«Мару аб вяртанні на радзіму». Беларуска перавялася з БНТУ і атрымала еўрапейскую адукацыю
Ганна Зорычава — SMM-спецыяліст «Годна». Год таму яна скончыла Вільнюскі тэхнічны ўніверсітэт імя Гедыміна па спецыяльнасці «крэатыўная індустрыя». У гэты ўніверсітэт былая студэнтка перавялася з БНТУ.
Ганна распавяла
«Салідарнасці» пра плюсы і
мінусы вучобы ў Літве, а таксама параўнала свой досвед с вучобай у Мінску.
— Я перавялася ў ВГТУ у 2021 годзе, калі зразумела, што заставацца ў Беларусі мне небяспечна. Як раз тады ўніверсітэт у Вільнюсе праводзіў набор для рэпрэсаваных студэнтаў, — распавядае суразмоўніца. —У БНТУ я вучылася на спецыяльнасці «кіраванне дызайн праектамі на прамысловым прадпрыемстве», у ВГТУ абрала падобную — «крэатыўная індустрыя». Там таксама быў дызайн, маркетынг, менеджмент.
Умовы пераводу былі простыя — матывацыйны ліст, выпіска з адзнакамі з універсітэта ў Беларусі, пацвярджэнне аб валоданні англійскай мовай на ўзроўні В2, бо навучанне было цалкам на англійскай.
Нягледзячы на спецыяльныя ўмовы (праграма падтрымкі рэпрэсаваных), трэба таксама было мець на банкаўскім рахунку чатыры тысячы еўра, каб зрабіць студэнцкую візу. Само навучанне пры гэтым было бясплатным.
У ВГТУ Ганна паступіла на другі курс, хаця ў БНТУ навучалася на той момант на трэцім. Дзяўчыну перавялі на курс раней з-за акадэмічнай розніцы.
— Адразу, як паступіла, была ўражаная. Каб перадаць, як гэта было, зачытаю, што пісала сваім сябрам праз некалькі месяцаў навучання: «Вучобы няшмат, падобна на БНТУ. Недзе па дзве пары ў дзень, асабліва складанага нічога няма. Але самы прыкол у тым, што ў нас у семестр 40 гадзін адведзена на лекцыі і практыкі, а 56 гадзін — на самастойнае навучанне».
Ведаеш, мы ж з «саўка», дзе нас усё жыццё вучылі: трэба рабіць, што кажуць — што ў школе, што ва ўніверы. А зараз я вучуся тут, і для нас тут — поўная свабода. Гэта нязвыкла.
—Я памятаю, — працягвае яна, — як мяне здзіўляла, што мы мусім быць цалкам самастойнымі: рабіць даследаванні, чытаць кнігі, быць зацікаўленымі ў вучобе. Што падчас творчых заданняў ёсць прастора для сваіх думак, што можа абіраць розныя тэмы. Мы з аднагрупнікамі нават здымалі рэкламны ролік безалкагольнага піва, уявіце сабе!
Мой факультэт цалкам быў абсталяваны кампутарамі, праектарамі. У адкрытым дасягу для кожнага студэнта была прастора з фота- і відэа-лабараторыямі, 3D-прынтарамі, абсталяваннем, каб рабіць нешта з дрэва і металу. У гэтай студыі ў нас таксама маглі праходзіць пары, напрыклад, па фатаграфіі. Таксама вельмі цікава, што я вучылася ў будынку, у якім у 1907 годзе жыў і працаваў Якуб Колас.
На шмат якіх дысцыплінах, працягвае Ганна, быў цікавы і творчы падыход.
— Напрыклад, мы вывучалі піяр — там было на мяжы палітыкі і медыя-камунікацый. Мы абмяркоўвалі палітычныя крызісы, як з іх выходзіць. Гэта было вельмі цікава.
Круты быў таксама курс па фатаграфіі. Скажам, трэба было зрабіць серыю фотаздымкаў, на якіх мусіў быць інтэграваны белы ліст паперы, і гэта павінна была быць нейкая гісторыя.
Свае праекты можна было прысвячаць Беларусі ці падзеям унутры яе. Я, напрыклад, рабіла праект пра зруйнаванне беларускай культурнай спадчыны. Гэта быў перформанс у выглядзе відэа, дзе я разбіла талерку з сярпом і молатам.
