Заплацілі авансам. Транзіт беларускага калію праз Літву ў снежні захаваецца
Транзіт беларускіх калійных угнаенняў праз Літву захаваецца як мінімум у снежні. Пра гэта піша BNS са спасылкай на літоўскую чыгунку. З 8 снежня ў дачыненні да «Беларуськалія» ўступілі ў сілу санкцыі ЗША, якія могуць абмежаваць магчымасць разлікаў беларускага прадпрыемства ў доларах.
«Беларуськалій» аплаціў паслугі LTG Cargo авансам. Такім чынам, літоўская чыгунка выканае абавязацельствы па транспарціроўцы амаль 1 млн т у снежні. Праз Літву будзе праходзіць 6-9 саставаў у суткі, піша REFORM.by.
Далейшае супрацоўніцтва літоўскіх кампаній з беларускімі вытворцамі і трэйдарамі калійных угнаенняў будзе залежаць ад санкцыйнага рэжыму. Трэба адзначыць, што ў літоўскай чыгункі ёсць кантракт на транзіт угнаенняў да 2023 года, падпісаны ў 2018 годзе. Ён не трапляе пад сектаральныя санкцыі ЕС. Таксама з-пад іх выведзеныя асноўныя калійныя ўгнаенні.
Разам з тым ЗША нядаўна ўвялі санкцыі ў дачыненні да «Беларускай калійнай кампаніі». Аднак пры гэтым нададзены перыяд для завяршэння дзеючых кантрактаў да красавіка 2022 года.
Асноўныя асцярогі з нагоды транзіту праз Літву звязаныя з тым, што беларускія кампаніі праз санкцыі ЗША не змогуць разлічвацца з падрадчыкамі.