Ва ўмовах дэвальвацыі гарантый бяспекі можна нават гуманізмам заняцца
Старэйшы саюзнік не ўхваляеактаў
гуманізму. Таму можа бесстаронна задаць пытанне,
для якой патрэбы гарант мясцовай стабільнасці вырашыў падаслаць саломкі, разважае аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі».
Пра тое, як сёй-той зноў усіх перахітрыў.
Таму што — як вядома — сёй-той майстар геапалітычных інтрыг і стратэгічных манеўраў. Ну сёй-той пра гэта так дакладна ў курсе — яму тэлевізар распавядаў. Іншыя, можа, пра гэта не здагадваюцца, а сёй-той і тэлевізар дык нават не сумняваюцца.
Сёй-той скарыстаў прыдатнай нагодай — гэта значыць педсаветам — і распавёў, што яму зрабілі непрыстойную прапанову.
Наогул жа, прыстойныя людзі пра непрыстойныя прапановы не распавядаюць. Прынамсі, на педсавеце. Для гэтага ёсць псіхатэрапеўт з лялькамі. Але сяму-таму можна.
Увогуле, хтосьці распавёў, што яму прапанавалі прапусціць праз сваю тэрыторыю войскі NATO. І адразу да расійскіх межаў. Ну, мабыць, больш прыдатнай расійскай мяжы ў NATO не знайшлося.
І, канечне, сёй-той гэтую прапанову з абурэннем адхіліў. Прынамсі, зацікаўлены расійскі бок павінны быў так зразумець, што сёй-той адхіліў з абурэннем. Ну гэта значыць: «Я вам не здраджваў. Мяне NATO спакушала, але не паддаўся я, клянуся».
Я не буду табе зараз казаць пра ўзровень геапалітычных манеўраў і дыпламатычных інтрыг. Хто я такі, каб спрачацца з тэлевізарам? Але мне вось што цікава. Калі хтосьці клянецца, што ён не здраджваў, — значыць, ёсць супраць яго нейкія падазрэнні. Сумленнаму чалавеку клясціся не трэба.
Я, вядома, не пра тое, што камусьці зрабілі непрыстойную прапанову прапусціць праз сябе войскі NATO. У яго віртуальнай рэальнасці яму можа ўжо і марсіянскія трыножнікі прапаноўвалі. Але мяне раздзіраюць смутныя сумневы, што нейкая прапанова наогул мела месца. Што словы: «Захад», «NATO», «прапанова», «мне», «зрабілі», дзесьці там былі, толькі яны пераблытаныя месцамі.
У сэнсе прапанову яшчэ не зрабілі, а толькі збіраюцца зрабіць. І не камусьці, а —наадварот — ад сяго-таго. І не пра войскі NATO, а, напрыклад, пра асабістую стабільнасць. Але гэта ўсё, пагадзіся, нюансы. Галоўнае, што як чалавек сказаў — так яно і ёсць.
Таму што, варта пагадзіцца, гуманізм, — гэта не тое, чым сёй-той прывык займацца. У яго ўзросце і становішчы частыя заняткі гуманізмам карысныя для душы, але могуць быць небяспечныя для здароўя. А за апошні час яму давялося займацца гуманізмам ужо два разы.
Аднак УСУ ў Курскай вобласці моцна дэвальвавалі таму-сяму яго расійскія гарантыі бяспекі. А ва ўмовах дэвальвацыі гарантый бяспекі можна нават гуманізмам заняцца. Проста на выпадак іх раптоўнага дэфолту.
Але акт занятку гуманізмам не толькі мы з табой заўважылі. У старэйшага саюзніка вочкі таксама яшчэ пакуль не павылазілі. І актаў гуманізму старэйшы саюзнік не ўхваляе. Таму можа бесстаронна задаць пытанне, для якой патрэбы сёй-той вырашыў падаслаць саломкі.
Вось Курскую вобласць саюзнік абараніць не можа, а напаскудзіць можа з поўным сваім задавальненнем. Таму саюзніку лепш загадзя паклясціся, што сёй-той яму не здраджваў і на 99 адсоткаў здраджваць не збіраецца. А там ужо як пойдзе.
Таму што стабільнасці без знешніх гарантый не абысціся — з таго часу, як сокалы скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.