«Улады далі адказ на заходнія санкцыі. Ён жорсткі роўна настолькі, каб можна было пахваліцца ў тэлевізары»
Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» папулярна тлумачыць, чаму беларускія «антысанкцыі» нельга назваць «антысанкцыямі», а таксама пра тое, хто выйграе ад іх увядзення. Спойлер: Захад не пацерпіць.
Учора беларускія ўлады далі канчатковы адказ на заходнія санкцыі. І ён жорсткі роўна настолькі, каб гэтым можна было пахваліцца ў тэлевізары. Напэўна тэлевізар учора шмат распавядаў пра еўрапейскіх фермераў, якія страцілі доступ да прэміяльнага беларускага рынку. І пра гордыя беларускія калгасы, якія здольныя накарміць народ без старонняга заходняга ўдзелу.
Я нічога не магу сказаць пра гаротных фермераў. Можа, яны і праўда ўжо пагрузіліся ў бездань адчаю. Тэлевізар жа хлусіць не будзе, праўда? Але, зыходзячы з асаблівасцяў айчыннай санкцыйнай палітыкі, мне падаецца, што калгасам не прыйдзецца самотна несці цяжар забеспячэння харчовай бяспекі. Таму што прынятая ўчора пастанова — не бетонная сцяна на шляху заходняга харчовага імпарту, а, хутчэй, дэкаратыўная агароджа.
Вось да забароненых не адносяцца тавары, якія ўвозяцца «для асабістага карыстання» і «для перапрацоўкі». Гэта значыць, калі які-небудзь мясакамбінат купляў, скажам, польскую свініну, каб зрабіць з яе каўбасу, то ён і далей будзе купляць усё тую ж свініну, але з абцяжараннем у выглядзе дадатковых адміністрацыйных працэдур.
А галоўнае, да забароненых не адносяцца прадукты, якія ўвозяцца «ў рамках квот, устаноўленых у адпаведнасці з Палажэннем аб кватаванні ўвозу на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь асобных відаў тавараў... для забеспячэння збалансаванасці на спажывецкім рынку». Атрымліваецца, нават адсутнасць хамону мы, хутчэй за ўсё, не заўважым у нашым паўсядзённым жыцці. Проста калі раней гэты хамон цягнулі ўсе каму не лянота, то цяпер урад будзе ўсталёўваць квоты і выдаваць на іх ліцэнзіі самым годным і адказным прадстаўнікам бізнесу.
Вось раней правільны бізнес мог зарабіць сабе на кавалак хлеба дзякуючы асаблівасцям беларуска-расійскіх мытных узаемаадносін. А цяпер, калі гэтыя адносіны перасталі быць такімі асаблівымі, зможа часткова кампенсаваць свае страты. дзякуючы асаблівасцям айчыннага мытнага рэгулявання. Тым больш, досвед работы ва ўмовах прымянення контрсанкцыйных мер ужо маецца.
А яшчэ, улічваючы ўчорашні візіт вялікага сербскага сябра беларускага народа, ёсць у мяне смутнае адчуванне, што замест іспанскага хамону ў беларускіх крамах з’явіцца сербскі. Сербскі шакалад, сербскі сыр, арэхі якія-небудзь сербскія. Ну, як у блаславёныя часы, калі расійскі рынак ад дэфіцыту ратавалі беларускія крэветкі.
Увогуле, мне падаецца, учорашнюю пастанову правільней было б назваць пастановай «Аб некаторых асаблівасцях насычэння айчыннага рынку асобнымі імпартнымі харчовымі таварамі». І яе сутнасць не ў тым, каб пазбавіцца ад імпартнага харчавання. А ў тым, каб беларускі рынак насычаўся імпартным харчаваннем правільна і правільнымі людзьмі.
Вось хіба што польскія яблыкі пацерпяць. Ну дык, пасля ўсяго, што паміж імі было, не маглі ж беларускія ўлады пакінуць польскія яблыкі беспакаранымі.