Асобная думка: Выпускны-2024 — свята пад лінейку
Лічаныя дні засталіся да таго моманту як тысячы навучэнцаў школ ды гімназіяў атрымаюць атэстаты аб сярэдняй адукацыі. «Развітанне з дзяцінствам», як раней пафасна называлі выпускныя, не магло застацца без пільнага нагляду ўладаў і, канешне, без дзіўных і абсурдных рэкамендацый, абавязковых да выканання. Ці маюць рацыю «гасударавы людзі», якія шыхтуюць школьныя святы «пад лінейку»?
З пункту гледжання «касцюмаў» і «начосаў», чым менш будзе разнастайнасці і крэатыву, тым лепш, бо не трэба «калі што» апраўдвацца потым у высокіх кабінетах. Падначаленыя настаўніцкія калектывы спрачацца не будуць і зробяць усё, як скажуць, бо «ім жа яшчэ працаваць тут». Але ж кіраўнікі розных узроўняў і ўплываў, падаецца, напоўніцу забыліся што выпускныя — свята не для іх, а ў першую чаргу для навучэнцаў і іх бацькоў, якія зусім не так могуць уяўляць сабе гэты вечар.
Чаму ўвогуле аддзелы адукацыі, міністэрства гэтай самай адукацыі ды рознага кшталту аддзелы ідэалогіі так нахабна распараджаюцца, дзе і як праводзіць выпускны і нават, каго запрашаць, а каго не? Па-першае, канешне ж, «каб чаго не выйшла». А па-другое, што болей брыдка і агідна, у іх замацавалася звычка паўсюль сунуць сваю кіраўніцкую пысу і раздаваць указанні: «Вучні павінны... Бацькі павінны...» Магчыма, яны дагэтуль лічаць, што вучні з бацькамі аўтаматычна становяцца віннымі дзяржаве за «бясплатную адукацыю». Але ж яна такой даўно не з’яўляецца. Нават за карыстанне падручнікамі трэба плаціць! Кошт невялікі, але ж факт. А колькі грошай штогод збіраецца з бацькоў на рознага кшталту «патрэбы школы» і на «падарункі» да святаў, не кажучы ўжо пра «падарунак школе» на выпускны ад кожнага класа! Да таго, ж колькі дзясяткаў разоў замест заняткаў вучні вымушаны былі ісці на розныя «дзяржмерапрыемствы» — ад ускладання кветкаў да стварэння масоўкі на спартовай арэне. І пасля гэтага яны ўсё яшчэ вінныя дзяржаве?
Цікава яшчэ і тое, што чынавенства досыць цынічна імкнецца зрабіць шэрасць ідэалам паводзінаў нават падчас святкавання. Напрыклад, «галоўны па ўсім пытанням» чамусьці лічыць благім карыстанне на свята лімузінам, хаця сам ім карыстаецца штодня і малодшы сын у школу таксама не на трамваі ездзіў. Лічыць гэты няшчасны транспартны сродак нейкім сімвалам «круцякоў», недасяжным простым грамадзянам. Дык вось, кошт карыстання лімузінам на 20 месцаў у Мінску ў сярэднім 250 рублёў за гадзіну. Гэта менш за 15 рублёў з чалавека... Вось такія «круцякі» ў Беларусі!
Ну ладна, здаецца, выпускны пройдзе і маладзён можа абіраць сам свой далейшы шлях. Але ж не! Збярэцца хлопец ці дзяўчына паступаць у замежную ВНУ, а дзяржава патрэбную даведку-другую ім проста не дасць. Не, закон гэтага не забараняе, але ж проста не дадуць. Ну і што, што зусім нядаўна давалі. Вы ж вінныя гэтай дзяржаве, не забыліся? Паступіў у ВНУ — запазычанасць расце ў геаметрычнай прагрэсіі. Не паступіў — марш аддаваць свяшчэнны доўг Радзіме ў армію. Калі толькі паспелі гэтыя юнакі набраць столькі запазычанасцяў дзяржаве ў свае 18 год? Усё часцей прыгадваецца сумны жарт: «Калі дзяржаве ад цябе штосьці трэба, яна пачынае называць сябе Радзімай.»
Я памятаю свой выпускны, хаця прайшоў не адзін дзясятак гадоў. Урачыста атрымалі атэстаты ў школе і пайшлі ў невялікае кафэ, дзе пад наглядам некалькіх настаўнікаў і бацькоў была дыскатэка і святочны пачастунак. Выпілі троху шампанскага, патанчылі і пайшлі сустракаць світанак. Ніхто не пабіўся і не напіўся, бо былі так выхаваны. Не школай — бацькамі. Школа павінна вучыць, а выхоўваць — бацькі і ўжо аніяк не чынавенства рознага ўзроўню, бо дзеці і падлеткі вельмі добра адчуваюць фальш.
Што тычыцца надыходзячых выпускных, то яны пройдуць у звычайна стэрыльнай абстаноўцы з абавязковымі афіцыёзнымі працэдурамі з элементамі свята. Праўладная прэса будзе бадзёра і надзьмута рапартаваць аб вялікіх святочных падзеях, якія адбыліся толькі дзякуючы самі ведаеце каму. А некалькі маіх сяброў параіліся са сваімі дзецьмі-выпускнікамі, аднакласнікамі і іх бацькамі і вырашылі атрымаць атэстаты, пабыць троху на вечары, а потым паехаць кампаніямі ў знятыя раней сядзібкі і дамы ў вёсках і ўжо там без усялякіх забарон і наглядаў зрабіць сваім дзецям сапраўднае свята, як самі сабе ўяўляюць.
Дарэчы, толькі двое з добрага дзясятка сёлетніх выпускнікоў, якіх я ведаю асабіста, збіраюцца працягваць навучанне ў Беларусі. Але гэта ўжо іншая гісторыя.