Малады гісторык распавёў пра ціск на гістфаку, працу з Васкрасенскім і размеркаванне ў Жодзішкі
У 2020-м Аляксандр Паршанкоў, тады студэнт гістфака БДУ, ствараў ва ўніверсітэце з іншымі актывістамі стачкам і Вольны прафсаюз студэнтаў. Пасля працаваў у Васкрасенскага, дзе займаўся палітвязнямі. На размеркаванне хлопца адправілі ў школу мястэчка Жодзішкі, адкуль атрымалася выратавацца толькі за 35 тысяч рублёў. На сёння дактарант Карлавага ўніверсітэта ў Празе, Аляксандр расказаў выданню «Наша Ніва» пра свае прыгоды.
«Мы сабралі ў прафсаюзе каля 500 чалавек»
Аляксандру 24 гады, ён родам з Гомеля. У 11-м класе хлопец перамог на рэспубліканскай алімпіядзе па гісторыі і скарыстаўся гэтым, каб без экзаменаў трапіць на гістфак БДУ.
Паршанкоў згадвае, што вучыцца там яму было лёгка, тым больш што ён любіць і вучобу, і гісторыю. Ускладняла жыццё пазіцыя хлопца, бо ён часам сварыўся з кіраўніцтвам факультэта праз нязгоду з рашэннямі, якія Аляксандр называе непразрыстымі.
Гістфак тых часоў лічыўся вельмі ліберальным факультэтам. Хлопец звязвае гэта з тым, што там заўсёды было выкладанне на беларускай мове:
«Нават у тых, хто вучыўся па-расійску, некаторыя прадметы ўсё роўна былі па-беларуску. Я абраў расійскую мову, бо туды пайшлі мае знаёмыя, але ўсе курсавыя пісаў па-беларуску. Там, дзе развітая беларуская мова, заўсёды больш свабоды. Такім людзям не трэба тлумачыць, што такое Беларусь і якія ў беларусаў праблемы, там заўсёды па-іншаму ставяцца да таго, што адбываецца.
Ды і наш факультэт заўсёды быў адметны добрымі і ліберальнымі выкладчыкамі, гэта быў прытулак вольных людзей без ідэалагічнага прыгнёту. Упэўнены, у нулявыя факультэт быў яшчэ больш свабодны, але рэпрэсіі гэта змянілі. Цяпер гістфак ужо зусім не той. Няма тых спецыялістаў і свабодаў, якія былі, з людзьмі там робяць, што хочуць».
У 2020-м Аляксандр паступіў у магістратуру гістфака.
Калі ў жніўні пачаліся пратэсты, ва ўніверсітэце склікалі вучоны савет і сказалі на ім, што трэба асудзіць гвалт. Паршанкоў стварыў петыцыю з заклікам да рэктара, каб ён таксама асудзіў гвалт, яе падпісала тысяча чалавек. Неўзабаве, кажа хлопец, рэктар паабяцаў, што ніхто не будзе адлічаны ці звольнены і што «мы будзем змагацца за ўсё добрае».
У гэты час актывісты пачалі ствараць стачкам БДУ, каб рыхтаваць пратэсты, Аляксандр быў адным з іх. А пасля пачалася вучоба, і студэнтам параілі пратэставаць легальнымі метадамі. Тады яны ў дадатак стварылі Вольны прафсаюз студэнтаў БДУ, і Паршанкоў яго ўзначаліў. Намеснікам Паршанкова ў Вольным прафсаюзе быў Ягор Канецкі, адзін з будучых фігурантаў «справы студэнтаў».
«Мы былі часткай беларускага Свабоднага прафсаюза. Мы пісалі лісты, патрабавалі афіцыйнай сустрэчы са студэнтамі, каб распавесці пра нашу арганізацыю. Нам сказалі, што з-за кавіду такую сустрэчу правесці нельга, афіцыйна зарэгістраваць нашу першасную арганізацыю таксама не атрымалася. Але мы сабралі ў прафсаюзе каля 500 чалавек.
