Літва крыху спрасціла беларусам патрабаванні да ўвозу прадуктаў
Літва дазволіла беларусам увозіць прадукты ў адкрытых упакоўках і тавары для асабістага карыстання.

Пакінутыя беларусамі прадукты ў пункце пропуску «Мядзінінкай», 4 чэрвеня 2024 года. Фота: тэлеграм-канал «Матолька».
Літоўская мытня выпусціла тлумачэнні, што цяпер можна будзе правезці ў краіну з Беларусі, піша «Люстэрка».
«Забарона не распаўсюджваецца на тавары, якія перавозяцца транзітам, а таксама на тавары, якія прызначаны толькі для асабістага выкарыстання падчас паездкі (г.зн. на тыя, дзе ўпакоўкі былі адкрытыя)», — гаворыцца ў паведамленні.
У літоўскай мытні ўдакладнілі, што забарона таксама не распаўсюджваецца на прадукты, неабходныя ў падарожжы, — але яны таксама павінны быць у адкрытых упакоўках.
Нагадаем, з 3 чэрвеня ўрад Літвы ўвёў новы пералік тавараў, якія забароненыя для імпарту з Беларусі і Расіі. У спіс трапілі жывыя жывёлы, мяса і субпрадукты, рыба, малако і прадукты з яго, яйкі, натуральны мёд, расліны, гародніна, садавіна, кава, збожжавыя, крупы, алей, напоі, тытунёвыя вырабы і іншыя прадукты — усяго больш за 2800 пазіцый.
Забарона на ўвоз застаецца ў дачыненні мяса-малочнай прадукцыі, вызначанай Дзяржаўнай харчовай і ветэрынарнай службай Літвы, зрэшты, такая забарона была і раней, яшчэ да 25 красавіка, калі Сейм Літвы прыняў закон аб забароне ўвозу сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў з Расіі і Беларусі.
Праз гэтыя санкцыі на мяжы з Літвой узніклі праблемы — у літоўскіх пунктах пропуску тым, хто ўязджаў з Беларусі, прапаноўвалі выкідваць прадукты, напоі (у тым ліку звычайную ваду), цыгарэты, лекі і іншыя тавары, нават тыя, якіх няма ў абмежавальным спісе.
У пакоях надгляду ўтварыліся горы з выкінутых прадуктаў.
Глядзіце таксама

3 чэрвеня офіс Святланы Ціханоўскай паведаміў, што былі праведзеныя кансультацыі з літоўскімі ведамствамі з нагоды забароны на правоз прадуктаў праз мяжу. У офісе заявілі, што» вельмі спадзяюцца», што санкцыі на ўвоз аграпрамысловай прадукцыі фізічнымі асобамі з Беларусі ў Літву будуць «змякчаныя або ўдакладненыя».
Акрамя таго, з 1 ліпеня некаторыя сельскагаспадарчыя прадукты і кармы з Расіі і Беларусі будуць абкладацца больш высокімі імпартнымі тарыфамі Еўрасаюза, што забяспечвае бесперабойнае функцыянаванне Адзінага рынку і Мытнага саюза ЕС, нагадвае Свабода.
Мытная служба адзначыла, што Літва як сябар ЕС падтрымлівае прынятыя на ўзроўні ЭЗ захады па абмежаванні імпарту з Расіі і Беларусі.