919-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: РФ выводзіць з Афрыкі сваіх наймітаў, каб абараніць Курскую вобласць
Не сціхае вайна на тэрыторыі Украіны, але цяпер баявыя дзеянні вядуцца і ў Расіі. Сабралі асноўную інфармацыю пра падзеі на фронце за апошнія суткі.
***
Расійскія вайскоўцы з ПВК «Мядзведзі», якія былі размешчаныя ў афрыканскай краіне Буркіна-Фасо будуць накіраваныя ў Курскую вобласць, каб стрымаць наступ УСУ, піша французскае выданне «Le Monde».
Журналісты даведаліся, што байцы брыгады, якую звязваюць з Мінабароны РФ, колькасцю каля ста чалавек, што прыбыла ў сталіцу краіны Уагадугу ў траўні, забяспечвала ахову шэрагу ключавых фігур, у тым ліку, верагодна, кіраўніка хунты капітана Ібрагіма Траорэ.
Іх місія была непрацяглай — цяпер яны пакуюць валізкі. «Афіцыйнай прычынай іх ад'езду, усяго праз тры месяцы пасля прыбыцця, з'яўляецца ўдзел у расійскіх абарончых намаганнях супраць наступу ўкраінскай арміі, пачатага 6 жніўня ў Курскай вобласці», — піша «Le Monde».
Камандзір брыгады «Мядзведзь» Віктар Ермалаеў з псеўданімам «Джэдай», які звязаўся з «Le Monde» 22 жніўня праз службу зашыфраваных паведамленняў Telegram, пацвердзіў вывад войскаў. Ён напісаў, што «ўсе расійскія салдаты забываюць пра свае праблемы і аб'ядноўваюцца для барацьбы з ворагам».
Паводле звестак выдання, 27 жніўня, у Telegram-канале яго падраздзялення з'явілася больш дакладнае паведамленне пра тое, што «ў сувязі з апошнімі падзеямі брыгада вяртаецца ў Крым», дзе базуецца ПВК.
У ПВК «Мядзведзі» адмаўляюць сувязь з расійскім абаронным ведамствам.
Зрэшты, адзначае выданне, ёсць сведчанні пра кантакты з некаторымі яе кіраўнікамі. У прыватнасці, 5 красавіка 2023 года Юнус-Бек Яўкураў, намеснік міністра абароны Расіі, які цяпер курыруе ўсю вайсковую прысутнасць Крамля на афрыканскім кантыненце, асабіста наведаў лагер «Перавальнае» ў акупаваным Крыме, каб прапанаваць сваю падтрымку.
***
Расійскія войскі цяпер ажыццяўляюць дзве тактычныя аперацыі ў рамках наступальнага плана па захопе Пакроўска і спрабуюць акружыць украінскія пазіцыі паміж Мірнаградам і Гродаўкай, паведамляюць аналітыкі амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW).
Першая тактычная аперацыя — уздоўж лініі Навагродаўка — Гродаўка на ўсход ад Пакроўска з мэтай захопу Мірнаграда і прасоўвання да ўскраін Пакроўска.
Другая тактычная аперацыя — уздоўж лініі Сялідава — Украінск — Гарняк на паўднёвы ўсход ад Пакроўска, накіраваная на пашырэнне расійскай групоўкі на Пакроўскім кірунку і ліквідацыю ўразлівых месцаў для контратак з боку ўкраінскіх войскаў.
Расійскае ваеннае камандаванне, верагодна, разглядае абедзве гэтыя тактычныя аперацыі як жаданыя перадумовы для пачатку інтэнсіўных наступальных дзеянняў на сам Пакроўск.
Галоўнакамандуючы УСУ генерал Аляксандр Сырскі заявіў 29 жніўня, што найбольш інтэнсіўныя баі на Пакроўскім кірунку працягваюцца на ўсходніх ускраінах Гродаўкі (на ўсход ад Пакроўска), на паўднёвы захад ад Гродаўкі каля Чырвонага Яра, у межах Навагродаўкі (на паўднёвы ўсход ад Пакроўска) і непасрэдна на ўсход ад Сялідава каля Міхайлаўкі (на паўднёвы ўсход ад Пакроўска).
Апошнімі днямі ISW назірала расійскія поспехі ў гэтых раёнах.
Нядаўна расійцы атачылі ўкраінскія пазіцыі на паўднёвы ўсход ад Пакроўска ўздоўж Карлаўскага вадасховішча і прымусілі ўкраінцаў адступіць з абмежаваных пазіцый у гэтым раёне.
