«Дастаўляем цішыню ў любы пункт свету». Маленькія падарункі для маленькіх тэрарысцікаў

Сёлета па ўкраінскіх Telegram-каналах распаўсюдзілася stories, у якім уладальнікі расійскай крамы дэманструюць дзіцячы электрамабіль у выглядзе носьбіта тактычнага ядзернага ўзбраення «Іскандэр». Паглядзелі, якімі цацкамі расійцы забаўляюць сваіх дзяцей і чым краіна-агрэсарка гандлюе ў Беларусі.

vokladka_99.jpg

Напрыканцы зімы татарстанскае выданне KazanFirst апублікавала відэаролік з stories Instagram (прызнаная экстрымісцкай і забароненая ў РФ сацыяльная сетка) казанскай крамы, якая займаецца пракатам ды рэалізацыяй машын на электрычным рухавіку ці пульце кіравання. На кадрах мужчына дэманструе дзіцячы ракетны комплекс «Іскандэр», арыгінал якога можа несці не толькі аднайменныя балістычныя ракеты, якімі наносяцца ўдары па Украіне, але і ядзерную баявую частку вагой да 50 кілатон. 

Дзіцячы электрамабіль «Іскандэр»

Дзіцячы электрамабіль «Іскандэр»

Дзіцячы «Іскандэр» страляе мяккімі снарадамі — у камплекце ідуць тры паралонавыя ракеты і сцяг краіны-агрэсаркі. Мяркуючы па апісанні на сайце, комплекс здольны развіваць хуткасць да 5 км/г.

«Ёсць светлавыя эфекты, ёсць гукавыя, колы гумовыя, крэсла з экаскуры, магнітафон, кіруецца з пульта, педалей і стырна. /.../ Зараджаецца і страляе, зараджаецца і страляе», — каментуе аўтар. Кошт дзіцячай машынкі складае 35 тысяч расійскіх рублёў ці каля 1200 BYN па актуальным курсе.

 Адкрыем папулярныя ў Беларусі расійскія маркетплэйсы і паглядзім, якія трэндавыя цацкі выпускаюць для будучых расійскіх акупанцікаў на фоне «спецыяльнай ваеннай аперацыі», а таксама прапануюць набываць беларусам. 

Танк на радыёкіраванні з расійскага маркетплэйса

Танк на радыёкіраванні з расійскага маркетплэйса

Адным з сакральных атрыбутаў найбольш заўзятых прыхільнікаў расійскага шавінізму з’яўляецца ракетны комплекс стратэгічнага прызначэння «Таполя-М». Раней мы распавядалі, як украінскі журналіст Уладзімір Золкін знайшоў на старонцы «Аднакласнікаў» расійскага вайсковапалоннага «мем» пра «Таполь-М» па Літве. Ужыванне ядзернай зброі расійскі акупант назваў «гумарыстычнай карцінкай».

Дык вось, яго прымяненне — хіба што не асноватворная мара існавання кожнага прадстаўніка «расійскага свету». Ці разумее хтосьці з іх, што пасля ўжывання такой зброі планета наўрад ці праіснуе некалькі гадзін, пытанне адкрытае. Бадай, калі разумеюць, то кіруюцца легендарным тэзісам Пуціна «мы, як пакутнікі, трапім у рай, а яны проста здохнуць». Расійскія маркетплэйсы засеяны мадэлькамі, канструктарамі ды іншымі дзіцячымі цацкамі носбіту стратэгічнай ядзернай зброі, таму пачытаем апісанні да некаторых з іх. 

«Таполя-М — ідэальны падарунак для вашага дзіцяці! Гэтая займальная цацка развівае лагічнае мысленне, маторыку і мысленне малыша. Гэты набор падыходзіць для дзяцей ад 8 год. Ён не толькі развівае творчыя здольнасці дзіцяці, але і дапамагае яму пазнаёміцца ​​са светам ваеннай тэхнікі і ваеннымі дзеяннямі. Ваша маляня зможа адчуць сябе сапраўдным салдацікам або камандзірам арміі. Таполя-М — гэта не проста цацка, гэта цэлы свет, які можна стварыць сваімі рукамі», — напісана ў апісанні да канструктара на маркетплэйсе Ozon. 

Канструктар «Таполя-М»

Канструктар «Таполя-М»

На ўпакоўцы гатовай калекцыйнай мадэлькі з гэтага ж каталога ўказана, што ўнутры знаходзіцца ракетны комплекс стратэгічнага прызначэння. У апісанні да тавара вытворца «Технопарк» адзначае, што «рэалістычная ваенная машынка РСЗА «Таполя-М» з ракетай, якая выглядае як сапраўдная, дазволіць дзецям разыгрываць ваенныя бітвы, уяўляючы сябе адважнымі воінамі і абаронцамі айчыны». На думку стваральнікаў цацкі, дзеці «раскрыюць сваю фантазію і змогуць разыграць цікавыя сюжэтныя лініі». 

