Ільдзіны, яблыкі, шыны — кантрабандысты здзіўляюць новымі спосабамі транспарціроўкі цыгарэт
На мінулым тыдні літоўскія памежнікі зноў перахапілі кантрабанду з Беларусі: цяпер на самаробных плытах у Нёмане. Тры «пачастункі» заблыталіся ў зарасніках чароту на беразе ракі — іх знайшлі супрацоўнікі Варэнскага памежнага атрада. У скрынках знаходзіліся 750 пачкаў беларускіх цыгарэт.
Як паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літоўскай Рэспублікі, 7 лістапада супрацоўнікі Друскінінкайскай пагранзаставы знайшлі на беразе Нёмана тры плоскія квадратныя звязкі. «Напрыканцы восені вугры ў рэках ужо не плаваюць, але ў Нёмане зноў з'явіліся плыты кантрабандыстаў з Беларусі», — напісала прэс-служба памежнікаў.
Прыбыўшы да самаробак на службовым катэры, памежнікі забралі знаходкі. У скрутках знаходзілася 750 пачкаў беларускіх цыгарэт. Да тавару, загорнутага ў чорны поліэтылен, у якасці рэгулявання нахілу прымацавалі тратуарную плітку, а пасля ўсю канструкцыю яшчэ і абматалі бясколернай плёнкай. У кожным скрутку было знойдзена па 250 пачкаў цыгарэт «Фэст» з беларускімі этыкеткамі. Кошт усёй партыі (у тым ліку абавязковыя падаткі ў Літве), склаў амаль 3130 еўра. Памежнікі адзначаюць, што месяц таму прыкладна на гэтым жа месцы друскінінкайскія пагранічнікі выявілі шыну ад аўтамабільнага кола, якая прыплыла ў Нёман. Унутры шыны знаходзіліся 950 пачкаў цыгарэт і GPS-абсталяванне.
Нагадаем, якімі незвычайныя спосабамі транспарціроўкі карысталіся кантрабандысты на працягу апошніх гадоў
8 кастрычніка 2021 года літоўскія мытнікі ў пункце пропуску «Райгардас» на беларуска-літоўскай мяжы выявілі вялікую партыю кантрабандных беларускіх цыгарэт, схаваных у піламатэрыялах. Кіроўца фуры падчас кантролю заявіў, што вязе лес. Мытнікі вырашылі дэталёва агледзець машыну і падазрэнні пацвердзіліся: на ўскрайку прычэпа было знойдзена некалькі схованак з цыгарэтамі. Пазней высветлілася, што кантрабандай забіта ўся фура: супрацоўнікам мытні прыйшлося цалкам разгрузіць прычэп, каб ацаніць агульную колькасць тавару. Прэс-служба паведаміла, што ў досках былі знойдзены больш за 400 тысяч пачкаў цыгарэт марак «Minsk Superslims» і «NZ Gold Superslims» на суму 1,43 мільёна эўра.
Праз два месяцы літоўскія памежнікі назіралі найбольш унікальны і крэатыўны спосаб перакідкі кантрабанды — у ільдзіне.
25 снежня 2021 года ля вёскі Ліпліны афіцэры памежнай службы заўважылі падазроныя самотныя крыгі, дрэйфуючыя па Нёмане. Яны прыбылі да ільдзін на цеплаходзе і выявілі восем звязаных паміж сабой каробак цыгарэт «Мінск Капітал МС» з беларускімі акцызнымі маркамі.
Кантрабандысты спрабавалі замаскіраваць гэты груз, прысыпаўшы скрыні снегам, а таксама сачылі за месцазнаходжаннем дзякуючы прымацаванаму GPS-перадатчыку.
На думку кіраўніцтва памежнай службы, такая маскіроўка павінна была стварыць уражанне, што зімой у рацэ «купаецца» сапраўдная ільдышка, аднак на той момант крыгаходу ў рацэ не было. Увагу таксама прыцягнулі самаробныя падцяжкі, створаныя для таго, каб кантрабандыстам было зручна несці груз на плячах.
20 снежня 2022 года памежнікі спынілі найбуйнейшую незаконную транспарціроўку ў гісторыі незалежнай Літвы. Пасля падліку рэкорднай партыі кантрабандных цыгарэт, прывезеных з Беларусі па чыгунцы, агульная сума канфіскаванага тавару склала больш за 2,6 мільёны еўра.
У Вільні на чыгуначнай станцыі Панярай памежнікі праверылі тры вагоны таварнага цягніка, які перабываў на пуці. Яны падазравалі, што ў вагонах магла быць схаваная кантрабанда. Падчас агляду цягніка былі выяўлены буйнагабарытныя пакеты з грануламі сланечніку, сярод якіх кантрабандысты і схавалі скрыні з цыгарэтамі.
Устаноўлена, што ў трох вагонах, затрыманых памежнікамі, перавозілася 672 тысячы пачкаў розных марак цыгарэт з беларускай этыкеткай. Кошт такога грузу ў Літве з улікам усіх абавязковых падаткаў складаў больш за 2,6 мільёна еўра. Гэта найбуйнейшы перахоплены кантрабандны груз за ўсю гісторыю аперацый крымінальнай службы.
Апошняе гучнае затрыманне адбылося не на мяжы, а ў Каўнаскім раёне, наўпрост падчас разгрузкі кантрабанды. Чацвёра літоўцаў і адзін расіец замаскіравалі цыгарэты пад скрынкі з яблыкамі, якія па дакументах павінны былі быць дастаўлены ў Калініградскую вобласць Расіі. Мытная крымінальная служба канфіскавала 1300 паддонаў з цыгарэтамі: зноў на агульную суму 2,6 мільёны еўра.