Як сёння працуе беларуская прапаганда?
«Лагічна дапусціць, што існуе нейкая міждзяржаўная прапагандысцкая планёрка».
Пра трэнды беларускай прапаганды і яе новыя захады БАЖ пагутарыў з намеснікам дырэктара Беларускага раследавальніцкага цэнтра (БРЦ) Аляксандрам Вастровым.
Беларуская прапаганда ніколі не вызначался сваёй крэатыўнасцю: што загадаюць, тое і разносіць. Аўдыторыя дагэтуль ўспрымае прапаганду як нешта прымітыўнае і грубае, злепленае на каленях. Кувалда ў руках Азаронка — вось сімвал беларускай прапаганды.
Аднак не варта яе недаацэньваць. Белпол нядаўна апублікаваў расследаванне, як працуе ботаферма «Мінскай праўды». Аказваецца, прапаганда развіваецца і эксперыментуе: каб даць ёй сур’ёзны адпор, трэба сур’ёзна да яе паставіцца.
Прапаганда развіваецца і эксперыментуе
— Кейс «Мінскай праўды» паказвае, што прапаганда выбудавала сістэмную працу. Падобна, што ў Мінскім раёне адпрацоўваецца перадавы эксперыментальны вопыт, які затым будзе распаўсюджвацца па іншых рэгіёнах; напэўна, гэты працэс ужо пачаўся, проста іншыя рэгіёны трохі адстаюць.
«Мінская праўда» эксперыментуе з рознымі фарматамі. Напрыклад, у іх ёсць ютуб-канал, вельмі лёгкі, дзе вядучы малады хлопчык жартачкамі расказвае пра палітыку. Абласная газета мае тэлеграм-канал, спрабуе развіваць сур’ёзныя каналы дэзінфармацыі — на розную аўдыторыю, з разлікам на тое, што інфармацыя ўсплыве калі не ў адным, дык у другім месцы. Такога ў іншых рэгіёнах нашы рэсёрчары пакуль не заўважалі.
Але: калі раней рэгіёны былі мёртвымі, то цяпер мясцовае тэлебачанне стала весялей слухаць і глядзець. Прапагандысты самі кажуць, што цяпер у кожным раёне ёсць свой «Клуб рэдактараў». Яны гэта так называюць: збіраюць нейкіх двух-трох экспертаў, якія могуць сфармуляваць хоць нейкі ідэалагічны парадак дня.
Спачатку гэта ўяўляла сабой зусім сумнае відовішча, а цяпер, відаць, шукаюць таленты на месцы і эксперыментуюць. Напрыклад, у Гомелі ёсць ютуб-канал, які досыць весела абмяркоўвае розную лухту. Мяне гэта абсалютна не кранае, але фармат бодранькі і дынамічны, які нават можа прыцягнуць нейкую аўдыторыю.
Прапаганда развіваецца, эксперыментуе — і для нас гэта не дужа добра. У рэгіёнах выбудоўваюцца прапагандысцкія структуры, праўда, там я пакуль не бачыў цікавых тэлеграм-каналаў: магчыма, яны проста яшчэ ствараюцца.
На рэспубліканскім узроўні прапаганда таксама развіваецца па прыкладу «Мінскай праўды»: важныя тэмы ўздымаюцца сінхронна, усе раптам пачынаюць гаварыць адно і тое ж.
— Значыць, дзейнасць беларускай прапаганды каардынуе адзін цэнтр?
— Цэнтр існуе адназначна, праўда, цяжка вызначыць, дзе ён знаходзіцца: ці то ў Беларускім інстытуце стратэгічных даследаванняў (БІСІ), ці то ў лукашэнкавай прэс-сакратаркі. Але яшчэ падазраю, што існуе агульны каардынацыйны цэнтр і з Расіяй, бо парадак дня беларускай і расійскай прапаганды ўва многім пераклікаецца: расіяне ўздымаюць тэму — беларуская прапаганда падхоплівае, пэўныя наратывы распаўсюджваюцца сінхронна. Лагічна дапусціць, што існуе нейкая міждзяржаўная прапагандысцкая планёрка.
Ведаю з уласнага досведу, што раней адміністрацыя Лукашэнкі па пятніцах праводзіла планёркі наконт таго, якія тэмы ўся дзяржпрэса павінна падымаць на наступным тыдні, а пра што маўчаць.
Прыкладна тое ж самае адбываецца і на ўзроўні Беларусі і Расіі.
Рэжым збірае пад сваё крыло блогераў
— Прапагандысцкая дзейнасць – гэта найперш кадры і грошы. Адкуль усё бярэцца?
— Журфак працягвае працаваць.
