Як у Беларусі рыхтуюць дзяцей-сірот да «праваслаўнай вайны за рускіх»

Праз сетку так званых ваенна-патрыятычных лагераў паслядоўнікі «рускага свету» і прыхільнікі рэжыму робяць з беларускіх дзяцей будучых наймітаў і «пушачнае мяса». 

Беларускія дзеці навучаюцца абыходжанню са зброяй у адным з ваенна-патрыятычных лагераў. Фота: pervadmin.gov.by

Беларускія дзеці навучаюцца абыходжанню са зброяй у адным з ваенна-патрыятычных лагераў. Фота: pervadmin.gov.by

Мілітарызацыя дзяцінства — феномен для Беларусі не новы, але ён значна набраў абароты з 2020 года. Пасля масавых пратэстаў, якія ахапілі краіну, пачаліся жорсткія рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці. На фоне гэтых падзей рэжым пачаў актыўна ўкараняць ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі, узмацняючы прапаганду ў навучальных установах. З асаблівай інтэнсіўнасцю яно прыйшло ў дзіцячыя дамы.

Дзяцей-сірот, у тым ліку з праваслаўных прытулкаў, возяць на вайсковыя палігоны, вучаць збіраць зброю, для іх ладзяць трэніроўкі з удзелам «вагнераўцаў», прымушаюць пісаць лісты расійскім вайскоўцам, піша тэлеканал «Настоящее время».

Падарункі ад АМАПа: паездкі ў аўтазаку і салдацкая каша

За ваенна-патрыятычнае выхаванне ў Беларусі адказваюць чатыры міністэрствы: Міністэрства адукацыі, Міністэрства абароны, Міністэрства ўнутраных спраў (МУС) і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях (МНС). Вынікам супрацоўніцтва гэтых структур сталі ваенныя лагеры з удзелам «вагнераўцаў» і майстар-класы па зборцы зброі ад АМАПа для шасцігадовых дзяцей.

Для дзяцей-сірот у Беларусі даўно арганізоўваюцца розныя мерапрыемствы, якія знаёмяць іх з ваеннай справай. Экскурсіі ў вайсковыя часткі, сустрэчы з вайскоўцамі, патрыятычныя конкурсы і ваенныя лагеры сталі звычайнай практыкай.

Напрыклад, у 2021 годзе міністр унутраных спраў Кубракоў і АМАП арганізавалі «падарунак» для дзяцей-сірот з Радашковіцкай школы-садка напярэдадні Новага года. Дзяцей каталі ў аўтазаку, далі пагуляць з вінтоўкамі і гранатамётамі, а таксама падрыхтавалі для дзяцей салдацкую кашу.

«Мы пастараліся зрабіць усё, каб [дзеці-сіроты] адчулі сябе ў добрай сямейнай атмасферы», — пракаментаваў візіт камандзір мінскага АМАПа Дзмітрый Балаба.


Глядзіце таксама

Аднак з 2022-га года заўважна ўзмацніліся частата і аб'ём ваенна-патрыятычных мерапрыемстваў для дзяцей-сірот. Беларускі дзіцячы фонд запусціў асобны праект «Дарогамі памяці» для сірот, дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзяцей з інваліднасцю і дзяцей, якія аказаліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Для іх арганізоўваюцца патрыятычныя намётавыя лагеры, «марафоны мужнасці», патрыятычныя літаратурныя конкурсы, ваенна-патрыятычныя гульні, паездкі да мемарыялаў і работа па добраўпарадкаванні тэрыторый помнікаў Другой сусветнай вайны.

У рамках аднаго з апошніх такіх мерапрыемстваў выхаванцам дзіцячых дамоў і інтэрнатаў было даручана напісаць лісты салдатам тэрміновай службы. Як паведаміла Міністэрства адукацыі, у лістах дзеці выказвалі сваё стаўленне да службы ў войску, падзякавалі за мірнае неба ў краіне і «заявілі пра гатоўнасць у будучыні служыць радзіме».

