«Тэлевізары стараюцца, а вялікай і чыстай народнай любові ўсё роўна не хапае. Таму трэба больш тэлевізараў»

Прывід былой народнай любові не дае спакою свяцілу ўсяе Беларусі, і ён стараецца вярнуць тое, што раней было. Напрыклад, стварыўшы новы тэлеканал, у якім людзям раскажуць і пакажуць, які цуд яны ледзь не страцілі ў 2020-м.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Беларускія ўлады вырашылі завесці сабе новы тэлевізар. У літаральным сэнсе гэтага слова. Вырашылі стварыць новы тэлевізійны канал, які будзе паказваць тое, што паказваюць старым тэлевізійным каналам, але толькі 24 гадзіны ў суткі і сем дзён на тыдзень.

Таму што каналы, якія ёсць, яны, вядома, добрыя і вельмі стараюцца. Але тэлевізары стараюцца, а вялікай і чыстай народнай любові ўсё роўна не хапае. А хочацца, піша аўтар ТГ-канала «Лісты да дачкі».

Пакуль, праўда, паказчыкі колькасці тэлевізараў і народнай любові паміж сабой ні разу не карэлявалі. А калі карэлявалі, то, па-мойму, зваротна-прапарцыйным спосабам. Колькасць тэлевізараў нават на любові да тэлевізара адбівалася выключна неспрыяльным чынам. Таму што чым больш улады стараюцца ў тэлевізары, тым менш жадаючых гэты тэлевізар глядзець.


Глядзіце таксама

Вось пры мільёнах віртуальных тэлегледачоў беларускі тэлевізар на YouTube, гэта значыць там, дзе яго можна праверыць, глядзяць ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч чалавек. І некалькі тысяч для беларускага тэлевізара — вельмі добры вынік. Таму што бываюць праграмы, якія глядзяць толькі бухгалтэрыя і бліжэйшыя сваякі аўтара.

Выключэнні бываюць, калі сёй-той асабіста робіць для тэлевізара вялікі стэндап. Ды і тое апошнім часам выключэнні здараюцца рэдка. Таму што стары рэпертуар публіцы ўжо надакучыў, а новым трукам сяго-таго ў яго шаноўным узросце ўжо не вывучыш.

Вось калі б спецыяльна навучаныя людзі не пераказвалі нам, што гавораць сведкі стабільнасці ў сябе ў тэлевізары, то мы з вамі пра гэта нават не даведаліся б. А сэнс тэлевізара ўсё-ткі ў тым, каб яго глядзелі мы з вамі, а не толькі спецыяльна навучаныя людзі.

І вось калі тэлевізары ёсць, а іх усё роўна ніхто не глядзіць, то якая з гэтага вынікае лагічная выснова? Правільна. Трэба больш тэлевізараў. Таму што калі да тых каналаў, якія не глядзяць, дадаць яшчэ адзін у рэжыме 24 на 7, то сумарная колькасць патэнцыйнай аўдыторыі вырасце.


Глядзіце таксама

Адкуль гэтая аўдыторыя вырасце, я вам растлумачыць не магу. Маёй фантазіі і ўяўлення на гэта не хапае. Але ў тэлевізараў, мабыць, уяўлення хапіла, і яны ўсё растлумачылі як трэба. Ну, інакш ім не далі б грошай на новы тэлевізар, які будзе паказваць 24 на 7. Таму што грошай на гэта трэба шмат.

Ну і вы ж разумееце, што ў гэтым і складаецца сэнс новага тэлевізара. У сэнсе, каб шмат новых грошай. А вялікая і чыстая народная любоў — гэта такі неабавязковы пабочны прадукт. Усё роўна ўсе разумеюць, што і з тэлевізарам, і без тэлевізара народнай любові няма адкуль узяцца. А грашам пакуль ёсць адкуль. І трэба хутка карыстацца, пакуль грошы не скончыліся.