Лукашэнка хоча заскочыць у апошні вагон цягніка легітымнасці?
Становішча, у якое загнаў сябе правадыр рэжыму, не дазваляе яму асабліва варушыцца — калі перад носам вайна. Але ўласныя амбіцыі і ўлада яму даражэй, таму ў прыярытэце — выбары, якія ён мае намер «выйграць».
Лукашэнка дасягнуў таго ўзросту, на які людзі бывалыя рэагуюць коратка: «стары, а горш за малога». Заблытаўся Лукашэнка ў сваіх ігрышчах, а тут яшчэ на плечы і 70-ты годзік непрыкметна прызямліўся.
Адсюль і блытаніна ў паказаннях: то ён за тры дні Кіеў браў, то ўсё паказваў на мапе, адкуль напад рыхтаваўся, то заклікі «спыняць драчку». То падводзіць беларускія войскі да мяжы з Украінай, то адводзіць.
Пра сэнс геапалітычных кіданняў беларускага кіраўніка «BGmedia» пагаварылі з дырэктарам «Інстытута сусветнай палітыкі» (Кіеў, Украіна) Яўгенам Магдам.
Гульня ў салдацікі
— «Ніякіх загадаў, каб ісці па-за межы нашай краіны не было і не будзе. Мы толькі тады будзем ваяваць, калі прыйдуць да нас з дрэннымі намерамі. Вось і ўсё», — заявіў пазаўчора Лукашэнка перад галоўнымі прапагандыстамі. Тады што робяць беларускія войскі на мяжы з Украінай, якія «міратворац» сам жа і адправіў?
— На мой погляд, Лукашэнка выдатна разумее, што пераход мяжы Украіны беларускімі войскамі будзе азначаць для яго палітычную смерць. Ён акажацца ў сітуацыі, калі давядзецца ўжо не проста манеўраваць, а сутыкацца са смерцямі сваіх грамадзян, з чым пакуль у такім маштабе не сутыкаўся ніхто з беларускіх палітыкаў. Для яго, каго паказваюць як кіраўніка дзяржавы, які адказвае за ўсё, гэта занадта цяжкая адказнасць.
Трэба разумець, што такой колькасці беларускіх войскаў, якая магла б сведчыць пра падрыхтоўку нападу ва Украіну, на мяжы няма. Пра гэта піша і «Беларускі Гаюн», і іншыя крыніцы, якім можна давяраць. Так што гэта імітацыя бурнай дзейнасці і імкненне паказаць сваю лаяльнасць Пуціну: Лукашэнку сёння гэта вельмі неабходна.
— Лукашэнка то кідае беларускія войскі на мяжу з Украінай, то адводзіць. Па карціне, якую нам паказваюць, можна зрабіць выснову: Крэмль прымушае хаўрусніка да вайны, а той упіраецца не толькі ўсімі нагамі і рукамі, але яшчэ і галавой. Мы бачым рэальнасць абр змадэляваную прапагандай карцінку?
— Гульня ў салдацікі, якую Лукашэнка абраў як спосаб палітычнай актыўнасці, не новая, у тэхналагічным плане стварэнне вобраза вонкавага ворага — не навінка. Але беларускае войска ніколі не ваявала і нават не брала ўдзелу ў міратворчых аперацыях. І стан спраў у самой Беларусі не дазваляе сказаць, што там усе гатовыя паміраць за Лукашэнку. Думаю, Лукашэнка насамрэч добра разумее, што словы «мы, беларусы, мірныя людзі» — гэта не проста словы з дзяржаўнага гімна, а яны адлюстроўваюць рэальныя настроі беларускага грамадства.
Лукашэнка і Пуцін — палітычныя спадарожнікі, не сябры
— Ці мае Крэмль рычагі ціску, націснуўшы на якія, прымусіць Лукашэнку кінуць беларускае войска ў горан вайны?
— Лукашэнка і Пуцін — не сябры, яны палітычныя пасажыры. Пуцін, безумоўна, будзе спрабаваць аказаць ціск на Лукашэнку. Але тут узнікае простае пытанне — што сёння важней для Расіі: каб беларускі ваенна-прамысловы комплекс працаваў у яе інтарэсах ці каб некалькі тысяч беларусаў прынялі ўдзел у баявых дзеяннях супраць Украіны? Зыходзячы з маштабу расійска-ўкраінскай вайны, якая з'яўляецца найбуйнейшай вайной у сучасным свеце, некалькі тысяч вайскоўцаў (нават прафесійна падрыхтаваных вайскоўцаў) не крытычныя.
Лукашэнка сапраўды рыхтуе прэзідэнцкую кампанію на люты
— «Мы хутка ўступаем у перадвыбарчую кампанію. Натуральна, што СМІ, на шчасце, будуць адыгрываць практычна адну з вядучых роляў у гэтай сітуацыі. Я кажу, на шчасце, што не іншыя праблемы, войны і іншае. Лепш на гэтым полі будзем ваяваць». Вайна ці прэзідэнцкая кампанія — што для яго цяпер важней?
— Я мяркую, што можна давяраць прадстаўнікам «Белполу», якія сцвярджаюць, што Лукашэнка пойдзе на датэрміновыя выбары 23 лютага 2025 года. Сама дата паказальная, і яна, дарэчы, не звязаная з вайной: насуперак савецкай міфалогіі, да 23 лютага 1918 года атрады Чырвонай гвардыі былі разгромленыя немцамі. Але ладна, «гісторыку» лепш відаць…
Беларускае заканадаўства не дазваляе праводзіць выбары ва ўмовах вайны, ва ўмовах ваеннага становішча. Меркаваць, што Лукашэнка стане прасоўваць ідэю вайны замест таго, каб проста пераабрацца, — нелагічна. Для яго куды важней прэзідэнцкая кампанія, уласнае пераабранне і стварэнне ілюзіі, што ён змяніўся і гатовы да нейкіх пераўтварэнняў.
— Лукашэнка ўхіліўся ад адказу, ці збіраецца выстаўляць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах, якія павінны адбыцца не пазней за ліпень 2025 года. І публічна заклікаў прапаганду «не валіць на карысць дзеючага прэзідэнта, калі ён будзе кандыдатам». Гэта значыць, за зачыненымі дзвярыма ён загадаў «валіць» менавіта за сябе, любімага. Але пытанне ў іншым: калі да прэзідэнцкай кампаніі застаўся цэлы год, ці не занадта рана Лукашэнка пачаў яе?
— Я думаю, што Лукашэнка сапраўды рыхтуе прэзідэнцкую кампанію на люты. І вяртанне Наталлі Пяткевіч, і перамяшчэнне Максіма Рыжанкова, і Дзмітрыя Крутога з'яўляюцца індыкатарамі таго, што змены адбываюцца. Я практычна ўпэўнены, што на сёмых прэзідэнцкіх выбарах Лукашэнка будзе імкнуцца стаць не проста пераможцам, а пераможцам, фармат перамогі якога дазволіць гаварыць пра легітымнасць.
Ведаеце, нескладана выйграць, калі твае апаненты знаходзяцца за мяжой з вялізнымі абвінаваўчымі прысудамі, вынесенымі завочна, альбо сядзяць у турме. Але Лукашэнка, паводле свайго звычаю, чарговым разам паспрабуе ў чымсьці пераканаць Захад.
Паглядзім, што ў яго атрымаецца.