«Балючы ўдар». Літва можа закрыць дадатковыя пункты пропуску з Беларуссю
У Літве разглядаюць магчымасць закрыцця некаторых пагранпунктаў на мяжы з Беларуссю з-за кантрабанды. Такую прапанову выказаў старшыня камітэта па бюджэце і фінансах Міндаўгас Лінге, але канкрэтныя пункты ён не назваў.
Паводле слоў намесніка міністра ўнутраных спраў Літвы Віталя Дзмітрыева, у апошні час назіраецца рост выпадкаў кантрабанды, але колькасць канфіскаванай прадукцыі зніжаецца.
Ён жа растлумачыў, што калі рашэнне аб закрыцці яшчэ некалькіх пунктаў пропуску на беларуска-літоўскай мяжы і будзе прынята, то яно будзе звязана з іншымі пагрозамі, напрыклад, патокам нелегальных мігрантаў, а кантрабанда — гэта толькі адзін з паказчыкаў.
Наколькі імавернае закрыццё яшчэ некалькіх памежных пунктаў на мяжы Літвы з Беларуссю і якія ў гэтага могуць быць наступствы, «Салідарнасць» абмеркавала з палітолагам Анатолем Котавым.
— Закрыццё чарговых пунктаў пропуску на літоўскай мяжы абмяркоўваецца не ў першы раз, — адзначае Котаў. — Некалькі месяцаў таму літоўскі бок разглядаў закрыццё «Катлоўкі» і «Прывалкі» — двух досыць буйных пунктаў пропуску, праз якія ажыццяўляецца транзіт і перасоўванне міжнароднага грузавога аўтатранспарту.
Так што, напэўна, можна казаць, што цяпер у чарговы раз разглядаюцца менавіта гэтыя два пункты ў якасці першачарговай меры.
Але сама па сабе дыскусія, лічыць палітолаг, мае два значэнні: першае — рыхтуецца глеба для нейкага ўнутранага рашэння, другое — гэта сігнал беларускаму боку, каб перагледзеў свае паводзіны.
То-бок гэта чарговы сігнал беларускаму рэжыму паспрабаваць прыпыніць паток кантрабанды і гісторыю з нелегальнымі мігрантамі, якія то з'яўляюцца, то знікаюць, у прыватнасці, з беларуска-літоўскай мяжы.
— Калі нічога не зменіцца, то вялікая верагоднасць закрыцця чарговых пунктаў пропуску. Мяркуючы па ўсім, ужо даўно выпрацавана паслядоўнасць перакрыцця мяжы, і раз некалькі месяцаў таму абмяркоўваліся два канкрэтныя пункты пропуску, то, хутчэй за ўсё, яны і стаяць у першай чарзе.
Закрыццё мяжы — зброя двухбаковавострая, адзначае палітолаг. Аднак калі літоўскі бок прыме рашэнне закрыць яшчэ некалькі пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю, у першую чаргу гаворка будзе ісці аб ускладненні перасячэння мяжы аўтатранспартнымі сродкамі (пасажырскімі і асабістымі). Але ў большай ступені такое рашэнне закране грузаперавозкі.
Гэта ўдар па беларускім экспарце ў Еўрасаюз, павелічэнне чэргаў на межах. Адпаведна, узрастуць тэрміны дастаўкі, з'явяцца выдаткі, трэба будзе мяняць маршруты.
— Гэта досыць балюча для беларускага рэжыму, таму што рыльца, скрозь якое прасочваюцца беларускі экспарт і кантрабанда, стане яшчэ вужэйшае.
Хоць, калі гаворка пра грузаперавозкі, значна больш балючым будзе перакрыццё чыгуначных зносін, таму што яны з’яўляюцца прыярытэтнымі для рэжыму, калі гаворка ідзе пра сур'ёзныя экспартныя пастаўкі.
Гэта значыць будзе балюча, хай і не так, як магло б
быць у выпадку з чыгуначным транзітам, але гэта дастаткова сур'ёзны ўдар па
знешнегандлёвай і лагістычнай дзейнасці, паколькі варыянтаў, як адпраўляць груз
у Еўропу, стане ўсё менш, — заключае Анатоль Котаў.