«Застаецца толькі пусціць авіяцыю паміж Лельчыцамі і Ашмянамі». Мікалай Халезін — аб пятым пакеце санкцый
2 снежня стала ў Беларусі чарговым днём міжнародных санкцый. Пяты пакет эканамічных і персанальных абмежаванняў набыў моц ад імя адразу чатырох буйных гульцоў сусветнай палітыкі — Еўрапейскага саюза, ЗША, Велікабрытаніі і Канады.
У блэк-ліст патрапіла шмат людзей — найпеш тых, каго
міжнародная супольнасць лічыць датычнымі да міграцыйнага крызісу — і некалькі
буйных беларускіх кампаній: «Белавія», «Гродна Азот», «Белшына» і іншыя.
Пяты пакет абудзіў у беларускім грамадстве спрэчкі аб эфектыўнасці санкцыйнай палітыкі Захаду. Меркаванні тут розныя і нават палярныя: ад таго, што санкцыі знясільваюць рэжым Аляксандра Лукашэнкі, да таго, што яны ўвогуле не працуюць і таму не маюць сэнсу. Што казаць, калі нават у дзяржаўных кругах чутны дыяметральныя ацэнкі — ад «санкцыі зробяць нас мацнейшымі» да «санкцыйны ціск прывядзе да страты Беларуссю сваёй дзяржаўнасці».
Дык як яно насамрэч? Напэўна, пакажа толькі час. Прыкладна так лічыць Мікалай Халезін — кіраўнік «Свабоднага тэатра», які па сумяшчальніцтву доўгі час займаецца менавіта пытаннямі міжнародных санкцый супраць беларускіх уладаў.
У інтэрв’ю «Маланцы» рэжысёр і грамадскі дзеяч прааналізаваў пяты санкцыйны пакет, выказаўся пра яго асаблівасці і падкрэсліў, што міжнародны эканамічны ціск — гэта працэс, які набліжае перамены ў краіне.
— Гэта не зусім той пакет, якога чакалі апошнія паўгода, —
адразу кажа Мікалай Халезін. — Таму што сітуацыя радыкальна змянілася, калі
пачаўся міграцыйны крызіс і Лукашэнка выкарыстаў вось гэтую гібрыдную схему для
ціску на Еўрасаюз. Менавіта тады, уласна кажучы, памяняўся фармат гэтага
пакета.
Да гэтага ўсе эксперты і тэхнічныя кансультанты працавалі на чыста эканамічны праект санкцый. Ішла экспертыза, была праведзена вялікая праца самымі рознымі структурамі. І еўрапейскімі, і беларускімі, і амерыканскімі. Але ў выніку атрымалася так, што ЕС, ЗША, Вялікабрытаніі і Канадзе давялося карэктаваць пакет, каб даць адказ на міграцыйны крызіс.
З-за гэтага ў гэтым пакеце пакінулі толькі невялікую частку эканамічных санкцый, а астатняе было перапрафілявана пад ціск, звязаны з мігрантамі. Уся астатняя эканамічная частка пайшла на наступны пакет. Там вялікая праца ўжо праведзена, яна амаль фіналізаваная. І, спадзяюся, у пачатку наступнага года шосты пакет будзе ўведзены.
Атрыміваецца, што праз міграцыйны крызіс Захад адмовіўся ад
першапачатковых планаў і быў вымушаны аператыўна рэагаваць на новыя ўводныя. У
выніку некаторыя патэнцыйныя аб’екты санкцый пад абмежаванні не патрапілі. Ці
можа такая тактыка ў выкананні беларускіх уладаў стаць сістэмнай у барацьбе з
міжнароднымі санкцыйнымі памкненнямі?
— У кароткатэрміновай перспектыве Лукашэнка тут і павінен
быць перамагаць, — адзначае суразмоўца. — Такая маленькая пераможная вайнушка,
якая яму ўдалася. Але ў сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве ён
прайграе. І гэтая перспектыва ўжо наступіла. Маятнік хіснуўся так, што цяпер
ляціць яму прама ў лоб. Звязана гэта з тым, што Еўропа цалкам спакойна
«адыграла» ўмацаванне мяжы, пад гэта падпісаліся ўсе краіны, уключаючы нават не
еўрасаюзаўскія.
Тая ж Вялікабрытанія накіравала ў Польшчу свае каралеўскія інжынерныя войскі для ўмацавання мяжы. Туды ж прыбылі эстонскія памежнікі, аб'яднаныя службы ЕС. Гэта значыць, Еўропе з яе сіламі і магчымасцямі аказалася не так складана перакрыць гэты мігранцкі паток.
І тут ужо Лукашэнка зразумеў, што мігранты — цяпер ягоная праблема. Паколькі яны знаходзяцца на яго тэрыторыі. Адкуль у іх ёсць адзін выхад, напрыклад, Расія. Але я не ўпэўнены, што Уладзіміру Пуціну такое вырашэнне міграцыйнага крызісу спадабаецца. Таму [для беларускай улады] надыходзіць цугцванг, калі любы ход Лукашэнкі пагаршае яго пазіцыі. І мы цяпер у гэтай фазе знаходзімся.
Выказаўся Мікалай Халезін і адрасна на тэму санкцый. Напрыклад, датычна да галоўнага беларускага авіяперавозчыка — кампаніі «Белавія», якая аказалася ў пятым пакеце:
— Вось казаў нам кіраўнік «Белавія» Чаргінец, маўляў, мы
такія моцныя, мы не спалохаемся санкцый, мы не скароцім штаты. Ну, добра, ты
ўжо скараціў палову самалётаў. І ты не будзеш скарачаць штат? Будзеш саджаць па
16 сцюардэс на борт і па 14 пілотаў у кабіну? Не, ты будзеш скарачаць штаты.
