Або Shaman, або без канцэрту. Як у Расіі збіраюцца святкаваць Дзень горада на фоне падзей у Курскай вобласці
Аперацыя УСУ ў Курскай вобласці — гэта не толькі пра перанос вайны на тэрыторыю агрэсаркі і дэманстрацыю лютасці, але і пра прамое ўздзеянне на звычайных расійцаў. Нават сыходзячы з рэакцый афіцыйных асоб, Украіна навяла столькі шуму, што замест гулянак на дзяржаўных святах цяпер прыходзіцца збіраць гуманітарную дапамогу ў чаканні «міру». Але ёсць і выключэнні.
Курская вобласць
Маштабнае святкаванне Дня горада ў Курску вырашылі скасаваць яшчэ ў 2023 годзе.
«Паколькі мы жывем у прымежным рэгіёне, то ад шырокага святкавання вырашана адмовіцца», — напісаў мэр горада Ігар Куцак у сваім тэлеграм-канале год таму.
Нягледзячы на адмену свята, раніцай 24 верасня Украіна «павіншавала» горад-пабрацім прылётам беспілотніка ў будынак Упраўлення ФСБ па Курскай вобласці. Тады ў мясцовых пабліках з’явіліся відэа з клубамі дыму, а мясцовыя жыхары распавядалі пра некалькі выбухаў у адпаведным раёне. Губернатар рэгіёну Раман Старавойт у сваю чаргу напісаў, што ў збудаванні толькі «нязначна пацярпеў дах».
Вось і цікавая існасць — калі ісці на Сумы і Харкаў, мяжы не існуе і гэта спрадвечная расійская тэрыторыя. Калі беспілотнікі прылятаюць па Курску — курчане жывуць «у прымежным рэгіёне».
Парад на 9 траўня і іншыя масавыя акцыі ў Курску сёлета таксама адмянілі праз магчымыя атакі па месцах актыўнага скопішча аматараў вайны, а шэсце «Несмяротнага палка» праводзілі анлайн. Улады запрасілі гараджан вывесіць партрэты сваіх дзядоў і патрыятычныя налепкі на вокны ўласных дамоў і аўтамабіляў.
Праз тры месяцы лёс перавярнуўся так, што патрыятычныя налепкі прыйшлося здзіраць у вельмі хуткім тэмпе. Так, напачатку курскай аперацыі прарасійскія Telegram-каналы апублікавалі фотаздымкі нібыта разбітай украінскім дронам машыны хуткай дапамогі з налепкай «Z», якая ратавала расійскіх вайскоўцаў ля Суджы. Хаця згодна з Жэнеўскай канвенцыяй і неабходна пазбягаць цывільных ахвяр, грамадзянскія аб'екты ды асобы, што выкарыстоўваюцца для ваенных патрэб, становяцца законнымі цэлямі для паражэння. Атака транспартнага сродку з сімволікай агрэсара выклікала буйную паніку сярод насельніцтва памежжа.
Сёлета пра Дзень горада ў Курскай вобласці няма і гаворкі.
Тульская вобласць — мінус тры
Як мінімум у трох населеных пунктах Тульскай вобласці вырашылі адмяніць маштабныя святы на Дзень горада. Сярод іх расійскія СМІ называюць Багародзіцк, Вянёў і Данскі.
Кіраўнік адміністрацыі Вянёўскага раёна Андрэй Шубчынскі патлумачыў, што цяпер недарэчна ладзіць масавыя гулянні і запрашаць зорак шоу-бізнесу. Паводле яго, задача расійцаў стаіць «у адзіным парыве падтрымаць усіх тых, хто цяпер знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, падтрымаць хлопцаў, якія да смерці змагаюцца з ворагам».
Раней у Вянёўскім раёне таксама не згадзіліся на правядзенне музыкальнага карнавала «Фэнтэзі-фэст». Мясцовыя ўлады правялі пасяджэнне і вырашылі, што гэта «небяспечна». Скасаванне карнавалу таксама патлумачылі адсутнасцю ліцэнзіі ў аховы, бескантрольным заездам на тэрыторыю ды іншымі парушэннямі.
Праз «сітуацыю» ў Курскай і Белгародскай абласцях аналагічнае рашэнне прынялі ў і горадзе Данскі.
— Для толькі што народжаных маленькіх грамадзян Данскога ў Дзень горада мы плануем адкрыццё Сквера Памяці данчан, якія загінулі ў спецыяльнай ваеннай аперацыі. Забаўляльныя мерапрыемствы перанясем на іншы больш прыдатны час. Галоўнае для ўсіх нас зараз — гэта заканчэнне ваеннай аперацыі і наступленне міру. Пакуль мы адзіныя, мы непераможныя, — заявіў кіраўнік адміністрацыі горада Сяргей Кулік.
Або Shaman, або без канцэрту
У многіх рэгіёнах Расіі, нягледзячы на «бягучую крызісную сітуацыю», працягваюць святкаваць Дзень горада. Напрыклад, у Стаўрапалі 14 верасня выступіць Shaman, кошт канцэрта якога абыдзецца гораду ў $168 тыс. па актуальным курсе.
Мясцовае выданне «Нататнік» удакладніла ў мясцовых жыхароў, каго яны хочуць пачуць на свята і ці жадаюць наогул правядзенне буйнога канцэрта. Апытанне сярод больш за 2500 чалавек паказала, што 85% галасоў — супраць весялосці і за перавод сродкаў на падтрымку расійскіх вайскоўцаў і гуманітарную дапамогу курчанам. Астатнія 15% назвалі імёны самых пажаданых артыстаў, сярод якіх Shaman, Алег Газманаў, Іна Вальтар, Леанід Агуцін і Anna Asti — самыя ярыя прыхільнікі вайны. Карыстальнікі адзначаюць, што без удзелу Shaman праводзіць канцэрт няма сэнсу.
Акопныя свечы для «другой арміі свету»
У Ніжнім Ноўгарадзе ад правядзення Дня горада таксама не адмовіліся — ён ужо прайшоў 17 жніўня.
Уся праграма свята была прысвечана вайне: так, жыхары горада напісалі больш за 4 тысячы лістоў удзельнікам «СВА» ў рамках акцыі «Ліст герою», пагутарылі з байцамі і «героямі СВА», зрабілі больш за 700 акопных свечак на фронт, прымерылі экіпіроўку акупантаў, пакіравалі беспілотнікамі ды азнаёміліся з экспазіцыяй Музея «СВА». Напрыканцы ўдзельнікі афармлялі дзіцячыя каляскі, ровары і самакаты, а затым ішлі парадам па вуліцах горада.
Парад на Дзень горада ў Ніжнім Ноўгарадзе 17 жніўня 2024 года
З гэтай невялікай выбаркі можна падкрэсліць відавочную аксіёму — жаданне міру ў тыповага расійца з’яўляецца толькі разам з рэгулярнымі прылётамі беспілотнікаў па ўласным горадзе.