95,9% затрыманых кантрабандных цыгарэт трапіла ў Літву з Беларусі

Большая частка (95,9%) затрыманых літоўскімі памежнікамі кантрабандных цыгарэт сёлета прыбыла з Беларусі. 98,6% канфіскаваных пачкаў мелі беларускія акцызныя маркі.

1027_traukinys_cigar1_55108.jpg


Найбольш часта выяўляюцца цыгарэты «Фэст», «НЗ» і «Мінск», вырабленыя на Гродзенскай тытунёвай фабрыцы «Нёман», піша REFORM.by са спасылкай на Службу аховы дзяржмяжы Літвы.

«Рост кантрабанды тытунёвых вырабаў звязаны таксама з тым, што гэтая фабрыка вырабляе ў некалькі разоў больш цыгарэт, чым неабходна для беларускага рынку. Лішкі прадукцыі нелегальна вывозяцца на рынкі іншых краін, у тым ліку Літвы», — заяўляюць у літоўскім ведамстве.

За 11 месяцаў 2021 года было затрымана 2 млн 410 тыс. 197 пачкаў кантрабандных цыгарэт. Гэта на 661 тысячу пачкаў больш, чым за такі ж перыяд мінулага года.

Нягледзячы на тое, што колькасць тавару павялічылася, колькасць затрыманняў скарацілася. Гэта звязана са спробамі перавезці ў гэтым годзе больш буйныя грузы. Сёлета расследавалася 379 выпадкаў кантрабанды. За той жа перыяд 2020 года было папярэджана 503 такія спробы.

Па падазрэнні ў кантрабандзе або незаконным правозе падакцызных тавараў затрымана 419 чалавек, у той час як у мінулым годзе — 619.

Сярэдні кошт пачкі цыгарэт у Літве складае тры еўра. Такім чынам, Літва затрымала кантрабандных цыгарэт больш чым на 7 млн еўра.