Час бравады скончыўся.
— Гэтак жа [прэм’ер-міністр] Раман Галоўчанка, — працягнуў спікер пра браваду. — Я хачу ў яго спытаць, калі ён сказаў, што ўзбадзёрылася эканоміка. Яна ўжо досыць узбадзёрылася, ці яе яшчэ трэба падбадзёрыць, каб ён зразумеў, у якой яме знаходзіцца? І не працягваў нас пераконваць, што выдатная сітуацыя ў эканоміцы.
Цяжкія часы прагназуе эксперт і для айчыннай тытунёвай вытворчасці.
— [Санкцыі акажуць на яе] вельмі сур'ёзны ўплыў, бо велізарную колькасць кампанентаў не могуць пастаўляць [замежныя контрагенты], — кажа суразмоўца. — [Гарадзенскай тытунёвай] фабрыцы не могуць пастаўляць абсталяванне, ад гэтага ўжо адмовіліся ўсе краіны Еўропы. Спрабавалі замясціць гэта Кітаем, але тут усё звязана з падаражэннем з-за транспарту. Плюс ідуць велізарныя патокі кантрабанды ў краіны Еўропы, усе пра гэта ведаюць. Але і гэтыя патокі перарываюцца, бо існуюць добрыя людзі, якія аб гэтых патоках інфармуюць прама з Беларусі.
— Таму, так, тытунёвая прамысловасць ляціць пад адхон, — катэгарычна падсумоўвае кіраўнік «Свабоднага тэатра». — Але для Тапузідзіса і асабліва Алексіна (беларускіх прадпрымальнікаў, якія займаюцца тытунёвым бізнэсам) гэта не з'яўляецца праблемай.
Асаблівасць пятага санкцыйнага пакету ў тым, што ўпершыню
абмежаванні закранулі дзяржаўны доўг. Што гэта такое, як працуе і якія
наступствы нясе?
— Гэта таксама працэс, — тлумачыць Мікалай Халезін. — Той жа выпуск дзяржаўных аблігацый — гэта працэс, які ініцыюе ўлада. І калі гэтыя працэсы тарпедуюцца, рэжым больш не можа прыцягваць грошы. Прычым гэта ўсё шчыльна звязана з крызісам у банкаўскай сферы. Ужо цяпер супраць банкаў працуюць санкцыі, а з увядзеннем шостага пакета яны яшчэ больш узмоцняцца. Гэта ўсё звязваецца ў адзін тугі вузел, і гэта ўсё трэба разглядаць ва ўзаемадзеянні. Думаю, пра гэта мы зможа вельмі канкрэтна казаць у канцы зімы.
Разам з тым пакуль беларуская эканоміка сапраўды трывае, і няма адчування, што наперадзе краіну чакае нейкі армагедон. Дык, можа, санкцыйнае ўздзеянне насамрэч моцна перабольшанае? Ці эфект тут не імгненны, а адкладзены?
— Нельга ацэньваць эфект адным днём, — упэўнены беларускі рэжысёр. — Таму што існуе аналіз сітуацыі, існуюць прагнозы. Мы ўсё ўбачым далей.
Я заўсёды казаў, што адны толькі санкцыі ніколі не адымалі ў рэжыму жыццё. Гэта заўсёды сукупнасць самых розных дзеянняў ўнутры краіны і па-за яе. Але калі гэтых санкцый не будзе, то не будзе і руху ўнутры і па-за краінай. Таму гэта не трэба разглядаць як факт, які здарыўся.
Вось тая ж «Белавія» [кажа]: мы будзем лётаць чартарамі. Так, можна лётаць чартарамі, але авіякампаніі ўжо фактычна няма. Застаецца толькі пусціць авіяцыю паміж Лельчыцамі і Ашмянамі, і тады мы будзем мець такі лакальны паветраны флот. Але па факце палова самалётаў ужо не існуе ў гэтай кампаніі.
Таму і пытанне: мы разглядаем гэта ў перспектыве або на дадзены момант? Так што тое забаронена, тое дазволена… Але ўжо пад гэта трапілі і «Белкалій», і «Белшына», і гэтак далей, і гэтак далей... І амерыканцы, і брытанцы, і канадцы, і Еўрасаюз — усе ў гэтую справу ўключаны. І далей гэты працэс будзе развівацца. Ён не будзе вяртацца да мінулага. Таму ў мяне няма глабальнага песімізму, што ўсё скончана, санкцыі не працуюць. Не, ўсе працуе, таму ўлада і вішчыць…
І ўрэшце кіраўнік «Свабоднага тэатра» выказаўся аб
санкцыйнай хвалі, якая нападыходзе. Як паведамлялася раней, 8 снежня пачнуць
дзейнічаць рэстрыкцыі ЗША, у тым ліку — чакаецца — і тыя, што маюць другасны
характар. Ці ўдараць яны па ўстойлівасці беларускай улады? Да прыкладу, што
будзе з транзітам калію праз Літву, з супрацоўніцтва калійнага камбіната з
нарвежскай кампаніяй «Yara»?
— Калі амерыканскія санкцыі ўвойдуць у свой працоўны рэжым, то, безумоўна, усе арганізацыі, якія ўзаемадзейнічаюць з падсанкцыйнымі прадпрыемствамі, будуць вымушаныя гэта спыніць, — мяркуе Мікалай Халезін. — І гэта будзе адсочвацца спецыяльнай службай. То бок, калі нейкія кампаніі будуць парушаць рэжым гэтых санкцый, то яны самі патрапяць пад другасныя санкцыі ЗША.