З кім працуе сетка «міліцэйскіх» ваенна-патрыятычных клубаў на Берасьцейшчыне?

З траўня мінулага года ў Берасьцейскае вобласьці пачалі масава і арганізавана зьяўляцца ваенна-патрыятычныя клубы міліцэйскае накіраванасьці. На сёння іх існуе прынамсі чатырнаццаць. Пры тым у іншых вобласьцях Беларусі аналягічнага масавага стварэньня «міліцэйскіх» клубаў не назіраецца.

Фота з trkbrest.by

Фота з trkbrest.by

Храналёгія іх адкрыцьця выглядае так:

  • 12 траўня 2023 года — Пінск, ВПК «Шчыт Палесься» 
  • 4 кастрычніка 2023 года — Столін, ВПК «Доблесьць» 
  • 5 кастрычніка 2023 года — Баранавічы, ВПК «Арыянцір» 
  • 12 кастрычніка 2023 года — Бяроза, ВПК «Рубеж» 
  • 19 кастрычніка 2023 года — Кобрын, ВПК «Вартавыя»
  • 25 кастрычніка 2023 года — Берасьце, ВПК «Дуброўскі форт» 
  • 13 сьнежаня 2023 года — Жабінка, ВПК «Багратыён» 
  • 18 сьнежаня 2023 года — Цэляханы, ВПК «Заслон» 
  • 21 сьнежаня 2023 года — Ганцавічы, ВПК «Палеская зорка» 
  • 6 сакавіка 2024 года — Драгічын, ВПК «Вышыня» 
  • 2 красавіка 2024 года — Пружаны, ВПК «Пушча» 
  • 7 траўня 2024 года — Янаў, ВПК «Янаўцы» 
  • 8 траўня 2024 года — Камянец, ВПК «Вежа» 
  • 16 траўня 2024 года — Ляхавічы, ВПК «Фартэцыя».

Як высьветлілася, курыруе стварэньне і дзейнасьць гэтае сеткі ваенна-патрыятычных клубаў кіраўнік УУС Берасьцейскага аблвыканкама Алег Шулякоўскі. На прэс-канферэнцыі ў студзені 2024 года ён заявіў, што ягоная мэта — стварэньне клубаў міліцэйскае накіраванасьці ў кожным раёне і горадзе Берасьцейскае вобласьці.

Магчыма, гэта ініцыятыва самога Шулякоўскага, але існуе імавернасьць, што так выглядае «пілотны праект», які потым будзе распаўсюджаны на ўсю краіну.

Алег Шулякоўскі прысутнічаў амаль на кожным адкрыцці такога клуба (а ў выпадках, калі яго не было, прысутнічаў ягоны намеснік, які выступаў ад імя Шулякоўскага), і асабіста ўручаў выхаванцам клубаў пасьведчаньні, ім жа падпісаныя.

Хто такі Алег Шулякоўскі?

На пасаду кіраўніка УУС Берасьцейскага аблвыканкама Шулякоўскі быў прызначаны ў траўні 2021 года, да таго ён працаваў намеснікам кіраўніка УУС Гомельскага аблвыканкама. Гэты міліцэйскі чыноўнік — адзін з тых, хто знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу і Вялікабрытаніі за катаваньні і незаконныя арышты людзей пасьля пратэстаў 2020 года.

Апроч таго, ён вядомы як аўтар інструкцыі наконт арганізацыі аховы грамадскага парадку пры правядзенні ў Мінску «верагодных несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў» 12 і 19 верасьня 2016 года — на той момант Алег Шулякоўскі ўзначальваў Маскоўскі РАУС Менска. У згаданай інструкцыі гаворыцца, у тым ліку, пра задзейнічаньне спецаўтамашын з пад'ёмнікамі для зьняцьця «незарэгістраванае сымболікі», а таксама групаў супрацоўнікаў міліцыі з відэакамерамі, апранутых у цывільнае. 

