Высокі заробак — трыгер для прапаганды. Чаму ў Беларусі ўсе павінны быць беднымі?

З 2020 года ў так званых «пакаяльных відэа» людзей прымушаюць называць памер свайго заробка, быццам мець шмат грошай — гэта нешта няправільнае, непрыстойнае. З часам прапаганда ўсё больш правакуе нянавісць у дачыненні не толькі да заможных, але і да тых, хто проста зарабляе больш чым «па пяцьсот». 

fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas9_logo_1_logo_1.jpg

Прапагандыст Ігар Тур заклікаў бізнэсоўцаў у першую чаргу думаць пра краіну, а потым ужо пра свае даходы. І выставіў ультыматум: прадпрымальнікі павінны слухацца чыноўнікаў, калі не хочуць, каб тыя інакш «вырашалі пытанні». Гэтая заява ўкладаецца ў кантэкст таго, што гавораць апошнім часам яго калегі-прапагандысты Рыгор Азаронак і Андрэй Мукавозчык, мяркуе эканаміст Леў Львоўскі. У сваёй калонцы для «Зеркала» ён разважае, што стаіць за такімі заявамі і як гэта звязана з ідэалогіяй рэжыму Лукашэнкі.

Ідэалогія класавай нянавісці

Прапаганда класавай нянавісці ў Беларусі набірае новыя абароты. Пад маскай клопату пра краіну прапагандысты ўсё больш актыўна выстаўляюць паспяховых людзей і прадпрымальнікаў ворагамі грамадства, падаграваючы сацыяльную зайздрасць і незадаволенасць.

Прапагандыст Ігар Тур заклікаў бізнэсоўцаў у першую чаргу думаць пра краіну, а потым ужо пра свае даходы. І выставіў ультыматум-прадпрымальнікі павінны слухацца чыноўнікаў, калі не хочуць, каб тыя інакш «вырашалі пытанні». Падобная заява ўкладаецца ў кантэкст таго, што кажуць апошнім часам ягоныя калегі-прапагандысты Рыгор Азаронак і Андрэй Мукавозчык.

Азаронак, напрыклад, акрамя таго, што адкрыта выказвае незадаволенасць айцішнікамі, якія могуць сабе дазволіць піць смузі ў кавярні, задаецца пытаннем, «ці не зажраліся» беларусы, якія могуць сабе дазволіць купляць мандарыны не толькі да навагодняга стала. У іх можна знайсці шмат выказванняў літаральна ўзроўню літаратурнага Шарыкава. У іх не раз былі тырады супраць забяспечаных людзей. Ім не падабаецца, напрыклад, што праграмісты ў Мінску могуць у кавярні піць капучына або калі людзі ездзяць на добрых машынах. Прычым у гэтых шаленнях не згадвалася, ці падтрымліваюць Лукашэнку людзі, якіх крытыкуюць прапагандысты, галоўнае, што яны не рабочыя з завода, а жывуць нейкім іншым жыццём.


Глядзіце таксама

«Яны павінны быць самымі жабракамі, а не грэбці незразумела за што бабло рыдлёўкамі, як гэта адбываецца цяпер. Быць "айцішнікам" павінна быць сорамна. < ... > Яны павінны жабраваць. Яны павінны праклінаць сваё жыццё і бясконцых коуч-прафайлераў, якіх яны слухалі ў ютубе замест нармальнага настаўніка. Яны павінны быць зжэртымі вошамі і блыхамі і кучкавацца ў пэўных месцах», — пісаў Азаронак год таму.

Калі прасачыць іх выказванні за апошнія некалькі гадоў, складваецца ўражанне, што яны спрабуюць прасоўваць новую дзяржаўную ідэалогію. Некаторыя палітолагі кажуць, што аўтарытарны рэжым Лукашэнкі адрозніваецца ад сабе падобных тым, што не мае дзяржаўнай ідэалогіі. Звычайна ў такіх рэжымах пад абставіны падводзіцца ідэалогія: нам трэба пакутаваць дзеля вялікай мэты — камунізму, чучхе, вялікай імперыі. А беларусам кажуць, што трэба пакутаваць і цярпець, але мэту, дзеля якой гэта варта рабіць, не агучваюць. Магчыма, Азаронак на пару з Турам прапануюць версію такой ідэалогіі.

Заявы з афіцыйных трыбун не такія радыкальныя

Я не чую такіх заяў з афіцыйных трыбун. Лукашэнка і прадстаўнікі ўрада не настолькі сур'ёзна настроеныя супраць бізнэсу, багатых людзей. Ім не падабаюцца тыя бізнесмены, якія недастаткова лаяльныя і не падтрымліваюць Лукашэнку (хоць і праскоквалі камуністычныя лозунгі кшталту «пацісну руку апошняму прадпрымальніку»). З тымі, хто яго падтрымлівае, — сяброўства, інвестыцыі, любоў.

Можна сказаць, што прапагандысты лезуць паперад бацькі ў пекла. Звычайна роля прапагандыстаў — сто разоў на розныя лады паўтараць тое, што сказаў, напрыклад, Лукашэнка. А канкрэтна ў гэтай тэме, як мы бачым, выяўляецца іх незалежнасць. Яны відавочна транслююць тое, чаго не кажа палітык. Ён не заяўляе, што ўсе багатыя — дрэнныя, што ўсе праграмісты — дрэнныя. Наадварот, некаторыя багатыя людзі Лукашэнку вельмі нават падабаюцца.