Нават наведванне спартыўных мерапрыемстваў для дзяцей-сірот зараз арганізоўваецца ў патрыятычным кантэксце. Калі на пачатку чэрвеня хлопчыкаў з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу прывезлі на таварыскі футбольны матч «Беларусь – Расія», перад гульнёй дзецям паказалі «Лінію Сталіна». Як гэта патлумачылі ў сюжэце праўладнага канала, — каб нагадаць пра «гістарычную памяць, якую камусьці вельмі хочацца перапісаць».

У апошнія некалькі гадоў у Беларусі значна павялічылася колькасць ваенных летніх лагераў пры вайсковых частках, дзе бясплатна навучаюць сірот, дзяцей з уразлівых груп і дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. У 2021-2022 гадах функцыянавала каля 480 такіх лагераў, але да 2023 года іх колькасць узрасла да 583, і іх наведала 6000 дзяцей. У 2024 годзе плануецца, што ў ваенна-спартыўных лагерах Беларусі за 130 змен пабываюць ужо больш за 14 тысяч дзяцей.

Што тычыцца зместу праграм такіх лагераў, як адзначае начальнік аддзела па ідэалагічнай рабоце Міністэрства абароны, «вялікая ўвага надаецца патрыятычнаму выхаванню». Для гэтага да выхаванцаў прыводзяць ветэранаў Узброеных сіл, воінаў-інтэрнацыяналістаў і розных вайскоўцаў.


Глядзіце таксама

Мінулым летам падлеткі з вайскова-патрыятычнага клуба «Рысь» трэніраваліся пад кіраўніцтвам наймітаў расійскай ПВК «Вагнер». Яны хавалі твары, але не хавалі эмблему баявой арганізацыі. На сустрэчы прысутнічаў камандуючы ўнутранымі войскамі Беларусі Мікалай Карпянкоў. Разам з байцамі ПВК «Вагнер» ён вучыў дзяцей жэсту «джамба» — папулярнаму ў наймітаў ПВК «Вагнер» — калі вялікі палец і мезенец паднятыя ўверх, а астатнія пальцы сціснутыя ў кулак.

Пра тое, што дзяцей-сірот з самага дзяцінства рыхтуюць да дзяржаўнай службы з вайсковым ухілам, можна меркаваць, зыходзячы з даных аб выпускніках спецыялізаванага ліцэя пры Універсітэце грамадзянскай абароны МНС. Паводле даных прадстаўнікоў ліцэя, практычна кожны трэці навучэнец — сірата ці падлетак, які застаўся без апекі бацькоў, а 60% навучэнцаў — дзеці з малазабяспечаных, няпоўных, шматдзетных або сацыяльна неабароненых сем'яў. Пры гэтым 9 з 10 выпускнікоў ліцэя збіраюцца паступаць у сілавыя ВНУ.

Па слядах Масквы: праваслаўе з кулямётам у руках

У траўні Міністэрства адукацыі ўнесла папраўкі ў «Палажэнне аб дзіцячых дамах», дазволіўшы адкрываць дзіцячыя прытулкі пры праваслаўных манастырах. Летась гэтую магчымасць абмяркоўвала старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава з кіраўнікамі дзяржорганаў і Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ). Яна расказала, што ідэю перадачы дзяцей з дзіцячых дамоў у манастыры яна «падгледзела» падчас візіту ў Маскву.

Тады ж Качанава абмяркоўвала перспектыву стварэння дзіцячых дамоў новага тыпу з настаяцелькай жаночага манастыра ў Гродне Гаўрыілай. Ігумення Гаўрыіла атрымала скандальную славу пасля падзей 2020 года. Тады яна пачала збор подпісаў супраць уладыкі Арцемія, які асудзіў гвалт у дачыненні да пратэстоўцаў, дарыла тарты гродзенскім міліцыянтам, паабяцала «прамую дарогу ў пекла» пратэстоўцам, назваўшы іх «натоўпам вар'ятаў» і «раз'юшаным статкам». У 2022-м яна падтрымала расійскую агрэсію супраць Украіны, а ў красавіку 2024-га арганізавала перадачу для расійскіх жаўнераў ва Украіне, у тым ліку лістоў і малюнкаў ад дзяцей нядзельнай школы.

