг FreePavel.
Заснавальніка месэнджэра Тэлеграм Паўла Дурава затрымалі ў парыжскім аэрапорце Ле-Буржэ, паведамілі французскія тэлеканалы TF1 і BFMTV са спасылкай на крыніцы. 39-гадовага бізнэсмэна затрымалі, калі ягоны прыватны самалёт прыляцеў у сталіцу Францыі з Азербайджана. Разам з Дуровым былі ахоўнік і жанчына, імя якой журналісты не называюць, піша «Медуза».
Дурава затрымалі супрацоўнікі Паветрана-транспартнай жандармерыі на той падставе, што ў Францыі бізнесмен быў уключаны ў спіс асоб у вышуку. Ордэр на затрыманне выдала судовая паліцыя Францыі на падставе "папярэдняга расследавання", дэталі якога не раскрываюцца.
Па дадзеных TF1, у Францыі Дураву могуць прад'явіць абвінавачанні, звязаныя з тэрарызмам, наркотыкамі, махлярствам, адмываннем грошай, продажам крадзенага і сэксуалізаванымі злачынствамі супраць дзяцей. Усё гэта з-за адсутнасці мадэрацыі ў Тэлеграме, а таксама з-за адмовы адміністрацыі месэнджара супрацоўнічаць з уладамі і прымянення розных інструментаў Тэлеграма — такіх як крыптавалюта і аднаразовы нумар. Французскія праваахоўныя органы лічаць Дурава саўдзельнікам злачынстваў, якія ўчыняюцца пры дапамозе Тэлеграма, у сувязі з адмовай ад мадэрацыі кантэнту, адзначае суразмоўца BFMTV.
Крыніца TF1 лічыць, што заснавальнік Тэлеграма, верагодна, будзе арыштаваны. Цяпер яго ўзялі пад варту. «На сваёй платформе ён дапусціў учыненне незлічоных правапарушэнняў і злачынстваў, не робячы нічога, каб гэта мадэраваць або супрацоўнічаць [з праваахоўнымі органамі]», — сказаў ён. Дураў, піша тэлеканал, паўстане перад следчым суддзёй (службовая асоба ў Францыі, якая, у адрозненне ад пракурора, збірае доказы як на карысць боку абвінавачання, так і на карысць боку абароны) ужо сёння.
Ордэр на арышт Дурава дзейнічае толькі ў Францыі, адзначае TF1. Бізнесмен ведаў, што ў краіне ён "персона нон грата", ён мала падарожнічаў па Еўропе і пазбягаў дзяржаў, дзе праца Тэлеграма знаходзіцца пад назіраннем сілавікоў. «Сёння ён здзейсніў памылку. Мы не ведаем чаму», — дадала крыніца журналістаў. BFMTV называе з'яўленне Дурава ў Францыі «загадкай».
У 2021 годзе паведамлялася, што Дураў, які эміграваў з Расіі ў 2014-м, атрымаў грамадзянства Францыі. У апошнія гады прадпрымальнік жыў у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах.
Улады Францыі могуць выкарыстоўваць арышт Паўла Дурава для ціску на іншыя краіны Еўропы, каб тыя больш актыўна змагаліся з зашыфраванымі мэсанджарамі, якімі ў тым ліку карыстаюцца тэрарысты, піша TF1. Пасля затрымання Дурава крыптавалюта Toncoin (TON), якая выкарыстоўваецца для аперацый усярэдзіне Telegram, звалілася на 14%.
"Медуза" звярнулася па каментар да віцэ-прэзідэнта Тэлеграма Іллі Перакопскага, але на момант публікацыі ён не адказаў на пытанні карэспандэнта выдання.
Паведамленні аб затрыманні Дурава пракаментавалі расійскія парламентарыі. Кіраўнік камітэта Савета Федэрацыі па канстытуцыйным заканадаўстве Андрэй Клішас назваў дзеянні Францыі "барацьбой за свабоду слова і еўрапейскія каштоўнасці".
Віцэ-спікер Дзярждумы Уладзіслаў Даванкоў заявіў, што заклікаў кіраўніка МЗС Расіі Сяргея Лаўрова дабіцца вызвалення Дурава. «Арышт [Дурава] можа насіць пад сабой палітычныя падставы і з'яўляцца інструментам для атрымання доступу да асабістай інфармацыі карыстальнікаў Тэлеграма. Гэтага дапусціць нельга», — заявіў дэпутат.
У Таварыстве абароны інтэрнэту расцанілі сітуацыю з затрыманнем Дурава як спробу цэнзуры з боку Францыі.
Журналіст-расследавальнік праекту Bellingcat Хрысто Грозеў адзначыў: «Яго [Дурава] несупрацоўніцтва з ФСБ на карысць свабоды слова, на жаль, цалкам нейтралізуецца яго несупрацоўніцтвам ні з кім, каб спыніць выкарыстанне ТГ для ўсяго жудаснага. Гэта быў ягоны выбар. Можна было рабіць адно і не рабіць іншае?»
У сваю чаргу Георгій Албураў, расследавальнік ФБК, напісаў: «Арышт Дурава, акрамя таго што ён, мяркуючы па вядомых зараз пунктах абвінавачання, пякельна несправядлівы (Дураў, відавочна, не займаецца тэрарызмам і продажам зброі), — гэта яшчэ і вялікі ўдар па свабодзе слова. Толькі ўспомніце, як тэлеграм супраціўляўся блакіроўцы ў Расіі, як ён сам распрацоўваў інструменты для абыходу блакіровак, і параўнайце, як у апошнія месяцы пакорліва склаў лапкі і змірыўся са сваёй доляй непараўнальна багацейшы ютуб. Свабоду Паўлу Дураву».