— Дык там жа яшчэ зялёныя дзеці…
— …з якіх якраз добра ляпіць «салдат інфармацыйнай вайны»: мозг яшчэ не адужаў. Усе журфакаўцы лічаць, што яны лепшыя журналісты ў свеце, ува ўсіх амбіцыі, усе хочуць праявіць сябе. У чым перабудавалася прапаганда? Яна ўспомніла пра моладзь. А хто пра моладзь лепш раскажа, калі не яна сама? Беларускі рэжым у 2020 годзе сутыкнуўся з кадравым голадам, дык цяпер улады арганізуюць школы блогінга, збіраюць пад сваё крыло крэатыўных людзей.
Варта адзначыць, што праца з блогерамі — гэта новы трэнд беларускай прапаганды.
Цягнуць да сябе ўсіх, хто спрабуе сябе ў блогерстве: хай спачатку хоць пра надвор’е здымае відосы, а пасля, калі падыйдзе, можна і да палітыкі дапускаць. Дзейнічаюць метадам спроб і памылак. Таму цяпер дзяржаўныя рэгіянальныя медыя прытулілі пад сваіх крылом а‑ля блогераў, некаторыя працуюць нават у штаце.
Апрача таго, прапаганда гуртуе вакол сябе замежных блогераў, а дакладней, прарасійскіх актывістаў з Літвы, Латвіі, Польшчы, якія «не вытрымалі» прыўкрас заходняга жыцця і збеглі. Але збеглі чамусьці не ў Расію, а ў Беларусь. І гэтых замежных актывістаў працаўладкоўваюць ці то ў БЕЛТУ, ці ў іншыя дзяржвыданні. Літаральна нядаўна ўкраінец нямецкага паходжання ці немец украінскага паходжання асеў недзе ў Гомелі і параўноўвае: як пагана ў Германіі, і проста рай зямны – у Гомелі. На падобных кантрастах і працуюць: страшная Еўропа і класная Беларусь.
Прапагандыстаў уладкоўваюць у дзяржвыданні і фінансуюць за кошт «рэкламнага збору»
— Адкуль бяруцца грошы на такую дзейнасць?
— З 2020 года, калі з’явіліся рознага кшталту блогеры, якія падтрымалі Лукашэнку, паўстала пытанне, як іх фінансаваць.
У выніку не знайшлі іншага рашэння, як працаўладкоўваць іх у дзяржвыданні. Адпаведна, заробак ідзе з рэгіянальных і з рэспубліканскага бюджэта.
Існуе яшчэ адна крыніца фінансавання такой дзейнасці. З 1 траўня 2022 года ўказам Лукашэнкі ўведзены адмысловы збор за размяшчэнне (распаўсюджванне) рэкламы, так званы рэкламны збор. І я заўважаю, што на БЕЛЦЕ некаторыя артыкулы пазначаныя зноскай, што гэты кантэнт створаны за кошт рэкламнага збору. Напрыклад, ютуб-праект БЕЛТА «По факту: решения Первого».
Дарэчы, пра дзівосы прапаганды: Пётр Пятроўскі ды Аляксей Дзермант нават польскую мову вывучылі, каб распаўсюдзіць беларускую прапаганду на польскую аўдыторыю. Паганенька атрымліваецца, але ж стараюцца.
Трэба прызнаць, што прапаганда крэацівіць, займаецца сістэмнай арганізацыйнай працай. Яны бачаць, што нешта ўпусцілі і стараюцца выправіць памылкі, запоўніць белыя плямы. А з другога боку, узровень падачы інфармацыі, узровень дна бязмежны: калі раней яны не дазвалялі сабе нецэнзурна выказвацца ці выкідваць адкрыта здзеклівыя фэйкі, то цяпер гэта завядзёнка.
— Як можаце ахарактарызаваць цяперашні ўзровень прапаганды?
— Прапанганда выкарыстоўвае адны і тыя ж схемы — што 5 гадоў назад, што цяпер. Але змяніўся ўзровень экспертаў.
Напрыклад, той жа Гігін: разумны чалавек, чые фэйкі цяжка развенчваць, бо ён фільтруе тое, што гаворыць, апіраецца на факты. Гэта не Мукавозчык, якія транслюе толькі эмоцыі — і ніякіх думак.
Сістэма адбірала такіх людзей (але іх нямнога, скажу шчыра), узровень «экспертаў» падвысіўся, у іхніх вачах з’явіўся аганёк; прапаганда за кошт радыкалізацыі можа зачапіць пэўную аўдыторыю. А можа і адпугнуць.
— Падсумуем. Шчупальцы беларускай прапаганды распаўзаюцца па ўсёй краіне, а сама прапаганда не мае ніякага дна?
— Адназначна.