«Людзі кажуць, класнае месца». Гродненцы стварылі ў Вільні ўласную прастору

Пакуль Воля і Зміцер Фурманавы чакаюць дзіця, іх уласная справа ўжо нарадзілася. Сям’я з Гродна адзначыла сваю кропку на мапе Вільні. Крама сувеніраў і культурніцкая прастора «Кропка» пачала працаваць у траўні.

furmanavy_15.jpg

«Кропка» — гэта пачатак

«Жыццё ідзе, адкладаць няма сэнсу», — распавядае Воля парталу Hrodna.life. Яна расказвае, як аднойчы прачнулася і зразумела, што хоча займацца ўласнай справай — адкрыць краму, і як Зміцер яе ідэю падтрымаў. «Я шмат думала, запісвала ідэі — з месяц, можа. Усё расказвала яму, як гэта можа быць».

Зараз гэтыя мары здзейсніліся. На прапанову супрацоўнічаць з крамай адгукнулася шмат майстроў, прычым не толькі беларускіх. Апроч сувеніраў, тут ёсць вышыванкі і цішоткі, торбы і гаманцы, а таксама беларускія кніжкі і паштоўкі.

«Знайшлі вакол шмат беларусаў»

Хаця досведу ў вядзенні бізнесу ў пары не было, яны не баяцца ісці ў справе наперад. Вучацца на курсах для прадпрымальнікаў, разбіраюцца з таргетам і рэкламай, асвойваюць справаводства.

«Раней ніхто з нас бізнесам не займаўся, гэта ўпершыню», — кажа Воля. Але яна мае досвед працы ў гандлі і спадзяецца, што гэта дапаможа. Зміцер раней працаваў інжынерам, а потым вучыўся на праграміста. На яго думку, спадзявацца варта не толькі на сябе, але і на падтрымку супольнасці.

«Калі першы раз сюды прыехалі, то ў рэстаранчыку насупраць знайшлі некалькі беларусаў, дамовіліся, што будзем сябраваць. Потым гаспадыня з кавярні спытала, ці не тая самая мы пара з Беларусі, пра якую яна чула. Аказалася, што яна нас завочна ведала. Нават кіроўца, што прывёз для рэстарацыі прадукты, таксама нас пазнаў. Калі перавозілі мэблю, то і тут кіроўца нас таксама ўзгадаў і нават зніжку зрабіў. Як толькі мы тут з’явіліся, праявілася вакол шмат беларусаў».

Гісторыя кахання Зміцера і Вольгі зрабіла іх знакамітымі ў Беларусі і па-за межамі краіны. Распачалася яна з 2020 года, калі Зміцер быў сябрам штаба Сяргея Ціханоўскага. З Воляй яны пазнаёміліся дзякуючы агульнаму захапленню роварамі.

Зміцера затрымалі ў Гродне разам з Сяргеем Ціханоўскім, а пазней асудзілі да зняволення. Вольга падтрымлівала яго ўсімі магчымымі спосабамі, нават трымала галадоўку, не кажучы ўжо пра лісты. Яна чакала Зміцера з турмы нават даўжэй, чым да гэтага была з ім знаёмая. Пасля таго, як Фурманаў цалкам адбыў паўтары года зняволення, ён і Вольга пакінулі Беларусь. У Вільні пара ўзяла шлюб. На іх вяселлі прысутнічала Святлана Ціханоўская.


Глядзіце таксама

«Не ведаю, як вучацца на татаў»

Хуткая змена статусу на бацькоўскі Зміцера не палохае: «Я ўжо прывык да перамен і да выпрабаванняў. Разумею, што пэўны час буду адзін займацца крамай і забяспечваць сям’ю».

А вось пытанне, ці рыхтуецца стаць татам, яго весяліць: «Я не ведаю, як вучацца на татаў. Воля чытае кніжкі, падказвае, што мне трэба ведаць, падкідвае відэа, як татам быць з немаўлятамі. Яшчэ чытаем прыладу Flo, так таксама ёсць падказкі для будучых бацькоў. Агулам, адмыслова неяк не рыхтуюся. Мне хутка 40 гадоў, я даўно гатовы».

«Трэніруемся на коціках»

У Волі свой курс падрыхтоўкі да клопатаў мацярынства. Апроч кніжак і навучальных матэрыялаў яе трэніруе хатні кот.

«Калі зацяжарыла, коцік стаў больш капрызны. Нібы падрыхтоўвае нас да таго, што проста не будзе. Пачаў прыходзіць у чатыры ці пяць гадзін раніцы і будзіць мяне, просіць, каб пакармілі. То я буджу Зміцера, каб даў кату паесці. Так патроху рыхтуемся да магчымых цяжкасцяў».

Апошні год Воля працавала, таму ўжо мае права на атрыманне дапамогі па мацярынстве і адпачынку на працы з нагоды цяжарнасці і родаў. У гэты перыяд жанчыне аплачваюць каля 70% ад мінімальнай зарплаты.

Потым Воля плануе не затрымлівацца надоўга дома, а паспрабаваць патроху выходзіць на працу разам з дзіцём.

«Людзі сюды прыходзяць, ім падабаецца, кажуць — класнае месца. Самае галоўнае, мы спадзяёмся выйсці на тыя ж заробкі, што маем зараз», — кажа Зміцер.

Агулам жа Воля і Зміцер Фурманавы адзначаюць, што ім пашанцавала з памяшканнем. Тут два пакоі — у адным крама, а другі можна выкарыстоўваць пад імпрэзы ці сустрэчы.

«Хачацца, каб гэта месца стала кропкай збору для людзей, — кажа Зміцер. — Тым больш, што і назва пасуе».