Прафсаюз пачаў дапамагаць [рэпрэсаваным] студэнтам: мы збіралі для іх грошы, дапамагалі спраўляцца з адміністрацыйным ціскам, вялі статыстыку затрыманняў, праводзілі жывую трансляцыю з судоў. Цяпер мы таксама працуем — тлумачым рэпрэсаваным студэнтам, як яны могуць знайсці месца пад сонцам, як ім падацца на адукацыйную праграму, як пісаць нейкія паперы на факультэце, тыя ж тлумачальныя, калі адміністрацыя гэтага патрабуе», — згадвае актывіст.
«Васкрасенскага не лічу таксічнай асобай»
Аляксандр прызнаецца, што ў той час сілавікі спрабавалі зрабіць з яго даносчыка — прасілі, каб ён інфармаваў іх пра справы ў студэнцкім актывізме. Але ў выніку, кажа хлопец, яго размовы з сілавікамі былі пра гісторыю і ніякія паперы ён не падпісваў, што і дало магчымасць спакойна выехаць з краіны пазней.
У ГУБАЗіК хлопец хадзіў, бо яго туды выклікалі — кажа, што не было сэнсу не ісці, бо тады б яго ўсё роўна прывезлі ў кайданках, але ні пра што з сілавікамі не дамаўляўся, бо сэнсу ў гэтым не бачыць.
Таксама Паршанкоў у той час некалькі месяцаў працаваў у офісе Юрыя Васкрасенскага, дзе, паводле слоў хлопца, займаўся пытаннем палітвязняў. Нагадаем, што ў 2021-м офіс Васкрасенскага масава дасылаў палітвязням лісты з прапановай напісаць на імя Лукашэнкі просьбу аб памілаванні, а таксама рыхтаваў свой праект амністыі — як мінімум, пра гэта сцвярджалася публічна. Гэтай амністыяй Паршанкоў і займаўся.
Запрасіла яго блізкая знаёмая — сказала, што праз Васкрасенскага можна паспрабаваць вызваліць фігурантаў «справы студэнтаў». Аляксандр параіўся з іншымі актывістамі і вырашыў звярнуцца да Васкрасенскага.
Хлопец кажа, што камунікаваць з гэтай асобай ён не хацеў, але адмаўляецца лічыць Васкрасенскага таксічным — маўляў, Юрый нікога не здаў, ён пераабуўся. Аляксандр кажа, што нібыта праз пасярэдніцтва Васкрасенскага з-за кратаў адпусцілі 25 чалавек — напрыклад, супрацоўнікаў «Прэс-клуба» і кіраўніка hoster.by Сяргея Павалішава (Юлія Слуцкая, якая тады была кіраўніцай «Прэс-клуба», адмаўляла ўдзел Васкрасенскага ў вызваленні. — «НН»).
«Шмат хто хацеў схаваць любы ўдзел Васкрасенскага ў сваім вызваленні. Такі быў час, лічылася непрыстойным мець з ім справу», — кажа Аляксандр.
«Мы павінны вас выкінуць, бо такая гістарычная сітуацыя»
У сваёй магістарскай працы Аляксандр параўноўваў тое, як кнігадрукары і перапісчыкі кніг распавядалі пра сябе, якое яны хацелі пакінуць уражанне.
Напрыклад, Скарына пісаў, што ён паслядоўнік апостала Лукі, але пры гэтым удакладняў, што ён няварты паслядоўнік і ўзяў працу, якая не зусім яму па плячы. У сваёй працы Паршанкоў паказваў, як такі падыход звязаны з самапрэзентацыяй перапісчыкаў кніг, якія таксама імкнуліся прыніжаць сябе.