6cf1548eca310682eafd2c6d9648083d.jpg

З удзелам ПВК?

Аналіз дэталяў адкрыцьця і функцыянаваньня згаданых вышэй ваенна-патрыятычных клубаў паказвае, што ўся іх дзейнасьць, уключваючы нават падбор выхаванцаў, знаходзіцца пад поўным кантролям ворганаў унутраных справаў.

Самы яскравы прыклад — ВПК «Арыянцір» у Баранавічах, які дзейнічае з 5 кастрычніка 2023 года. Непасрэдным кіраўніком гэтага ваенна-патрыятычнага клуба зьяўляецца дзеючы намеснік па ідэялагічнай працы і кадравым забяспячэньні Баранавіцкага ГАУС Аляксей Паплаўскі.

У тэлесюжэце пра адкрыцьцё гэтага клуба было сказана, што падбор выхаванцаў для яго пачаўся яшчэ ўлетку 2023 года, калі ў школы Баранавічаў былі накіраваныя з гэтай мэтай лісты з гарадскога ўпраўленьня міліцыі. 

У тым жа тэлесюжэце прысутнічала размова з адным з выхаванцаў клуба Ўладзіславам Студзенічнікам, які сказаў, што ягоны бацька працуе ў ворганах унутраных справаў. Імаверна, ягоным бацькам ёсьць кіраўнік Баранавіцкага ГАУС Андрэй Студзенічнік, які быў прызначаны на гэтую пасаду ў чэрвені 2021 года. А ўжо праз месяц, паводле дадзеных цэнтра «Вясна», узмацніўся ціск на жыхароў Баранавічаў, што адбывалі «хатнюю хімію» па палітычных справах — напрыклад, іх пачалі правяраць штодня, і часам нават ноччу. Людзі зьвязвалі такое ўзмацненьне з прызначэньнем Студзенічніка.

Глядзіце таксама

Яшчэ адзін прыклад: у сакавіку 2024 года міністэрства ўнутраных справаў Беларусі праводзіла конкурс дзіцячых відэаролікаў на тэму бясьпечнага знаходжаньня дзяцей на вуліцы. У гэтым конкурсе перамог хлопчык зь Пінску, і адносна яго, паводле словаў намесніка начальніка Пінскага ГАУС, «было прыйнятае рашэньне аб уключэньні ў склад ваенна-патрыятычнага клуба «Шчыт Палесься».

Існуе іншая асаблівасьць «ініцыятывы» Шулякоўскага: адзін з ваенна-патрыятычных клубаў міліцэйскае накіраванасьці, з назвай «Заслон», быў створаны пры Цэляханскай спецыяльнай школе-інтэрнаце. У склад клуба ўвайшлі дзесяць вучняў гэтае навучальнае ўстановы. Справа ў тым, што каля паловы вучняў Цэляханскае школы-інтэрната — гэта сіраты і дзеці, што засталіся без апекі бацькоў. Магчыма, кіраўнік Берасьцейскага УУС разьлічвае на тое, што падлеткамі з гэтых катэгорыяў будзе прасьцей кіраваць.

Таксама падчас дасьледаваньня тэмы «міліцэйскіх» клубаў выявіўся цікавы факт. На двух здымках з артыкула ў «Ляхавіцкім весніку», прысьвечанага адкрыцьцю 16 траўня 2024 года ваенна-патрыятычнага клуба «Фартэцыя», бачна, што падчас сустрэчы дзяцей з прадстаўнікамі АМАП прысутнічае нейкі чалавек з барадой і без апазнавальных знакаў на адзеньні.

3_788.jpg

У МУС Беларусі існуюць правілы, якія апісваюць рэкамендаваны вонкавы выгляд супрацоўніка ворганаў унутраных справаў, і паводле іх, міліцыянтам ня раюць мець бараду. Таму чалавек на гэтых здымках з выгляду больш падобны не на супрацоўніка МУС, а, напрыклад, на ўдзельніка парамілітарнае групоўкі.

4_701.jpg