Хоць праваслаўна-ваеннае выхаванне з'явілася ў Беларусі даўно, прадстаўніца Беларускага Хельсінкскага камітэта Кацярына Дзяйкала адзначае рост удзелу праваахоўных органаў і БПЦ у выхаваўчым працэсе ў апошнія гады.

Ваенна-патрыятычныя лагеры пры епархіях існавалі ў Беларусі задоўга да 2020-га года. Напрыклад, праваслаўны ваенна-патрыятычны клуб «Дружына» быў заснаваны яшчэ ў 2007 годзе святаром Яўгенам Павельчуком, якога выслалі з Балгарыі ў мінулым годзе з-за пагрозы нацыянальнай бяспецы. Паводле слоў балгарскіх уладаў, «дзейнасць была звязаная з рэалізацыяй розных элементаў гібрыднай стратэгіі Расійскай Федэрацыі ў мэтанакіраваным уздзеянні на грамадска-палітычныя працэсы ў Балгарыі ў расійскіх геапалітычных інтарэсах».


Глядзіце таксама

У 2015 годзе «Наша Ніва» правяла расследаванне дзейнасці «Дружыны» і яшчэ аднаго аналагічнага клуба — «Славяне» (яго Павельчук таксама заснаваў у Гродне). Аказалася, што ў абодва гэтыя парамілітарныя клубы ў першую чаргу набіраюць так званых «цяжкіх» падлеткаў, якія мелі прывады ў інспекцыю па справах непаўнагадовых. Журналісты высветлілі, што інструктарамі падлеткаў былі «носьбіты ідэалогіі рускага свету», якія актыўна падтрымліваюць ідэю ўз'яднання Беларусі з Расіяй, члены казачых фармаванняў. На сваіх старонках у сацыяльных сетках яны публікавалі імперскія і расійскія сцягі, падтрымлівалі сепаратыстаў Данбаса і распаўсюджвалі мапы, дзе Беларусь пазначаная як частка Расіі. У лагерах яны навучаюць падлеткаў рукапашнаму бою, стральбе з пісталета і кулямёта, выжыванню і азам медыцынскай падрыхтоўкі. Павельчук тады заявіў, што не бачыць у гэтым нічога дрэннага.

Пасля пачатку ваенных дзеянняў на Данбасе клубы «Славяне» і «Дружына» адкрыта размясцілі на сваіх старонках у сацсетцы «ВКонтакте» аб'явы аб далучэнні да п«раваслаўнай вайны за расійцаў, Наваросію і Расію». Акрамя «Дружыны» і «Славян» у Гродзенскай епархіі былі створаны яшчэ чатыры праваслаўныя ваенна-патрыятычныя клубы: «Віцязь», «Братэрства», «Ваяводы» ў Гродне і «Белая Русь» у пасёлку Верцялішкі. «Ваяводамі» і «Славянамі» кіраваў Яўген Павельчук. Паводле падлікаў «Медыязоны», на 2023 год у Беларусі налічвалася каля 20 праваслаўных ваенна-патрыятычных клубаў.

Шэраг віцебскіх ваенна-патрыятычных клубаў адпраўлялі беларускіх падлеткаў у лагеры ў Расіі, дзе дзяцей знаёмілі з удзельнікамі вайны на Данбасе. Лагерам кіравала скандальная група ПВК «Е.Н.О.Т.», вядомая асаблівай жорсткасцю і марадзёрствам ва Украіне. Там яны вучылі дзяцей «навыкам вядзення бою», высветлілі журналісты тэлеканала «Белсат» у 2016 годзе.

Чаму ўлады робяць упор на дзяцей-сірот?