У рэцэнзенты хлопцу дастаўся гісторык Сцяпан Цемушаў — цяпер ён узначальвае адну з кафедраў на гістфаку. Паводле слоў Паршанкова, Цемушаў быў вядомы тым, што піша вельмі жорсткія рэцэнзіі. Яшчэ да таго, як прачытаў працу Аляксандра, ён сказаў хлопцу, што рэцэнзія будзе рэзкай — так і атрымалася.
«Рэцэнзія была на шэсць старонак, што нехарактэрна для рэцэнзій на магістарскую, яна была прысвечаная ўсяму, чаму толькі можна. Ён пісаў, напрыклад, што ў мяне быццам спіс літаратуры не так аформлены, што я не чытаў тыя кнігі, якія я насамрэч чытаў, што ў мяне няправільныя знакі прыпынку і арфаграфічныя памылкі. Але мой навуковы кіраўнік паставіў мне найвышэйшы бал. А рэцэнзент параіў паставіць мне адмоўную адзнаку — тры балы», — адзначае Паршанкоў.
Пазней, сцвярджае Аляксандр, рэцэнзент сказаў яму: «Ведаеце, калі вы будзеце дэканам факультэта, тады мы з вамі і пагаворым. Я абараняю гістарычную навуку, бо прыйшоў загад. І зараз у гэтых гістарычных умовах мы павінны зрабіць так — мы павінны вас выкінуць, бо такая на сёння гістарычная сітуацыя».
Хлопец мяркуе, што Цемушаў баязлівец і дзейнічаў так, бо клапоціцца, як пракарміць сям'ю.
«На гістфаку абаранялі дысертацыі такой нізкай якасці, што пра гэта нават сорамна казаць. Побач са мной абараняўся чалавек, які напісаў дысертацыю па Чэхіі і пры гэтым не выкарыстаў ніводнай крыніцы на чэшскай мове ці перакладу з яе, і яму паставілі пяць балаў. А я ў 2018 годзе атрымаў прыз за найлепшую навуковую працу сярод усіх студэнтаў БДУ па гуманітарных кірунках, і мая праца раптам заслугоўвае толькі тры балы», — абураецца Аляксандр.
На абароне магістарскай кіраўнік камісіі Аляксандр Каваленя прыняў рашэнне паставіць хлопцу дзевяць балаў, і ён паспяхова скончыў магістратуру.
Калі Паршанкоў абараняў магістарскую, на факультэт нават паклікалі ахоўніка, бо Аляксандр заклікаў людзей прыйсці і падтрымаць яго. Ахоўнік часам заглядваў у аўдыторыю — Аляксандр мяркуе, каб праверыць, ці там не адбываецца нешта пратэснае.
Хлопец абураецца — як можна так не давяраць сваім студэнтам? Тым больш што ён добра вучыўся, да 2020-га меў прэзідэнцкую стыпендыю, ад якой публічна адмовіўся.
«Качанава хацела ўсім паказаць, што яна будзе нашай найлепшай сяброўкай»
Пасля магістратуры надышоў час размяркоўвацца. Аляксандр меў заяўку ад Акадэміі навук, дзе працаваў, але адміністрацыя Акадэміі вырашыла яго звольніць і адклікаць заяўку. На гэты выпадак у хлопца быў запасны варыянт — мог дамовіцца з адной арганізацыяй так, што з’едзе з краіны, але фармальна будзе ў іх лічыцца некалькі месяцаў, так што потым давядзецца плаціць менш за адмову ад размеркавання, чым калі б адмовіўся ад яго адразу.
Атрымалася зусім не па плане:
«Калі я прыйшоў на размеркаванне, мне сказалі, што ёсць паперка з Гродзенскай вобласці, і па ёй мяне патрабавалі ў яслі-сад-сярэднюю школу мястэчка Жодзішкі. Гэта быў удар, я не рыхтаваўся да гэтага і не ведаў, што яны не маюць права мяне туды размеркаваць: паводле пастановы Савета міністраў, нельга размеркаваць лаўрэата прэзідэнцкай стыпендыі без ліста, на якім было б напісанае яго імя. То-бок яны мусілі мяне афіцыйна запрасіць, мяне нельга было размеркаваць па прынцыпе «дашліце нам каго-небудзь». Я меў асабістае запрашэнне ад іншай арганізацыі, камісія гэта праігнаравала».
