Улады не выдаюць даведку для паступлення ў польскія ВНУ. Ці ёсць выхад?

У Польшчы стартуе рэкрутацыя ва ўніверсітэты. Але выпускнікі беларускіх школ, якія жадаюць паступіць за мяжу, ужо сутыкнуліся з першымі праблемамі. У Беларусі ім адмаўляюць у выдачы даведак, якія пацвярджаюць легальнасць атэстатаў, — без гэтага дакумента большасць польскіх універсітэтаў не могуць прыняць абітурыента. MOST разабраўся ў прычынах праблемы і сабраў рэкамендацыі для тых, хто ўсё ж такі хоча вучыцца ў Польшчы.

rejting_texnichnix_universitetiv_polschi_najbilsh_perspektivni_naprjamki_default.jpg

У чым праблема?

У лістападзе 2023 года скончыўся тэрмін пагаднення паміж Беларуссю і Польшчай аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі. Яно прадугледжвала прызнанне атэстатаў і дыпломаў. У лістападзе 2022 года беларускія ўлады прынялі рашэнне прыпыніць дзеянне пагаднення, але і тады Польшча па-ранейшаму прымала Беларускія атэстаты.

Цяпер жа пры падачы дакументаў, акрамя апастыляванага атэстата за 11 клас, абітурыентам неабходна прадастаўляць даведку, якая пацвярджае легальнасць атэстатаў.

Раней гэтыя даведкі ў Беларусі выдаваліся па першым патрабаванні выпускнікоў. Аднак у траўні 2024 года абітурыентам сталі адмаўляць. Фармальна Дэпартамент кантролю якасці адукацыі спасылаецца на ўказ №200 ад 2010 года, у якім такая даведка не згаданая ў якасці дакументаў, якія выдаюцца.

«Нічым не можам дапамагчы-трэба ехаць у Беларусь»

У тэлеграм-чаце беларусаў у Польшчы карыстальнік пад нікам Maks распавёў, як спрабуе паступіць у польскую ВНУ.

— Я ўжо ўсіх у гэтай Польшчы закалябаў — каму толькі ні пісаў, нават у канцылярыю прэзідэнта. Але галоўны орган у гэтай справе — Міністэрства адукацыі — сказаў, што нічым не можа дапамагчы і трэба ехаць у Беларусь [па дакументы]. Мне не далі спосабу вырашэння праблемы — забіраюць мару паступіць ва ўніверсітэт, — скардзіцца малады чалавек.

Адзін з удзельнікаў тэлеграм-чата «Польскі студэнт» паспрабаваў атрымаць такую даведку ў Беларусі, але сутыкнуўся з адмовай са спасылкай «на адсутнасць адпаведнай адміністрацыйнай працэдуры».

— Нават знаходзячыся ў Беларусі, вы гэтую даведку не здабудзеце, — сказаў на заканчэнне ён.

«Ёсць шанец атрымаць амаль аналагічную даведку»

Выхад з такой сітуацыі ёсць, хоць ён і не гарантуе вынік. Справа ў тым, што выгляд даведкі не фармалізаваны, але вядомы яе змест. Таму абітурыентам раяць напісаць ліст у Міністэрства адукацыі з дапамогай рэсурсу Обращения.бел. І сфармуляваць у ім пытанне так, каб адказ утрымліваў тую інфармацыю, якая патрэбная для атрымання даведкі.

Вось пытанні, якія прапануе пісьмова задаць Мінадукацыі адзін з карыстальнікаў чата «Польскі студэнт» пад нікам Mr Nobody.

Ці мае дадзенае Дзяржаўная ўстанова адукацыі акрэдытацыю на адпаведнасць заяўленаму віду «сярэдняя школа» (прашу даць інфармацыю пра нумар сертыфіката акрэдытацыі і дату яго выдачы)?

Ці мае дадзеная Дзяржаўная ўстанова адукацыі права на выдачу дакументаў аб адукацыі дзяржаўнага ўзору, а менавіта атэстатаў аб агульнай сярэдняй адукацыі?

Ці мае выдадзены дадзенай дзяржаўнай установай адукацыі атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі права на працяг навучання ва ўстановах вышэйшай адукацыі?

