Станіслаў Багданкевіч: санкцыі закрыюць для краіны адкрыцці
«Давядзецца вазіць грошы на ровары»... Так пракаментаваў газеце «Беларусы і рынак» наступствы новых санкцый былы кіраўнік Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч.
2 снежня ЗША, Еўрасаюз, Вялікабрытанія і Канада сінхронна ўвялі чарговы
пакет санкцый. У прыватнасці, пад абмежаванні патрапілі плацяжы як у еўра, так
і ў доларах. А ўжо 5 снежня стала вядома, што Deutsche Bank, найбуйнейшая
крэдытная арганізацыя Еўропы з актывамі на 1,3 трлн долараў, прыпыняе
абслугоўванне плацяжоў у адрас дзяржкампаній, банкаў і публічных асоб
Рэспублікі Беларусь.
— Станіслаў Антонавіч, а акрамя ўскладнення і падаўжэння лагістыкі, іншыя наступствы для банкаўскай сістэмы будуць?
— Гэта галоўнае наступства для банкаўскай сістэмы. Банкі не змогуць атрымаць грошы, не змогуць распаўсюджваць каштоўныя паперы Мінфіна Беларусі і Банка развіцця — прыцягненне рэсурсаў у эканоміку Беларусі ідзе праз банкі.
— Якую альтэрнатыву яны будуць шукаць?
— Будуць спрабаваць адкрываць карэспандэнцкія рахункі ў расійскіх банках, якія маюць рахункі ў еўрапейскіх. Разлік атрымаецца падоўжаны: спачатку перавод плацяжоў у расійскія банкі, потым карэспандэнцкі банк. Магчымыя разлікі праз кітайскія банкі. Але такая працэдура толькі ўскладняе разлікі. Калі санкцыі прадугледжваюць закрыццё аперацый па выдачы крэдытаў, рэсурсаў, то яны будуць распаўсюджвацца на той банк, які мае карэспандэнцкі рахунак.
— У такім выпадку санкцыі будуць распаўсюджвацца і на расійскія банкі, якія возьмуцца дапамагаюць беларускім абыходзіць санкцыі.
— Некаторыя падпадаюць, некаторыя не, бо не ўся банкаўская сістэма закрытая. Акрамя дзяржаўных банкаў, ёсць буйныя банкі недзяржаўнай формы ўласнасці.
Але самае галоўнае, што санкцыі б'юць па іміджы краіны. У краіну з сапсаваным іміджам не прыйдуць інвестыцыі, а з імі не прыйдуць высокія тэхналогіі з высокай эфектыўнасцю. Вядома, увесь свет не закрыецца ад Беларусі і Расіі, застаюцца Кітай, Індыя. Але самыя вялікія адкрыцці ў навуцы, тэхніцы, у тэхналогіях адбываюцца на Захадзе.