Эксперт: Лукашэнка дайшоў да чырвоных ліній, але не перасягнуў іх

Аналітык Украінскага цэнтра будучага Ігар Тышкевіч распавёў аб тым, як афіцыйны Мінск лавіруе паміж Сцылай і Харыбдай Крамля і Захаду і спрабуе праціснуць уласны шантаж.

photo_2021_11_01_16_13_30.jpg

Пра Крым

На думку палітолага, ва ўзаемаадносінах з Расіяй і Украінай беларускі кіраўнік да апошняга спрабуе захаваць прастору для манеўру.

— Заяўляючы пра тое, што Крым расійскі, Аляксандр Лукашэнка быў у сваёй стыхіі: з аднаго боку, выглядала гэта даволі жорстка, з іншага, круціўся, як вуж на патэльні, імкнучыся падняць стаўкі адначасова і ў дыялогу з Захадам, і ў расійскім кірунку, і з Украінай, і згуляўшы на ўнутрыпалітычным полі.

Цяпер набліжаецца правядзенне мерапрыемстваў памяці Максіма Багдановіча ў Крыме. І, мяркуючы па першых інсайдах з дыяспары беларусаў у Крыме, гаворка ідзе пра візіт вялікай дэлегацыі, але не афіцыйнай.

Гэта значыць, што там, верагодна, будуць дэпутаты парламента, Наталля Качанава, цэлы дэсант з журналістаў дзяржСМІ, але гэта не будзе на ўзроўні ўрада і прэзідэнта. Гэта значыць, ён як бы дайшоў да чырвоных ліній, але не перасягнуў іх.

...У пытанні «Чый Крым?» яго практычна даціснулі, ён ходзіць, што называецца, па лязе, аднак яшчэ не ўпаў. Аднак найменшы ветрык можа калыхнуць і паваліць Лукашэнку, і тады ўкраінскі бок вымушаны будзе адказваць — ужо не рэзкімі заявамі і з'едлівасьцямі, а справай.

Аб ваенных базах

— Гаворачы аб саюзных праграмах, ваенным супрацоўніцтве і іншым, трэба звяртаць увагу на тое, што не агучваюць.

Так званыя саюзныя праграмы — гэта пэўныя рамкі, але рэалізацыя намечаных контураў супрацоўніцтва будзе ісці праз пень-калоду, паколькі Лукашэнка па-ранейшаму максімальна не хацеў бы дзяліцца ўладай.

Тое, у чым Расія будзе даціскаць, — гэта вельмі важны рынак газу, фінансавая і транспартная сфера. І вось тут цікавая тэма вайсковага супрацоўніцтва. Для РФ вельмі важна мець сваю базу, пажадана сухапутных войскаў, на тэрыторыі Беларусі. Для беларускіх уладаў ідэальна было б падняць стаўкі і пагражаць суседзям і краінам NATO, што прыйдзе «расійскі мядзведзь».

Аднак успомнім заявы міністра абароны Хрэніна пра тое, што ніякіх баз тут не будзе, і гаворка пра гэта не ідзе. Гаворка як раз пра іх вядзецца, пытанне ў тым, што афіцыйны Мінск катастрафічна баіцца размяшчэння расійскай вайсковай базы, бо для Лукашэнкі пусціць сюды Расію — гэта гарантавана страціць уладу.

Аб санкцыях

— У свой час я аналізаваў санкцыі ў дачыненні да Беларусі з пункту гледжання расійскіх інтарэсаў. Дык вось, з цяперашняга, пятага, санкцыйнага пакета ЕС большая частка захадаў знаходзіцца ў той жа самай логіцы.

Адзінае выключэнне — што нарэшце звярнулі ўвагу на «Прэзідэнцкі спартыўны клуб»: гэта рэалізацыя БелАЗаў, але і іншай тэхнікі, нямала бізнес-праектаў накіраваных праз гэтую структуру ў РФ, краіны арабскага свету…

Што тычыцца канкрэтных прадпрыемстваў, то, напрыклад, «Гродна Азота» ў спісах варта было чакаць па некалькіх прычынах: акрамя таго, што значную частку прадукцыі завод рэалізуе ў краіны ЕС і з'яўляецца канкурэнтам расійскіх кампаній, ёсць яшчэ адна цікавая акалічнасць — высокія цэны на газ.

Пры вытворчасці азотных угнаенняў выкарыстоўваецца вялікая колькасць прыроднага газу. Задайце сабе пытанне: калі ён дарагі, які будзе кошт угнаенняў? Зараз у Еўропе цэны на газ б'юць рэкорды. І дазволіць Лукашэнку атрымліваць вялікія прыбыткі ад гэтай прадукцыі, з пункту гледжання еўрапейскіх палітыкаў, было б нелагічным. Ды і расійскія лабісты падтрымліваюць гэтую ідэю — лепш гэтыя прыбыткі атрымаюць яны.

Тыя ж чаканні, адзначае аналітык, былі і наконт «Белавія», паколькі нацыянальны авіяперавозчык не патрэбны Расіі, якая прасоўвае аб'яднанне, а яго адсутнасць не перашкодзіць Еўрапейскім перавозчыкам.

— Санкцыі санкцыям розніца. Можна актывізаваць барацьбу з кантрабандай, або праверыць рынкі Афрыкі, адкуль аплата ідзе не праз беларускі бюджэт, а золатам і дыяментамі ў валізках. А можна ўдарыць па тых прадпрыемствах, што на слыху. І вось тут уключаюцца лабісты, таму што пад кожным пакетам санкцый рана ці позна ўключаюцца бізнес-інтарэсы, — падкрэсліў Ігар Тышкевіч.

Паводле «Салідарнасці».