Таксама прашу прывесці ў адказе адпаведнасць адзнак, выстаўленых па 10-бальнай шкале ў атэстаце аб агульнай сярэдняй адукацыі, адзнакам па 5-бальнай шкале ў адпаведнасці з лістом Міністэрства адукацыі РБ ад 20.04.2023 №02-01-14/4688/дс «Аб пераводзе адзнак».

Пры правільна сфармуляваным запыце ёсць шанец атрымаць даведку, амаль аналагічную той, што выдавалася раней, сцвярджае карыстальнік.

Афіцыйны адказ ад Міністэрства адукацыі павінен прыйсці на працягу 15 дзён на пошту.


Глядзіце таксама

«Калі ў статуце даведкі няма, апелюйце да гэтага»

Калі з лістом у Міністэрства па нейкіх прычынах не ўдаецца справіцца, можна паспрабаваць іншы шлях. Адзінага спісу дакументаў, неабходных для паступлення беларускіх абітурыентаў у польскія ВНУ, няма. Асобныя патрабаванні прапісаныя на сайтах універсітэтаў, у тым ліку і неабходнасць прадастаўляць даведку, якая пацвярджае легальнасць атэстата. Такая даведка згадваецца на сайтах не ўсіх польскіх ВНУ, таму можна паспрабаваць паступаць туды, дзе яе не паказваюць.

— Чытайце статут ці нейкі дакумент датычна рэкрутацыі на 2024-2025 год — калі там гэтай даведкі няма, апелюйце да гэтага, — раіць удзельніца чата.

Актуальную інфармацыю падаюць ВНУ і кураторыумы

Выданне вывучыла патрабаванні да абітурыентаў буйных польскіх ВНУ.

Варшаўскі ўніверсітэт у пункце «дадатковыя дакументы, неабходныя для абітурыентаў з замежнымі атэстатамі» згадвае пра разрыў пагаднення аб супрацоўніцтве ў адукацыі. Значыць, даведка ўсё ж спатрэбіцца.

Для паступлення ў Ягелонскі ўніверсітэт беларускім абітурыентам давядзецца прайсці «дадатковыя працэдуры прызнання дакумента» — гэтым пытаннем займаецца Kuratorium Oświaty-Савет па адукацыі. Гэта значыць, абітурыентам неабходна звяртацца ў Кракаўскі аддзел савета па адукацыі і ўжо там удакладняць неабходнасць прадастаўлення даведкі.

Аналагічная інфармацыя размешчаная і на сайце Гданьскага ўніверсітэта.

А вось на сайце Лодзінскага універсітэта паказана, што для паступлення неабходны атэстат з апастылем, даных аб даведцы няма.

Актуальную інфармацыю па кожным з ВНУ і па асобных спецыяльнасцях лепш удакладняць загадзя — у Савеце адукацыі горада, а таксама ў абраным універсітэце.

«Не бегчы наперадзе паравоза»

Некаторыя беларусы ўжо звязваліся з польскімі ВНУ і паведамлялі ім аб немагчымасці атрымаць даведку.

— Мяне запэўнілі, што ўсе ВНУ масава падымаюць праблему скасавання даведак для беларусаў і накіроўваюць інфармацыю ў міністэрства, — паведамляе беларуска Кацярына.

Агучвалася дадзеная праблема і на пасяджэнні Мінадукацыі з удзелам кураторыумаў 24 мая.

— У іх адбылося пасяджэнне, дзе яны яшчэ раз паднялі пытанне, актуалізавалі сітуацыю, а далейшага выніку няма, — сказаў «Радыё Свабода» кіраўнік Беларускага Моладзевага хаба ў Варшаве Алесь Лапко.

Паводле яго слоў, вырашэння сітуацыі з польскага боку можна чакаць у ліпені. Але невядома, ці дакладна яно будзе прынята.

Іншыя ўдзельнікі абмеркавання ў тэматычных чатах раяць«не бегчы наперадзе паравоза» і спадзяюцца, што рашэнне будзе вынесенае да канца працы прыёмных камісій.