Аляксандр ледзь трапіў на гутарку з рэктарам, каб абмеркаваць сітуацыю, і той накіраваў яго ў Мінадукацыі. Хлопец напісаў туды зварот і атрымаў адказ, што яго размеркавалі без парушэнняў, але ён мае права ісці ў суд. З мінулага досведу Паршанкоў вырашыў, што судзіцца не мае сэнсу.
Актывіст упэўнены — яго маглі размеркаваць такім чынам па ўказанні Наталлі Качанавай:
«Мы з ёй бачыліся 3 лістапада 2020-га на сустрэчы з актывістамі. Качанава хацела ўсім паказаць, што будзе нашай найлепшай сяброўкай. Яна спрабавала нас пераўпэўніць, што насамрэч Лукашэнка малайчынка і ўсё будзе добра, я з ёй паспрачаўся. Качанава, хутчэй за ўсё, запомніла, што быў такі Паршанкоў.
Некаторыя людзі хадзілі на іншую сустрэчу з Качанавай, і яна казала, што апазіцыйныя СМІ пераблыталі ўсе яе словы з мінулай сустрэчы, і пра мяне там таксама была гаворка. А яшчэ я чуў ад чынавенства Акадэміі навук, што я ў спісах на кантролі Качанавай, ды і іншыя людзі прагаварыліся».
Аляксандр гутарыў з дырэктаркай школы ў Жодзішках — спрабаваў пераканаць, што ён не такі палітычна добранадзейны, каб яго наймаць, і таму ён атрымае свабодны ад размеркавання дыплом. Згадвае кіраўніцу тамтэйшага аддзела адукацыі, якая на яго адмову ехаць у Жодзішкі адзначала: «Малады чалавек, не кажыце гоп, пакуль не пераскочыце».
У выніку давялося плаціць — за адмову ад размеркавання Аляксандр аддаў дзяржаве 35 129 рублёў.
З 2018 года хлопец быў знаёмы з Іллём Лямешкіным, на той час дацэнтам Карлавага ўніверсітэта ў Празе. Падчас пратэстаў той угаварыў хлопца прайсці іспыты ў дактарантуру Карлавага ўніверсітэта, і Паршанкоў атрымаў найвялікшы бал сярод усіх прэтэндэнтаў. На той момант ён ужо разумеў, што ў Беларусі для яго зачыненыя ўсе шляхі і застаецца толькі выязджаць.
У кастрычніку 2021-га Аляксандр з’ехаў у Прагу. Кажа, што на новым месцы яму лепш, чым у БДУ:
«Вучобай я задаволены, зараз мне абяцаюць вярнуць майго навуковага кіраўніка, Лямешкіна. Ён для мяне вельмі важны, таму што ён піша пра Скарыну і мая дысертацыя таксама пра Скарыну.
Мая вучоба цяпер складаная, бо сутыкаюся з бюракратыяй. Не магу сказаць, што мой цяперашні факультэт — месца мары, але гэта безумоўна лепш, чым у турме, і значна лепш, чым на гістфаку БДУ. Але я заўсёды стаўлю свабоду вышэй за ўсё астатняе і ніколі не буду маўчаць, таму мне цяжка. Я і тут удзельнічаю ў студэнцкіх пратэстах, тут за іх ніхто не карае».
Беларус гатовы падзякаваць усім людзям, праз якіх ён зазнаў ціск на гістфаку:
«Усе гэтыя людзі спрычыніліся да таго, што я знаходжуся ў Чэхіі і дагэтуль займаюся адвакацыяй правоў студэнтаў, яны стварылі з мяне таго, хто я ёсць сёння, бо ў Беларусі я б сядзеў з анучай у роце і маўчаў».