Лукашэнка заклікаў дзяржСМІ «прапагандаваць беларускую праўду». Пра што яна?

Дыктатар актыўна рыхтуецца да выбараў, на якіх яму патрэбны вобраз паспяховага кіраўніка. Чаго дабіўся гэты «кіраўнік» за апошнія гады?

З дапамогай прапаганды можна запэўніць у чым заўгодна. Але хто паверыць? Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

З дапамогай прапаганды можна запэўніць у чым заўгодна. Але хто паверыць? Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Каб не моцна хвалявацца ад сапраўдных навін, Лукашэнка паставіў пытанне рубам: заклікаў прапагандысцкія СМІ прапагандаваць выключна сваю праўду. А што, вельмі зручна. І для здароўя карысна.

«Ёсць што паказаць людзям»

«Я заклікаю вас грунтавацца на праўдзе. І прапагандаваць будзем толькі нашу беларускую праўду», — звярнуўся Лукашэнка да цяперашніх галоўных прадстаўнікоў дзяржпрапаганды на нарадзе аб актуальных пытаннях інфармацыйнай палітыкі.

Ён таксама заклікаў дзяржСМІ «не валіць на карысць яго», калі ён стане кандыдатам на будучых прэзідэнцкіх выбарах, а «аб'ектыўна паказваць людзям, што зроблена за мінулы перыяд», піша «Plan B».


Глядзіце таксама

Я, вядома, удзячны ўсім вам, што вы бераце самыя актуальныя тэмы нашага жыцця. І мяне там часам нядрэнна паказваеце. Дзякуй, вядома. Але нам трэба будзе ў гэтую перадвыбарчую кампанію паказаць, чаго мы дасягнулі на гэты час. І нам зноў не трэба кагосьці за вушы сюды цягнуць. Ёсць што паказаць людзям, — сказаў Лукашэнка. — Так, у нас ёсць нямала недахопаў. Ну што зрабіць... ва ўсіх яны ёсць. Але зроблена нямала, і трэба гэта людзям паказаць. А людзі хай ужо вызначаюць, што ім рабіць і каго выбіраць».

Беларусы і эканоміка з'язджаюць

Зроблена з апошніх выбараў і праўда нямала. Больш за 200 тысяч грамадзян Беларусі пакінулі краіну за 2021 і 2022 гады. І гэта толькі афіцыйная лічба ад МУС.

Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», за чатыры гады праз палітычны пераслед было затрымана блізу 65 тысяч чалавек, зафіксавана больш за 74 тысячы фактаў рэпрэсій, колькасць палітвязняў вырасла ў 55,5 разоў: 9 жніўня 2020 года іх было 25, сёння — 1 368, больш за 2 тысячы чалавек ужо маюць статус былых палітвязняў, вядома як мінімум пра 6 971 фігуранта крымінальных спраў. Мінімум 2 671 чалавек асуджаны за ўдзел у акцыях пратэсту. Шасцёра палітвязняў памерлі за кратамі. Пяцёра загінулі падчас пратэстаў і затрыманняў. Аніводнай крымінальнай справы не было распачата па катаваннях і фактах смерцяў пратэстоўцаў і палітвязняў.


Глядзіце таксама

Беларуская эканоміка за гэтыя гады сышла з еўрапейскіх рынкаў і пайшла шукаць сабе шчасця ў самых бедных краінах Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Залежнасць ад Расіі, некалі ў асноўным энергетычная, стала яшчэ фінансавай, лагістычнай, экспартнай. Увогуле, поўнай. А Беларусь стала саўдзельніцай нападу на Украіну.

Усе недзяржаўныя СМІ ў краіне былі разгромленыя і цяпер вымушаныя працаваць з эміграцыі. У турмах знаходзяцца 35 прадстаўнікоў незалежных СМІ.

Так што праўда, калі яна не беларуская, вочы будзе калоць. Мала не падасца. Але Лукашэнка пра гэта не даведаецца, бо калі вочы заплюшчыць, то гэтага ўсяго нібы і няма.