У Літве затрымалі партыю беларускіх кантрабандных цыгарэт коштам 2,6 млн еўра

Пра затрыманне партыі кантрабандных цыгарэт з Беларусі, паведаміла Літоўская Мытная крымінальная служба. За апошні час гэта прынамсі другі выпадак, калі літоўскія службоўцы затрымліваюць беларускія цыгарэты коштам на мільёны еўра.

328245752_3450171538531476_8027011054838108405_n_4qjk4.jpg

Затрымалі партыю цыгарэт не на мяжы, а пад Каўнасам. Беларускую кантрабанду суправаджалі пяць чалавек — чатыры літоўцы і расіянін. Яны якраз займаліся разгрузкай.

Усяго былі агледжаныя два грузавікі і тры паўпрычэпы. Як выявілася, 1330 скрынак беларускіх цыгарэт увезлі ў Літву пад выглядам яблыкаў, якія па дакументах мусілі быць дастаўленыя ў Калінінградскую вобласць Расіі.

Цікава, што ў сярэдзіне студзеня ў Літве быў зафіксаваны падобны выпадак. Супрацоўнікі Службы аховы дзяржаўнай мяжы завяршылі падлік буйной партыі кантрабандных беларускіх цыгарэт, затрыманай, праўда, яшчэ 29 снежня на чыгуначнай станцыі Панярай. 

Тады ў выніку аперацыі па затрыманні кантрабанды была спыненая спроба нелегальнага ўвозу 672 тысяч пачкаў беларускіх цыгарэт на суму больш за 2,5 млн еўра. Пры гэтым перахоп незаконнага грузу ажыццяўляўся пры супрацоўніцтве з мытнікамі і супрацоўнікамі ўпраўлення бяспекі кампаніі ЛЧ.

328525741_557066096484640_7156295834036609249_n_6ka77.jpg

Памежнікі праверылі тры вагоны грузавога цягніка, які прыбыў у Літву з Беларусі праз КПП Стасілас. У ходзе надгляду ў вагонах былі выяўленыя мяшкі з грануламі сланечніка, сярод якіх былі скрынкі з цыгарэтамі. У Панарах выгрузіць і пералічыць усе гэта не ўдалося. Вагоны з кантрабандай былі адчэпленыя і адпраўленыя па чыгунцы ў Кену, дзе маецца неабходнае абсталяванне і ўмовы для праверкі.

Па выніках затрымання было пачата дасудовае расследаванне па факце незаконнага збыту акцызных тавараў.

Агулам у 2022 г літоўскія памежнікі прадухілілі трапленне на чорны рынак больш за 4,322 млн пачкаў цыгарэт, абсалютная большасць якіх была прывезена з Беларусі. Гэта было самая вялікая гадавая колькасць нелегальных цыгарэт за год, затрыманых Службай аховы дзяржаўнай мяжы за апошнія дваццаць гадоў.

Памежнікі адзначалі, што летась значнае павелічэнне аб'ёмаў перахопленай кантрабанды цыгарэт у параўнанні з папярэднімі гадамі звязана з новымі і больш эфектыўнымі мерамі памежнай аховы і перахопам буйных партый тытунёвых вырабаў, якія перавозяцца цягнікамі з Беларусі.