Да 14 студзеня. Літва падоўжыла надзвычайнае становішча на мяжы з Беларуссю
У аўторак Сейм Літвы ўхваліў рашэнне падоўжаць рэжым надзвычайнага становішча яшчэ на месяц. МУС краіны настойвае, што мігранцкі крызіс не скончыўся.
Урад Літвы ўнёс у
Сейм прапанову аб працягненні надзвычайнага становішча за 10 км ад мяжы і ў
лагерах мігрантаў да 14 студзеня 2022 году, інфармуе агенцтва BNS.
Сейм 7 снежня
ўхваліў такое рашэнне. Паводле спікера Сейма Вікторыі Чмілітэ-Нільсэн, якая
прадстаўляла гэтае пытанне, пагрозы, якія прымаліся для абароны грамадзкіх
інтарэсаў, забеспячэння бяспекі дзяржавы, па-ранейшаму застаюцца.
Згодна з прынятай
пастановай, надзвычайнае становішча на мяжы з Беларуссю ўведзена праз рост
напружанасці ў сувязі з нелегальнай міграцыяй. У Міністэрстве ўнутраных
спраў, якое распрацоўвала рашэнне, заявілі, што мэта — «не дапусціць магчымых
правакацый на памежных пунктах пропуску».
Сёлета ў Літву
ўехалі больш за 4,2 тысячы чалавек. У верасні краіна перастала прымаць іх у
лагеры мігрантаў, дзе ўспыхвалі бунты, і пачала адпраўляць назад у Беларусь.
Вільня вінаваціць рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі патокаў мігрантаў і называе
гэта гібрыднай агрэсіяй. Такой жа думкі прытрымліваюцца Польшча, Эстонія,
Латвія, Нямеччына і некалькі іншых краін, уключна з ЗША.
Паводле «Свабода».