Так, Лукашэнка выказваўся пра айцішнікаў, таму што ён нібыта іх «левай груддзю» выкарміў, а яны яму здрадзілі. Але якраз тыя, што яму «здрадзілі», яму і не падабаюцца. А тыя, якія гэтага не зрабілі, якія працуюць на рэжым, цалкам яму па душы. Ён жа выказваўся адносна прадпрымальнікаў, але, зноў жа, ён выступаў супраць тых, хто занадта незалежны або хто ўспамінае пра правы чалавека.


Глядзіце таксама

Але адначасова мы бачым зусім іншае стаўленне да сербскіх мільярдэраў — з імі выдатныя адносіны. Ён любіць ездзіць у ААЭ і выдатна наладжвае адносіны з мясцовымі багатымі бізнэсоўцамі. Калі прыедзе які-небудзь кітайскі мільярдэр-забудоўшчык, думаю, увесь Мінск выстраяць на парад, каб яго сустрэць.

Да таго ж, і сам Аляксандр Лукашэнка жыве зусім не сціпла. Ён любіць рэзідэнцыі, палацы, дзе інтэр'ер запоўнены мармурам і золатам. Любіць дарагое адзенне і машыны. Гэта не фігура Сталіна, які ходзіць у фрэнчы і думае толькі пра рэвалюцыю і з золата не есць. Аляксандр Лукашэнка выглядае як чалавек, які не супраць паесці з залатога посуду.

Усе павінны былі быць аднолькава беднымі

Як раз фінансы адрозніваюць беларускіх прапагандыстаў і расійскіх. Апошнія робяць усе гэтыя жахі за вялікія грошы. Вядома, што ў некаторых з іх ёсць вілы на возеры Кома ў Італіі, кватэры ў Маскве на трыста «квадратаў», іх дзеці вучацца ў Парыжы ці Нью-Ёрку. І ў цэлым у Расіі няма такой дыхатаміі. Там усе за багацце — і царква, і Пуцін, і прапагандысты. Цяпер яны заклікаюць: ідзі памры за Расію — і твая сям'я атрымае вялікія грошы.

У Беларусі самыя яркія прапагандысты — гэта людзі з нізоў, у якіх часцей за ўсё не такі доўгі кар'ерны шлях. У асноўным іх падхапіла хваля 2020 года. Наўрад ці да 2020-га многія ў Беларусі ведалі Азаронка. Тое ж тычыцца Тура і Мукавозчыка. Нават пры ўсім іх старанні яны так і не сталі новай элітай — іх не клічуць на прыёмы, прэзентацыі новых люксавых аўтамабіляў — у выніку нават людзі, якія проста п'юць у кавярні капучына за пяць рублёў, і тое выклікаюць у іх сацыяльны пратэст. Напэўна, у апошнія гады яны сталі жыць лепш, але не думаю, што шыкоўна, як расійскія прапагандысты. Наўрад ці ў іх велізарныя кватэры ці яны сустракаюцца ўтрох і думаюць, як будаваць вілы на возеры Кома: побач або на адлегласці. Так што я не здзіўлюся, калі іх нянавісць да багатых і бізнэсоўцаў сапраўды шчырая.

Яны як быццам спрабуюць справіцца са сваімі дзіцячымі комплексамі. Магчыма, таму ж Азаронку не падабаецца, што ён нібыта выбраўся з беднасці, але ўсё роўна не ўваходзіць у элітныя колы або ненатуральна глядзіцца ў сучаснай кавярні са шклянкай смузі.

Тым не менш, у патоку іх прамоваў не варта шукаць логікі. Гэта проста форма ідэалогіі. Прычым яна не новая. Яна знаёмая тым, хто заспеў часы Савецкага Саюза, дзе цэлая краіна не любіла багатых — усе павінны былі быць аднолькава беднымі. Ёсць цэлыя рэлігіі, якія не любяць багатых. Ці тыя ж сацыялісты розных масцяў, якія лічаць, што, калі чалавек мільярдэр, то ён дакладна крывапіўца, злодзей, эксплуататар — і не важна, як ён свае грошы зарабіў.


Глядзіце таксама

Напэўна, гэтая тройца не задумваецца, што ў пэўным сэнсе іх прапаганда беднасці можа нават шкодзіць рэжыму. Раней у часы Радзівілаў было нармальна, што асноўная частка народа была жабрацкай і жыла ў зямлянках, пакуль самі Радзівілы ездзілі на залатых карэтах і ладзілі балі. Гэта ўспрымалася натуральна, таму што лічылася, што іх улада — ад Бога. Але Лукашэнка заяўляе, што ён моцны гаспадарнік, закліканы паляпшаць становішча Беларусі ў розных галінах.

Ён запэўнівае, што хоча, каб быў большы ўраджай, будавалася больш дамоў, вырабляліся больш сучасныя машыны, а людзі самі ўсё сабе куплялі. Яго самае вядомае абяцанне — «па пяцьсот».

Сацыялістычнаму лідару такое не ўласціва, ніхто ў СССР не абяцаў рост заробкаў, таму што гэта ішло насуперак ідэалогіі. Лукашэнка ж фармальна хоча для ўсіх дабрабыту, ды і сам жыве зусім не сціпла. Таму такое басяцтва і культ беднасці, які спрабуюць навязаць прапагандысты, можа шкодзіць гэтай лініі. Калі ўсім дрэнна піць флэт уайт і ездзіць на дарагіх аўтамабілях, то і Лукашэнку таксама.