Вучоба ў ВГТУ, адзначае суразмоўніца, цалкам на англійскай мове. Але некаторыя выкладчыкі маглі перайсці на расійскую, калі ведалі яе. Ва ўніверсітэце дзяўчына таксама сустрэла выкладчыцу з Мінска, якая дагэтуль выкладала ў Акадэміі мастацтваў і ЕГУ.
— У мяне добрае валоданне англійскай мовай, але спачатку было трошкі цяжкавата. Справа ў тым, што ў БНТУ у якасці замежнай мовы я абрала кітайскую, думала, англійскую ўжо добра ведаю. Але за два гады мова трохі паслабела, прыйшлося ўспамінаць.
Сярод вялікіх плюсаў універсітэту Ганна называе добры інтэрнат.
— Ведаю, што не ва ўсіх студэнтаў майго ўніверсітэта быў такі інтэрнат. У мяне быў вельмі класны, блочны. Для разумення: калі я засялялася ў інтэрнат БНТУ, там былі драўляныя ложкі са спружынамі, а на гэтых спружынах ляжалі дзверы, на якіх трэба было спаць.
Мы з суседкай купілі свае ложкі, сталы, тата суседкі зрабіў касметычны рамонт. Не змаглі змяніць там толькі прусакоў, якія былі паўсюль.
Тут такога не было. Не трэба было нічога купляць, таксама было шмат месца, каб захоўваць рэчы, нават ровар. Пакой быў разлічаны на дваіх, але была магчымасць жыць аднаму і плаціць болей. Таксама, у параўнанні з інтэрнатам у Мінску, у душавых не было выходных ці гадзін, у якія нельга мыцца.
Канешне, цана гэтых інтэрнатаў адрознівалася. Але не ведаю, наколькі правільна параўноўваць, бо мінімальны заробак у гэтых дзвюх краінах вельмі адрозніваецца. У Беларусі кошт быў каля трох еўра (але шмат грошаў трэба было ўкласці ў нармальныя ўмовы), у Літве — 120 еўра. У прынцыпе, гэта нармальная цана.
З мінусаў былая студэнтка называе слабую інтэграцыю ў студэнцкае жыццё замежных студэнтаў, і чалавечы фактар.
— Канешне, некаторых рэчаў па камунікацыі, якія былі ў Беларусі, тут быць не магло. Але агулам людзі не адрозніваюцца. Быў, напрыклад, выкладчык, які называў нас «My friend», калі адна з аднагрупніц выправіла яго, сказаўшы, што мы не сябры, ён абурыўся і потым прадудзята да яе ставіўся.
Таксама замежныя студэнты былі троху ў сваёй бурбалцы: нас не ўцягвалі ў студэнцкае жыццё, навуковыя канферэнцыі, бо для гэтага трэба было ведаць літоўскую мову, а вучоба ў нас, паўтаруся, была на англійскай. Але я ні аб чым не шкадую: студэнцкае жыццё ў мяне было ў Мінску, а па адукацыі лепей тут.
Падчас свайго навучання на той момант студэнтка змагла скарыстацца праграмай Эрасмус, і бясплатна паехала вучыцца ў прыватны ўніверсітэт Аўстрыі на чатыры месяцы.
— Гэта, канешне, зусім другі ўзровень і па ведах, і па адносінах. Напрыклад, меркавалася, што навучанне будзе на нямецкай мове. Я адзіная яе не ведала, і нягледзячы на гэта, ўсе студэнты і выкладчыкі пагадзіліся вучыцца на англійскай. Па-другое, я пабачыла, як студэнты робяць рэальныя і карысныя рэчы. Хтосьці зрабіў заплечнік, хтосьці — тэрмас, палатку.
Сваёй адукацыяй ў ВГТУ і Аўстрыі Ганна засталася задаволеная.
— У мяне еўрапейскі дыплом, які каціруецца па ўсёй Еўропе. Я пазнаёмілася з класнымі людзьмі, шмат чаго вывучыла. Я навучылася лепш мантаваць відэа, рабіць дызайн, даведалася пра падыходы да выканання задач, якімі карыстаюся на працы. Таксама ў мяне ёсць сувязі з літоўцамі, з акадэмічнай супольнасцю, што дапаможа мне, калі я захачу паступіць на магістратуру.
Пасля заканчэння ўніверсітэта Ганна ўладкавалася SMM-спецыялісткай у беларускі праект «Годна». Там дзяўчына выкарыстоўвае ўсе атрыманыя навыкі:
— Але я мару аб вяртанні ў Беларусь, бо дзеля гэтага і
з’ехала — каб атрымаць карысныя веды і вярнуцца, калі гэта будзе магчыма.