Верагодна, яны спадзяюцца дасягнуць падобнага эфекту, спрабуючы акружыць ўкраінскія пазіцыі паміж Мірнаградам і Гродаўкай, хоць застаецца незразумелым, ці змогуць расійскія войскі падтрымліваць адносна хуткія тэмпы прасоўвання праз параўнальна вялікі горад Мірнаград і яго ваколіцы.
***
За мінулыя суткі расійскія войскі штурмавалі 10 кірункаў фронту, Пакроўскі кірунак быў атакаваны 58 разоў, усяго на фронце адбылося 215 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ.
«У ноч на 30 жніўня 2024 года вораг нанёс удар балістычнай ракетай "Іскандэр-М" з Крыма і 18-цю ўдарнымі БПЛА тыпу "Shahed-131/136" з раёнаў Прыморска-Ахтарска і Курска — РФ».
Паведамляецца, што для адбіцця атакі прыцягваліся авіяцыя, зенітныя ракетныя войскі, РЭБ і мабільныя агнявыя групы Паветраных сіл і Сіл абароны Украіны.
У выніку супрацьпаветранага бою збіта 12 ударных БпЛА «Shahed-131/136», чатыры былі лакальна страчаныя, гэта значыць упалі самастойна.
Супрацьпаветраная абарона працавала ў Вінніцкай, Мікалаеўскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай і Сумскай абласцях.
Сілы абароны Украіны за мінулыя суткі «адмінусавалі» 1 200 акупантаў, 23 артылерыйскія сістэмы, 23 ББМ і 3 танкі.
Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 да 30.08.24 арыенціровачна склалі:
- асабістага саставу — каля 613 590 (+1 200) чалавек;
- танкаў — 8 574 (+3) адз.;
- баявых браніраваных машын — 16 722 (+23) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 17 572 (+23) адз.;
- РСЗА — 1 175 (+1) адз.;
- сродкаў СПА — 940 (+1) адз.;
- самалётаў — 368 (+0) адз.;
- верталётаў — 328 (+0) адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 14 453 (+84) адз.;
- крылатых ракет — 2 556 (+0) адз.;
- караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
- падводных лодак — 1 (+0) адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 23 763 (+57) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 2 967 (+2) адз.
***
У чацвер, 29 жніўня, на Курахоўскім кірунку ў Данецкай вобласці ўкраінскія дэсантнікі адбілі чарговую масіраваную атаку ворага, знішчыўшы 13 адзінак вайсковай тэхнікі і пэўную колькасць асабістага саставу расійскіх захопнікаў, гаворыцца ў заяве аддзялення камунікацый 46 асобнай аэрамабільнай брыгады ДШВ УСУ.
«Лічба 13 чарговы раз стала нешчаслівай для акупантаў на Курахоўскім кірунку.
Не праходзіць дня, каб расійскія акупанты не звярталіся да новых і новых штурмаў пазіцый нашай брыгады. Вось і ўчора субраты адбілі чарговую масіраваную атаку. 17 адзінак разнастайнай браняванай тэхнікі спрабавалі прарвацца скрозь абарону 46 ААэмБр. З іх толькі чатыром, самым разумным, удалося вярнуцца да сваіх».
Адносна наступстваў дэсантнікі паведамляюць, што 13 адзінак варожай тэхнікі было знішчана на мінных загародах, агнём артылерыі, ПТРК і FPV-дронамі.
Адносна асабістага саставу: частка ворагаў знішчана непасрэдна на брані; хто спяшаўся і схаваўся ў кустах, тых даганялі і вылоўлівалі беспілотнікамі, дадаюць дэсантнікі.
«Якая з гэтага прыкладу напрошваецца выснова? Лёс акупанта заўсёды быў, ёсць і будзе няўдзячным, таму што ад справядлівага пакарання іх нішто не ўратуе».
***
У Сумах ратавальнікі лакалізавалі, але працягваюць тушыць маштабны пажар на прадпрыемстве, якое пацярпела ў выніку расійскай атакі 30 жніўня.
Паводле паведамлення Дзяржаўнай служба па надзвычайных сітуацыях Украіны, «праз расійскую атаку ўзнік пажар вялікіх маштабаў! Разбураныя будынкі і памяшканні.
