Забойства кантрабандыста на мяжы Беларусі і Літвы: што вядома?
Літоўскі памежнік смяротна параніў чалавека на мяжы з нашай краінай. Інцыдэнт адбыўся сёння ўначы. Распавядаем, што ўжо вядома да гэтай гадзіны.
У суботу каля 21.00. Супрацоўнікі памежнай заставы Віленскага памежнага нараду «Падвыдранцы», маючы інфармацыю аб факце кантрабанды, правялі аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы ля вёскі Падрыванцы Салечніцкага раёна. Гэта месца ля самай мяжы з Беларуссю.
Тут па дарозе быў заўважаны аўтамабіль VW Passat. Яго кіроўца не падпарадкаваўся патрабаванню, спыніцца, калі яго аб гэтым папрасілі памежнікі ў форме з уключаным светлавым і гукавым сігналам. Кіроўца павялічыў хуткасць і пачаў уцякаць. Супрацоўнікі памежнай заставы развярнуліся і пачалі пераследваць яго на службовым аўтамабілі.
Побач на дарозе ішоў яшчэ адзін памежнік у форме. У гэты момант, уцякач, магчыма, спрабаваў збіць супрацоўніка памежнай заставы. Памежнік пазбег наезду ў апошні момант.
Паводле папярэдніх звестак, пры ўзнікненні небяспекі для здароўя і жыцця і з мэтай спынення ўцекача, які пагражаў яго жыццю, памежнік зрабіў адзін стрэл з табельнай зброі ў шыну аўтамабіля, які рухаўся на хуткасці. Ёсць падазрэнні, што неўзабаве VW Passat заехаў бы ў вёску Табарышкі, дзе была вялікая небяспека для навакольных.
Праз некаторы час машына спынілася. Грамадзянін Літвы быў знойдзены на сядзенні кіроўцы са смяротным агнястрэльным раненнем.
У машыне перавозілі пачкі, меркавана, кантрабандных цыгарэтаў.
Па факце гэтага здарэння міліцыя распачала дасудовае расследаванне. Чарговае дасудовае расследаванне па факце кантрабанды пачата ў аддзеле памежнай паліцыі Вільні. У сувязі з гэтым інцыдэнтам у памежнай службе таксама праводзіцца службовая праверка.
Як даведалася потым «Свабода», Кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы генерал Рустам Любаеў пацьвердзіў інфармацыю пра тое, што ў супрацоўнікаў былі зьвесткі аб тым, што VW Passat можа перавозіць кантрабанду. Акрамя таго, крымінальнае мінулае загінулага ведалі як памежнікі, так і супрацоўнікі паліцыі.
«Гэта жыхар гораду Вільні, які мае ўражальнае крымінальнае мінулае. Ён неаднаразова судзімы за розныя злачынствы, у тым ліку за парушэньне дзяржаўнай мяжы і захоўваньне акцызных тавараў».
Застрэленаму кантрабандысту было 44 гады.