«Лукашэнка расказвае педагогам, як ім трэба вучыць, а прапагандыстам — як ім трэба працаваць»

Медыяэкспертка Ірына Сідорская ў інтэрв'ю «Свабодзе» расказвае, ці спраўляецца прапаганда з выклікамі, якія перад ёй стаяць.

_telebasznja___minsk___telebaczanne__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

— Аляксандр Лукашэнка правёў нараду на тэму «інфармацыйнай палітыкі», дзе, сярод іншага, прагучала ідэя аб стварэнні новага тэлевізійнага канала. Навошта беларускай прапагандзе яшчэ адзін тэлеканал?

— Калі шчыра, я з вялікім сумневам стаўлюся да гэтай іх ідэі. Гэта тое, што яны заўсёды робяць — пускаюць пыл у вочы, маюць вялікія амбіцыі, якія невядома на чым грунтуюцца. Бо ў іх няма тут рэсурсаў, найперш кадравых і фінансавых. Калі грошы, як выглядае, ім дадуць, то наконт прафесіяналаў у мяне вялікія сумневы.

Нават калі паглядзець на нейкія падобныя расійскія праекты, то і там мала што атрымалася, нягледзячы на большыя рэсурсы. Чаму ж беларускія прапагандысты думаюць, што ў іх са значна меншымі рэсурсамі штосьці можа атрымацца?

— Выглядае, што на гэтай нарадзе абмяркоўвалі, як прапаганда павінна рыхтавацца да прэзідэнцкай кампаніі. Ці былі там пастаўленыя нейкія «стратэгічныя задачы», магчыма, новыя мэты і метады? Ці гэта проста абавязковае мерапрыемства, якое праводзіцца з пэўнай перыядычнасцю?

— Я адзначу, што адкрытых звестак пра гэтую нараду было няшмат, яна была ў пэўным сэнсе закрытай — таму мы не маем усёй інфармацыі, каб рабіць дакладныя высновы.

Але можна адзначыць, што Лукашэнка традыцыйна працуе ў ручным рэжыме. Перад гэтай інфармацыйнай нарадай была нарада педагагічная. Ён расказвае педагогам, як ім трэба вучыць, а цяпер расказвае прапагандыстам, як ім трэба працаваць. Мы да гэтага звыклі.


Глядзіце таксама

Вядома, наперадзе год выбарчай кампаніі, і Лукашэнка зацікаўлены ў тым, каб яна прайшла паводле яго сцэнара. Аднак я не бачу нічога прынцыпова новага ані ў яго рыторыцы, ані ў працы прапаганды. Гэта тыя ж самыя наратывы пра тое, які кепскі «калектыўны Захад» і як добра жывецца ў Беларусі. Альбо, калі гавораць пра пэўныя недахопы, то іх, маўляў, Лукашэнка загадаў неадкладна выправіць. Нібыта не ён 30 гадоў усім гэтым кіруе.

— Тэзісы прапаганды звычайна мяняюцца ўслед за словамі галоўнага кіраўніка. Калі лібералізацыя і шматвектарнасць, то — слава лібералізацыі і шматвектарнасці. Калі рэпрэсіі і поўны разрыў з Захадам, то ўслаўляюць гэта. Апошнімі тыднямі адбылося вызваленне некаторых палітвязняў, змякчэнне міграцыйнага крызісу на мяжы з Польшчай, прагучалі нейкія памяркоўныя словы пра суседзяў. Прапаганда неяк рэагуе на ўсё гэта — ці пакуль не было такога загаду?

— Так, прапаганда імкнецца паспяваць за любымі хістаннямі. Яна ж сэрвільная, службовая. Яна адпрацоўвае не пэўную ідэалогію — яна адпрацоўвае словы Лукашэнкі. А ў Лукашэнкі фактычна ніякай ідэалогіі няма. У яго адзіная мэта — утрымаць уладу.

Таму яго выказванні заўсёды супярэчлівыя. Сёння ён кажа, што ўкраінцы ворагі, а заўтра — што яны «нашы суседзі і браты, таму не крытыкуйце іх занадта моцна». І ён можа нават у адной прамове сказаць часам вельмі супярэчлівыя тэзісы.

Таму прапагандыстам бывае складана, але яны таксама нярэдка самі сабе супярэчаць. І калі ім указваюць, што вы ж зусім па-рознаму тлумачыце адны і тыя ж факты, то яны не саромеюцца. Бо гэта іх непасрэдная задача — накідаць розных версій, каб звычайны слухач і чытач падумаў: «Я ў гэтым разабрацца не магу, хай будзе так, як кажа кіраўнік».

Таму прынцыповых змен у дзейнасці прапаганды я не бачу. Так, за апошні месяц рыторыка Лукашэнкі стала менш людажэрскай, але задачы прапаганды тут не змяніліся. Звычайным людзям, непалітызаваным, яна расказвае, як усё добра ў нас і як усё кепска на Захадзе. А людзям палітызаваным, апазіцыйным — і ў Беларусі, і за мяжой — паказвае: «Паглядзіце, якія мы моцныя, у вас няма ніякай будучыні, народ вас не падтрымлівае». Гэтыя мэсэджы не змяніліся.

— Калі дапусціць, што здарыцца малаімаверны сцэнар: выбарчая кампанія пойдзе пад лозунгам «мы адзін народ», «давайце перагорнем старонку», «давайце жыць мірна», «новая сацыяльная дамова» — як хутка прапаганда на гэта пераключыцца?

— Імгненна пераключыцца, тут няма ніякіх сумневаў. Але я не думаю, што Лукашэнка будзе заклікаць да гэтага. Ён можа сказаць, што «давайце перагорнем старонку», а праз хвіліну паўторыць пра тое, што вакол ворагі, «пятая калона» і нельга даваць ім магчымасці разгарнуцца.


Глядзіце таксама

Я згадваю нядаўнюю педагагічную нараду — ён там гаварыў і пра ворагаў, і пра тое, як добра, што ў школу прыходзяць мужчыны з сілавых ведамстваў. Гэта ніяк не падобна да «перагортвання старонкі» і «новага сацыяльнага кантракту».

— Калі Лукашэнка, як вы кажаце, часам нават у адной прамове дае самыя розныя мэсэджы, — як прапаганда разумее, дзе яго сапраўдная думка, якую трэба ўспрымаць як дырэктыву, а дзе нешта сказана «на ўсялякі выпадак», «для выгляду»? Прапаганда, напрыклад, пляжыць Украіну, а тут Лукашэнка раптам кажа, што трэба быць асцярожнымі з гэтым, і потым віншуе Украіну з Днём незалежнасці...

— Часам гэта для іх сапраўды праблема. Але яны там паміж сабой ролі падзялілі. Ёсць тыя, хто бяжыць паперадзе цягніка, тыя, хто падхоплівае самыя адыёзныя выказванні і развівае іх далей. Ёсць больш памяркоўныя і асцярожныя.

Але ёсць афіцыйныя «метадычныя рэкамендацыі для інфармацыйных груп». Таму нават тыя, хто прэтэндуе на «лідараў думак», проста паўтараюць гэтыя метадычкі, асабліва не адыходзячы ад тэксту. Бо на самой справе гэта міннае поле: ступіш не туды — і Бондарава напіша, што ты «абараняеш змагароў». Альбо нават сам Лукашэнка скажа, што так нельга.