У адрозненне ад сем'яў з бацькамі або апекунамі, дзе дарослыя могуць дапамагчы дзіцяці супрацьстаяць ваенна-патрыятычнай прапагандзе ў школах, у выхаванцаў дзіцячых дамоў такой опцыі няма. Дзіцячы псіхолаг і праваабаронца Вольга Вялічка таксама адзначае, што сістэма нацэленая душыць крытычнае мысленне. Асноўная пагроза, на яе думку, заключаецца ў тым, што дзеці не вучацца самастойна прымаць рашэнні, ацэньваць іх наступствы і выпраўляць памылкі.

«Ідэалагізацыя, якую беларуская дзяржава ўкараняе ва ўстановы адукацыі, прыводзіць да выбудоўвання шаблонных мадэляў паводзін у дзяцей. І калі з дзецьмі, у якіх ёсць бацькі, гэта зрабіць складаней, то ваенна-патрыятычнае выхаванне дзяцей-сірот ажыццяўляецца нашмат лягчэй», — тлумачыць Вялічка.


Глядзіце таксама

Калі сучасныя дзеці ў Беларусі ў цэлым менш схільныя да ідэалагічнага ўплыву дзякуючы доступу да Інтэрнэту і разнастайных крыніц інфармацыі, то сітуацыя з дзецьмі-сіротамі адрозніваецца, кажа псіхолаг. Строгі кантроль над інфармацыяй у дзіцячых дамах робіць ідэалагічнае ўздзеянне больш эфектыўным.

«Дзеці-сіроты — гэта траўмаваныя дзеці, у якіх была адарваная апора прыхільнасці. Бацькі для дзіцяці — гэта фізічная і псіхалагічная бяспека. Таму кожны дарослы, які прыязджае з умоўнай цукеркай або з прыгожымі словамі, нясе за сабой умоўную абарону. Таму дзецьмі ён будзе ўспрымацца як станоўчы герой, з якога трэба браць прыклад», — кажа яна.

Мілітарызацыя дзяцей у Беларусі паступова становіцца прадметам увагі сярод праваабаронцаў. У 2023 годзе Міжнародная садружнасць прымірэння (IFOR) выказала трывогу на сесіі Савета ААН па правах чалавека з нагоды павелічэння колькасці мілітарызаваных патрыятычных лагераў у Беларусі і ўключэння дзяцей у ваенную падрыхтоўку. У сваім выступе IFOR адзначыла, што летам 2022 года больш за 18 000 дзяцей прайшлі навучанне ў гэтых лагерах, дзе дзеці ад шасці гадоў навучаліся выкарыстанню агнястрэльнай зброі.


Глядзіце таксама

У падтрымку дзяцей, якія пацярпелі ад гвалту ў 2020 годзе, таксама выступіў ЮНІСЕФ і падкрэсліў важнасць абароны дзяцей ад любых форм эксплуатацыі. Рэгіянальная дырэктарка ЮНІСЕФ па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Афшан Хан заявіла: «ЮНІСЕФ гатовы падтрымаць усе дзеянні, якія абараняюць і прасоўваюць правы і дабрабыт дзяцей Беларусі». Сам ЮНІСЕФ працягвае сваю дзейнасць у краіне, цесна супрацоўнічаючы з беларускім рэжымам. А вясной стала вядома, што ЮНІСЕФ браў удзел у «аздараўленні» вывезеных з Украіны дзяцей на тэрыторыю Беларусі, дзе ў праграме былі сустрэчы з міліцыянтамі, беларускімі вайскоўцамі і паездкі на вайсковыя палігоны.

Пасля масавай ліквідацыі структур НКА ў краіне пасля 2020 года выхаванцы дзіцячых дамоў аказаліся амаль у поўнай ізаляцыі, што робіць іх яшчэ больш уразлівымі перад дзяржаўнай прапагандай.

«Раней былі арганізацыі, якія былі альтэрнатывай па інтэграцыі, сацыялізацыі гэтых дзяцей, — кажа Вольга Вялічка. — Цяпер імі займаецца толькі дзяржава, пераследуючы пры гэтым пэўныя мэты».