На месцы здарэння працуюць ратавальнікі. Задзейнічана спецыяльная пажарная тэхніка, у прыватнасці для правядзення вышынных работ і падвозу вады. Пажар удалося лакалізаваць. Працы працягваюцца».
Папярэдне, у выніку здарэння загінулі 2 чалавекі (адзін ад атрыманых траўм памёр у бальніцы, цела яшчэ аднаго дэблакавалі ратавальнікі).
Паводле звестак медыкаў, 13 чалавек траўмаваныя, адзначаюць у ДСНС.
***
30 жніўня расійцы нанеслі артылерыйскі ўдар «Ураганам» па горадзе Курахава ў Данецкай вобласці, у выніку чаго пацярпелі 5 чалавек. Працягваецца пошук людзей пад заваламі.
Як паведаміла Данецкая абласная пракуратура, «удзень 30 жніўня 2024 года войскі РФ абстралялі г. Курахава, імаверна, з РСЗА "Ураган". Варожыя снарады папалі па цэнтральнай частцы населенага пункта».
Кіраўнік Данецкай абласной адміністрацыі Вадзім Філашкінудакладніў, што акупанты папалі ў жылую трохпавярхоўку, адміністратыўны будынак і краму. Жанчына і чацвёра мужчын ва ўзросце ад 42 да 69 гадоў атрымалі цялесныя пашкоджанні. У пацярпелых дыягнаставаны множныя аскепкавыя раненні, рэзаныя раны, акубаратраўмы. Ім аказана медыцынская дапамога.
***
Уначы расійскія вайскоўцы абстралялі Карабельны раён Херсона, у выніку атакі пацярпелі 69-гадовая жанчына і 41-гадовы мужчына.
У Херсонскай АВА паведамляюць: «З-за варожага абстрэлу пацярпела 69-гадовая жанчына, якая знаходзілася ў памяшканні. Яна атрымала выбуховую траўму і кантузію». 41-гадоваша мужчыну «хуткая» даставіла ў бальніцу. У яго выбухная траўма і кантузія.
Акрамя таго, паводле даных ДСНС Украіны, у Херсоне і прыгарадзе ад пападання варожых боепрыпасаў загарэліся тры жылыя дамы. У вёсцы Новаваранцоўка акупанты скінулі выбухоўку з БПЛА, загарэўся легкавы аўтамабіль. Таксама ратавальнікі ліквідавалі тры пажары сухастояў агульнай плошчай 1,8 га.
***
Раніцай 30 жніўня расійскія акупанты тройчы абстралялі пажарна-выратавальную частку горада Нікапаль, што на Днепрапятроўшчыне; ёсць разбурэнні, але абышлося без пацярпелых.
Як паведамляе ДСНС Украіны ў Telegram, «раніцай вораг спрабаваў знішчыць пажарна-выратавальную частку горада Нікапаль, што на Днепропетровщине. Расійцы тройчы бязлітасна атакавалі ратавальнікаў».
У ДСНС адзначылі, што акупанты пашкодзілі браму будынка пажарнага дэпо, дах складскога памяшкання і выратавальную лодку.
«На шчасце, ніхто з асабістага саставу не пацярпеў», — падсумавалі ў службе.
***
Уначы 30 жніўня расійскія захопнікі ўдарылі па прамысловым аб'екце ў Палтаўскай вобласці.
«Уначы вораг нанёс удары БпЛА па прамысловым аб'екце на Палтаўшчыне. Абышлося без пацярпелых», — напісаў кіраўнік Палтаўскай вобласці Філіп Пронін у Telegram.
***
Расійскія акупанты пашкодзілі прамысловае прадпрыемства ў Марганецкай грамадзе Днепрапятроўскай вобласці, за ноч над рэгіёнам збілі 4 «Шахеды», паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай АВА Сяргей Лысак у Telegram.
«4 "Шахеды" збілі над вобласцю абаронцы гэтай ноччу. Працягваліся атакі на Нікапальшчыну. Вораг біў з цяжкай артылерыі, ужываў дроны-камікадзэ і скідаў боепрыпасы з БпЛА. А яшчэ абстрэльваў з РСЗА "Град". Пад ударам былі Нікапаль і Марганецкая грамада. Пашкоджана прадпрыемства».
Кіраўнік аблрады Мікалай Лукашук удакладніў, што прамысловае прадпрыемства пашкодзілі ў Марганецкай грамадзе.
Паводле сло прадстаўнікоў улады, людзі не пацярпелі.