Ватыкан — акно ў Еўропу. Але зачыненае
Лукашэнка спадзяецца на чарговы «шматвектарны» манеўр, але выглядае на тое, што нават Папа Рымскі не моцна яму дапаможа выбрацца з таго пекла, у якое ён сам сябе загнаў.
На сустрэчы з апостальскім нунцыем Антэ Ёзічам Аляксандр Лукашэнка паспрабаваў зарысавацца такім жа міратворцам, як Папа Рымскі. Калісьці кіраўнік Беларусі прабіваў сабе шлях у Еўропу менавіта праз Святы Пасад. Але цяпер не дапаможа і пантыфік.
«...Нашы погляды — кіраўніцтва Беларусі і Ватыкана — практычна супадаюць, асабліва па пытаннях бяспекі. Бяспекі ў Еўропе», — заявіў Лукашэнка 23 жніўня, прымаючы апостальскага нунцыя з нагоды завяршэння яго місіі ў Беларусі.
Кіраўнік узмоцнена запэўніваў: «Пазіцыі абсалютна сугучныя. І гэта паказвае канфлікт ва Украіне, дзе мы займаем практычна аднолькавую пазіцыю». Таксама прагучала, што «Еўропе <...> патрэбны новы дагавор аб міры, патрэбны новы мір».
Так, ранейшая сістэма міжнароднай бяспекі рассыпалася. Але пытанне ў тым, на чыіх умовах еўрапейскі і сусветны парадак будзе перафарматаваны. Уладзімір Пуцін хоча навязаць Захаду сваю волю. І Лукашэнка Крамлю падыгрывае, як бы ні прыбіраўся ў тогу міратворца, піша Аляксандр Класкоўскі на «Позірку».
Нязграбнасць яго спроб выдатна бачаць і ў Ватыкане, прытым што яго дыпламат пры расстанні быў, натуральна, гранічна карэктны і гаварыў прыемныя гаспадару сустрэчы словы.
Спроба зарысавацца міратворцам — як пантыфік
Палітычная мімікрыя ў выкананні кіраўніка Беларусі — гэта класіка жанру. Нядаўна ў інтэрв'ю тэлеканалу «Расія» Лукашэнка з усіх сіл спрабаваў паказаць сябе адданым саюзнікам Масквы. Гэта значыць, дэ-факта, пацвярджаў ролю суагрэсара. Цяпер жа імкнецца удаваць з сябе гэткага нейтрала і голуба міру, выглядаць у гэтым плане калі не свяцей за Папу Рымскага, то як ён.
Зрэшты, варта адзначыць, што і Папа Францішак на ўкраінскай тэме спатыкаўся, выклікаў на сябе крытыку. Напрыклад, у інтэрв'ю швейцарскай вяшчальнай кампаніі RSI ў сакавіку, адказваючы на пытанне пра вайну ва Украіне, сказаў: «...Мацней той, хто бачыць сітуацыю, хто думае пра людзей, у каго ёсць смеласць падняць белы сцяг і весці перамовы». Па кантэксце было ясна, што гаворка ідзе пра Кіеў.
Потым прадстаўніку Ватыкана давялося апраўдвацца: маўляў, згадка белага сцяга была ў пытанні журналіста, пантыфік толькі адрэагаваў на вобраз і не меў на ўвазе, што ўкраінцам трэба здавацца, гаворка ішла толькі пра неабходнасць перамоў.
Лукашэнка ж у сваіх прамовах не раз дэ-факта заклікаў Кіеў да здачы на ўмовах Масквы, маскіруючы гэта клопатам пра мір.
У Еўропу — праз Рым
Кіраўнік Беларусі заявіў, што «з вялікай цеплынёй» згадвае свае сустрэчы з кіраўнікамі Рымска-каталіцкай царквы (РКЦ).
Сапраўды, Мінск у свой час спрытна выкарыстаў кантакты са Святым Пасадам для прарыву ў Еўропу.
Так, Лукашэнка здзейсніў эфектны ваяж у Рым у красавіку 2009 года. Ён не толькі сустрэўся з пантыфікам, але і павячэраў з тагачасным італьянскім прэм'ерам Сільвіё Берлусконі.
Шырокай публіцы той візіт запомніўся момантам, калі Коля, малодшы сын Лукашэнкі, падарыў Папе Бенедыкту XVI рускі буквар.
Беларускае кіраўніцтва спрабавала тады актывізаваць заходні вектар на фоне чарговага пагаршэння адносінаў з Масквой. Пантыфіку, натуральна, было зручней, чым заходнім палітыкам, сустрэцца з аўтарытарным кіраўніком, які ўжо тады меў вельмі праблемную рэпутацыю. Бо папы вядуць гутаркі і з вялікімі грэшнікамі, наведваюць краіны, якія не блішчуць дэмакратыяй.
Лукашэнка, дарэчы, не раз зазываў кіраўніка РКЦ наведаць Беларусь, але да такой сенсацыйнай падзеі справа не дайшла. Перш за ўсё таму, што такі візіт моцна гідзіў бы пазіцыі Рускай праваслаўнай царквы, якая лічыць Беларусь сваёй кананічнай тэрыторыяй.
