І на Усход таксама: Беларусь — лідарка па кантрабандзе цыгарэт у Расію

Доля нелегальнага абароту тытунёвых вырабаў у Расіі ў 2023 годзе дасягнула 13,4% супраць 12,9% у 2022 годзе. Страты расійскага бюджэту ад нелегальных цыгарэт у 2023 годзе склалі 130 млрд расійскіх рублёў, гаворыцца ў экспертных матэрыялах па пытаннях кантрабанды тытунёвай прадукцыі.

Малюнак з kupit-gde.ru

Малюнак з kupit-gde.ru

Найбольшы ўклад у незаконны абарот уносяць цыгарэты, нелегальна ўвезеныя ў Расію з краін ЕАЭС. З іх 84,5% прыпадае на цыгарэты беларускага паходжання, 13,6% — на Арменію, 1,8% — на Казахстан, 0,1% — на Кыргызстан, піша «Інтэрфакс» са спасылкай на дырэктарку АНО «Нацыянальны навуковы цэнтр кампетэнцый у сферы процідзеяння незаконнаму абароту прамысловай прадукцыі» (АНО «ННЦК») Ірыну Бушыну.

Па даных дырэктара Дэпартамента сістэмы лічбавай маркіроўкі тавараў і легалізацыі абароту прадукцыі Мінпрамгандлю Расіі Уладзіслава Заслаўскага, аб'ём спажывання нелегальнай прадукцыі вырас з 954 млн пачкаў у 2022 годзе да 1,1 млрд пачкаў у мінулым годзе. Пры гэтым зніжаюцца аб'ёмы канфіскацый нелегальнай тытунёвай прадукцыі праваахоўнымі органамі. Так, у 2023 годзе было канфіскавана 676 млн цыгарэт, што на 32% менш, чым у 2022 годзе, калі было канфіскавана больш за 1 млрд штук.

Уключэнне з 1 красавіка гэтага года тытунёвай прадукцыі ў пералік стратэгічна важных тавараў і рэсурсаў дазваляе ўзмацніць барацьбу супраць кантрабанды. Па дадзеных намесніка начальніка Галоўнага ўпраўлення мытнага кантролю пасля выпуску тавараў ФМС Расіі Андрэя Маёрава, з красавіка мытныя органы ўжо распачалі 11 крымінальных спраў па незаконным абароце тытунёвай прадукцыі. Гэта адпавядае паказчыку за ўвесь 2023 год.

Нагадаем, што кантрабанда цыгарэт — асноўная праблема мытняў нашых заходніх суседзяў. Паводле інфармацыі кампаніі KPMG, у 2021 годзе агульны аб'ём вытворчасці цыгарэт у Беларусі ў два разы перавышаў аб'ёмы спажывання ўнутры краіны — 34 мільярды штук супраць 15,71 мільярда штук. Эксперты палічылі, што ў 2021 годзе каля 14,8 мільярда штук цыгарэт, спажытых у ЕАЭС, ЕС, Вялікабрытаніі, Нарвегіі і Швейцарыі, маглі нелегальна трапіць з Беларусі.

Глядзіце таксама

Асноўная колькасць нелегальных цыгарэт у ЕС апошнія пару гадоў увозілася буйнымі партыямі на грузавым транспарце: на цягачах і цягніках. Напрыклад, у грузавым цягачы хавалі ад 200 да 500, а часам і да 1000 скрынь цыгарэт (да паўмільёна пачкаў), а прыкрыццём для нелегальных паставак у такіх выпадках была звычайна драўніна або іншыя будаўнічыя матэрыялы.

Як пісаў НЧ, Літва за 2021 год канфіскавала рэкордную колькасць беларускіх цыгарэт. У мінулым годзе ў цягніках канфіскавалі столькі беларускіх цыгарэт, колькі за мінулыя 7 гадоў разам.

ітоўскія памежнікі адзначылі, што большая частка (95,9%) усіх затрыманых кантрабандных цыгарэт у 2021-м прыбыла з Беларусі. Прычым 98,6% канфіскаваных пачкаў мелі беларускія акцызныя маркі.

Найбольш часта затрымлівалі ў мінулым годзе цыгарэты, вырабленыя на Гродзенскай тытунёвай фабрыцы «Нёман». «Рост кантрабанды тытунёвых вырабаў звязаны таксама з тым, што гэтая фабрыка вырабляе ў некалькі разоў больш цыгарэт, чым неабходна для беларускага рынку. Лішкі прадукцыі нелегальна вывозяцца на рынкі іншых краін, у тым ліку Літвы», — заявілі у свой час у літоўскім ведамстве.