Мадэлька РСЗА «Таполя-М»

Мадэлька РСЗА «Таполя-М»

А яшчэ ёсць набор з дзясяткаў тавараў, брэндаваных у абсалютна тэрарыстычныя выразы: «Дастаўляем цішыню ў любы пункт свету», «Не трэба саромецца сваіх комплексаў» і «Пасля нас цішыня». Гэта кубачкі, дыванкі для мышак, падушкі, USB-флэшкі, «развіваючы» канструктар і дзясяткі іншых рэчаў. Наймацнейшае — начнік з праекцыяй РСЗО. Дарэчы, у гэтага ж вытворцы можна набыць такі ж з галаграфічным Леніным! 

Калекцыйная мадэль танка Т-14 «Армата», аднаго з самых грандыёзных ваенных праектаў часоў праўлення Пуціна, мае вельмі іранічнае падабенства з арыгіналам, які заглох на Краснай плошчы 7 траўня 2015 года. Жадаючы набыць цацку карыстальнік піша, што прыйшоў некамплект, без батарэек, танк «намертва прыкручаны да скрынкі». 

Калекцыйная мадэль танка Т-14 «Армата»

Калекцыйная мадэль танка Т-14 «Армата»

Ёсць не меней сімвалічны расійскі спецназ у пакеце і набор «Ветлівыя людзі».

«Наша калекцыя створана пры дапамозе прафесійных скульптараў, кожная фігурка мае надзейную апору. Выбітнымі асаблівасцямі воінаў з'яўляюцца абсалютная анатамічная сапраўднасць фігур у прапорцыі 1:17 з найвышэйшай дэталізацыяй, а гэтак жа рэалістычнасць абмундзіравання», — адзначаецца ў апісанні. 

Пераходзім да настольных гульняў, навучальных дапаможнікаў і іншых тавараў, якія павінны развіваць розум дзяцей, але яны прысвечаны расійскай арміі, што з’яўляецца несумяшчальным ад самага пачатку.

Першая гульня мае такую ж назву, як шанец выжыць падчас паходу на Харкаў — «Расійская армія: лато». Паводле стваральнікаў, карткі прызначаны для дзяцей ад трох гадоў, а менавіта для навучання ў групах дзіцячых садкоў. 

Развіваючая гульня «Расійская армія: лато»  

Развіваючая гульня «Расійская армія: лато»  

Набор з 20 аднаразовых «Армейскіх рэбусаў» ад Таццяны Барчан за 8.33 BYN па зніжцы выклікае пэўныя асацыяцыі, што дыскрыдытуюць расійскую армію, з першай жа карткі. 

«Армейскі рэбус» пра расійскіх акупантаў

«Армейскі рэбус» пра расійскіх акупантаў

А вось такую гульню мы знайшлі на сайце аўтарскіх лагапедычных матэрыялаў для ўзросту да 7 гадоў. Паводле выхавальніцы Дроўнікавай О. В., мэты ўжывання такой гульні ў лагапедычнай рабоце з маленькімі дзецьмі — фарміраваць веды аб людзях ваенных прафесій розных родаў войскаў, падбіраць да іх адпаведныя карткі з выявай ваенных галаўных убораў, нарукаўных эмблем, баявой тэхнікі, баявой зброі, развіваць у дзяцей маўленне, пазнавальную актыўнасць, лагічнае мысленне і, увага, памяць, выхоўваць цікавасць да расійскай арміі, павагі да людзей ваенных прафесій. 

Лагапедычная гульня «Расійская армія»

Лагапедычная гульня «Расійская армія»

Безумоўна, не кожны расіец набывае такія цацкі для свайго дзіцяці, але гэта толькі мізерная часцінка ваеннай прапаганды, якой ахутана дзяржава-агрэсарка. Не мае розніцы, ці той малыш будзе гуляць з «Сонцапекам», ці пойдзе на факультатыў, прысвечаны расійскай арміі ў пачатковай школе — гэтага будзе дастаткова, каб адчуваць агрэсію да іншых краін, нармалізаваць гвалт і ў будучыні стаць патэнцыйным паўнавартасным акупантам. 

Урокі малявання ў Расіі

Урокі малявання ў Расіі

Нагадаем, амаль усе пералічаныя вышэй тавары можна замовіць і набыць у Беларусі. Плёны расійскай ваеннай машыны паглынаюць мірнае дзяцінства не толькі ва ўласнай краіне, але і пускаюць метастазы ў «дружалюбныя» дзяржавы. Адзінае, што можа цешыць у дадзенай сітуацыі, — поўная адсутнасць водгукаў пад чырвона-зялёным сцягам.