Аднак у цэлым працэс размарозкі кантактаў з ЕС тады пайшоў. Варта нагадаць, што перад прэзідэнцкімі выбарамі 2010 года да Лукашэнкі прыляталі тагачасны (і цяперашні) міністр замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі і яго нямецкі калега Гіда Вестэрвеле. Ад імя ЕС угаворвалі правесці электаральную кампанію прыстойна, абяцалі фінансавую дапамогу ў 3 млрд еўра. Але справа, як вядома, скончылася разгонам Плошчы, турмой для некалькіх дзясяткаў праціўнікаў рэжыму.
Аднак потым у адносінах паміж Мінскам і Еўропай пачаўся новы цыкл пацяплення. І ў 2016-м Лукашэнка зноў пабываў на аўдыенцыі ў Папы — цяпер ужо ў Францішка. Гэтым разам пасталелы Мікалай падарыў пантыфіку копію крыжа Еўфрасінні Полацкай, мадэль карэты і галаграфічны абраз.
Тады, у 2016-м, Брусэль, улічваючы, што прэзідэнцкія выбары 2015 года прайшлі без масавых пратэстаў і разгонаў, зняў санкцыі з Лукашэнкі і яшчэ 169 беларускіх чыноўнікаў. Адліга ўнутры Беларусі і ў адносінах з Захадам працягвалася да бурных падзей 2020 года, калі кіраўнік рэжыму пайшоў ва-банк і ўключыў нябачаную жэсць для падаўлення мірнага паўстання супраць фальсіфікацыі выбараў.
Мінск прамацвае магчымасці для манеўру
Цяпер аглядальнікі адзначаюць, што Лукашэнка зноў спрабуе паслаць сігналы Захаду. На яго міратворчыя пасажы там, вядома, увагі не звяртаюць: ну якім пасярэднікам можа быць саўдзельнік агрэсіі? Але вось тое, што рэжым стаў патроху адпускаць палітвязняў, — з'ява больш характэрная.
Аднак гэты сігнал для Захаду занадта слабы. На сёння гаворка ідзе пра вызваленне некалькіх дзясяткаў палітычных вязняў. Частка з іх — сур'ёзна хворыя людзі з гуманітарнага спісу. Некаторым да заканчэння тэрмінаў заставалася зусім няшмат часу.
Лукашэнка відавочна не гатовы ісці на масавае вызваленне рэпрэсаваных, выпускаць знакавыя фігуры — тых, каго напэўна лічыць асабістымі ворагамі.
Так, правадыр рэжыму быў бы не супраць падлатаць легітымнасць, перагарнуць старонку 2020 года ў адносінах з грамадствам і Захадам. Але рэжым увайшоў ужо ў такую фазу, калі адмовіцца ад рэпрэсій немагчыма. Пасля 2020-га яны не абышлі і каталіцкіх вернікаў, і святароў. А ў Мінску каталікі пазбаўленыя магчымасці маліцца ў Чырвоным касцёле.
І калі Лукашэнка ўзважвае: умоўная лібералізацыя, некаторае «адкручванне гаек» або трываласць сістэмы, — зразумела, што ён выбірае другое.
Пры гэтым кіраўніку відавочна дыскамфортная празмерная залежнасць ад Масквы. Ён напэўна падумвае пра той час, калі вайна так ці інакш скончыцца. Невыпадкова міністрам замежных спраў прызначаны энергічны, амбіцыйны Максім Рыжанкоў.
Фокус ужо наўрад ці ўдасца
Аднак каго ні стаў на чале дыпламатыі, ён не скокне вышэй за пояс. Захад цяпер заклапочаны перш за ўсё вайной ва Украіне. А з каляіны суагрэсара беларускаму кіраўніку не выскачыць. Ды і большасць санкцый уведзены менавіта з гэтай прычыне. Так што паказаць Мінску нейкі пернік у заходніх гульцоў няма ні асаблівай магчымасці, ні жадання.
Лукашэнку не застаецца нічога іншага, як лаяць еўрапейскіх палітыкаў. У інтэрв'ю тэлеканалу «Расія» гэта было зроблена з ужываннем самых хвосткіх эпітэтаў. У гутарцы з апостальскім нунцыем танальнасць была больш стрыманай, але камень у той бок усё роўна паляцеў.
Кіраўнік паскардзіўся: «Трэба яшчэ, каб у еўрапейскіх краінах былі моцныя кіраўнікі, якія б зыходзілі з таго, што трэба бачыць інтарэсы і сваіх народаў. < ... > На жаль, хай яны на мяне не крыўдзяцца, я такіх не бачу».
Насамрэч гэта заходнія актары моцна сумняваюцца ў палітычнай суб'ектнасці кіраўніка Беларусі, не бачаць глебы для пачатку дыялогу.
Цяпер бар'ер для ўваходжання ў дыялог з Еўропай для Мінска залішне высокі, рэпутацыя правадыра рэжыму залішне адыёзная нават для кантактаў з Папам Рымскім. Фокус 2009 і 2016 гадоў ужо наўрад ці ўдасца.